Школа для дырэктараў

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

З 8 па 11 красавіка ў навуковай чытальнай зале бібліятэкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў адбылася Школа дырэктараў гарадскіх і раённых сетак публічных бібліятэк Беларусі “Мастацтва дзейснага кіравання”.

Ініцыятарамі мерапрыемства, якое прайшло пад эгідай ББА, былі бібліятэка Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, Камітэт па кадрах і бесперапыннай бібліятэчнай адукацыі Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі і Інстытут імя Гётэ ў Мінску. Навучанне адбывалася ў выглядзе лекцый-прэзентацый, трэнінгаў, майстар-класаў, творчых майстэрняў, “круглых сталоў”.
Мэтай Школы дырэктараў з’яўляецца павышэнне прафесійнага ўзроўню кіруючых кадраў бібліятэк рэспублікі, развіццё прафесійных міжнародных камунікацый кіраўнікоў бібліятэк.
З гэтай нагоды да беларускіх “трэнераў” далучыліся прафесар кафедры бібліятэчнага і музейнага менеджменту факультэта бібліятэчна-інфармацыйных дысцыплін Вышэйшай школы тэхнікі, эканомікі і культуры доктар Маркус Вальц з Лейпцыга і дацэнт, галоўны рэдактар бібліятэчна-бібліяграфічнай класіфікацыі, в.а. прафесара кафедры бібліятэказнаўства Акадэміі перападрыхтоўкі кіруючых кадраў культуры, мастацтва і турызму, заслужаны дзеяч культуры Расіі Эдуард Сукіасян.
Падчас вучобы ўдзельнікі пазнаёміліся з тэхналогіямі кіравання і новымі падыходамі да арганізацыі персаналу бібліятэкі, з метадамі ўкаранення інавацый у дзейнасць бібліятэкі, прайшлі трэнінг па выяўленні арганізацыйна-псіхалагічных асноў інавацыйнай дзейнасці кіраўнікоў. Вывучаліся дырэктарамі гарадскіх і раённых сетак публічных бібліятэк прыклады вырашэння канкрэтных задач кіравання. Да ўсяго, Эдуард Сукіасян прачытаў адкрытую лекцыю на тэму “Сучаснае ў сферы каталагізацыі і класіфікацыі: праз 2 гады” і правёў адкрыты семінар “Сучасная бібліятэка і новыя інфармацыйныя тэхналогіі”.

Настасся ПАНКРАТАВА