Тыдзень крэатыву ці люстэрка рэчаіснасці?

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

На працягу бягучага тыдня ў сталіцы праходзіла рэпрэзентатыўна-творчая акцыя “Minsk design week” — “Мінскі тыдзень дызайну”. Яна складалася з дзвюх выстаў: адна пад адкрытым небам набярэжнай Свіслачы побач з Верхнім горадам, другая — у памяшканні Футбольнага манежа на праспекце Пераможцаў. Таксама на фоне экспазіцыі спецыялізаванай выставы “Мэбля. Дызайн. Навацыі” праходзілі лекцыі і майстар-класы.

/i/content/pi/cult/584/12919/14-1.jpgТой, хто чакаў ад “…Тыдня дызайну” нейкіх неверагодных адкрыццяў, меў настрой пабачыць нешта надзвычайнае, хутчэй за ўсё быў у пэўнай ступені расчараваны. Між тым для прафесійнікаў гэта акцыя безумоўна была карыснай. Найперш таму, што яе “відэашэраг” адлюстроўваў рэальную столь крэатыву праекціроўшчыкаў мэблі, святла, іншых прыладаў жытла, і наяўны патэнцыял прамысловасці, задзейнічанай на ўладкаванне побыту сярэднестатыстычнага жыхара Беларусі. Гэта значыць, чалавека не надта багатага, але які можа калі-нікалі дазволіць сабе некаторыя атрыбуты прыгожага жыцця і высокага стылю. Зразумела, кожны ўдзельнік піярыў сябе і сваю мануфактуру, майстэрню, студыю. Так што не толькі зместам, але і духам імпрэза не адрознівалася ад выставы-продажу. Я да гэтай акалічнасці стаўлюся спакойна, бо ведаю, што чалавек па жыцці шануе крамы больш за музеі і тэатры, а выправіўшыся за мяжу, менавіта (і найперш) праз шопінг атрымлівае ўяўленне пра краіну. Да таго ж дызайн, як і ўсялякая іншая творчая дзейнасць, незалежна ад дэклараваных прынцыпаў і спасылак на духоўныя каштоўнасці, мае канкрэтнай мэтай вітрыну і прылавак. “Не продается вдохновенье, но можно рукопись продать”, — слушна казаў паэт, чыя творчасць лічыцца эталонам рускага пісьменства.

Што ж можа сказаць пра стан нашага дызайну вітрына/прылавак сталічнага Футбольнага манежа? Найперш тое, што сярод праекціроўшчыкаў і прадпрымальнікаў мала ахвочых глядзець у будучыню, дбаць пра стварэнне ўласнага стылю, які мог бы стаць нацыянальным брэндам. Такога стылю, які можа і не выйшаў на сусветны рынак, але стварыў бы рэальную канкурэнцыю замежнай прадукцыі ў самой Беларусі. Атрымліваецца, што разам з заходнімі тэхналогіямі мы імпартавалі і распрацаваныя замежнікамі прынцыпы функцыянальнага і эстэтычнага формаўтварэння. На фоне татальнага, уніфікаванага міжнароднага стылю, як гэта не падаецца на першы погляд дзіўным, эфектна глядзяцца вырабы, дзе імітуюцца ўзоры традыцыйных прылад вясковага побыту. Гэта нешта сярэдняе паміж мэбляй і драўлянай скульптурай. Хутчэй за ўсё, аўтары такой мэблі не дыпламаваныя дызайнеры, а майстры-саматужнікі, які прыйшлі да “народнай” стылістыкі не столькі праз вывучэнне кан’юнктуры рынку, як праз інтуіцыю. Нельга сказаць, што дызайнеры цалкам ігнаруюць у праектнай справе нацыянальны чыннік. Спробы неяк выявіць беларускасць у побытавых рэчах можна ўбачыць і ў гэтай экспазіцыі. Але падыход даволі просталінейны: альбо мэбля робіцца ў колерах дзяржаўнага сцяга (скажам, адна з прадстаўленых у экспазіцыі калекцый спраектавана спецыяльна для выбарчых участкаў), альбо ў яе дэкараванні скарыстоўваюцца матывы народнага ткацтва.

Акрамя беларускіх дызайнераў і вытворцаў свае ўзоры аздобы побыту прадставілі расіяне і ўкраінцы. Паводле прэс-рэлізу, яшчэ мусілі быць прадстаўнікі сумеснай вытворчасці ЗША — Расія, Расія — Італія, ЗША — Беларусь. Прынамсі, з агульнага шэрагу, на мае вока, такія экспаненты не выбіваліся.

Мэбля бывае не толькі для кватэры і офіса, але яшчэ і для лецішча і загараднага дома. Інакш кажучы, мэбля ў кантэксце ландшафтнага дызайну. Тут мне запоўніўся праект, які сваім зместам і вобразам рэзка кантраставаў з агульным ладам гэтай выставы, на якой рэкламуецца камфорт на розную кішэню. Я маю на ўвазе твор выразна духоўнага характару — фармаванне парка (аўтар праекта называе яго Біблейскім) вакол праваслаўнага храма, што будуецца зараз у раёне Лошыцы. Бюджэтнае фінансаванне не прадугледжана, значыць, надзея на дабрачыннасць.

Футбольны манеж на праспекце Пераможцаў — вельмі зручны будынак для вялікіх, разнастайных экспазіцый, накшталт той, пра якую ідзе гаворка, але, на маю думку, лепшай экспазіцыйнай пляцоўкай сталіцы застаецца пабудаваны яшчэ напрыканцы 1960-х шкляны павільён Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі БССР. Да яго лёгка дабрацца, бо ён знаходзіцца побач і з праспектам Незалежнасці, і Верхнім горадам, і Траецкім прадмесцем. Сюды можна зайсці, проста праходзячы побач. У адрозненні ад Футбольнага манежа, куды выпраўляцца асабліва ў кепскае надвор’е можна толькі маючы сур’ёзную матывацыю. Гэта, так бы мовіць, пажаданне “на палях”…

Экспазіцыю пад адкрытым небам складалі рэчы, вонкава даволі прывабныя, на якія, хутчэй, трэба знайсці пакупніка, а не канцэптуальныя прапановы па эстэтычнай арганізацыі прасторы. Тым больш, што найвыразную і функцыянальна асэнсаваную частку гэтай вулічнай мэблі мінчане і госці сталіцы ўжо бачылі на іншых імпрэзах. Не падалася мне ўдалай спроба задзейнічаць у экспазіцыйную прастору раку Свіслач. Ідэя сама па сабе цікавая, але некалькі няўцямнага прызначэння плытоў не ўразілі, а часам прымушалі задумацца, навошта яны тут увогуле патрэбныя. А вось сярод скульптур, зробленых з металічнага смецця, былі аб’екты, вартыя ўвагі гледачоў.

Відаць, не менш важнай часткай праграмы “Тыдня”, чым згаданыя экспазіцыі, былі лекцыі і майстар-класы. Яны ахоплівалі шырокае кола праблем дызайн-дзейнасці. Гаворка ішла пра абарону інтэлектуальнай уласнасці ў галіне дызайну, эканамічнае абгрунтаванне эксплуатацыі жытла і магчымасці трохі ашчадзіць на рамонце (арганізацыя гэтай справы — таксама можа лічыццам адной з іпастасяў дызайну); як з выгодай прадаць тое, што прыдумаў; чаму ва ўмовах татальнага распаўсюду лічбавых тэхналогій дызайнеры ўсё часцей звяртаюцца да звычайнага алоўка, прагноз развіцця рынка; чаму адны аб’екты матэрыяльнай культуры дзесяцігоддзямі пазбягаюць маральнага старэння, а іншым наканаваны лёс аднадзёнак; лэнд-арт у кантэксце сучаснай архітэктуры і іншае. Спікерамі большасці насамрэч актуальных тэм былі расіяне. Яно і не дзіўна, бо ў расійскага дызайну большы, чым у нашага, досвед сацыялізацыі і больш глыбокая ўкаранёнасць у эканоміку і вытворчасць. Нярэдкія выпадкі, калі выхаванцы беларускай школы дызайну аказваюцца запатрабаванымі менавіта ў Расіі і час ад часу прадстаўляюць гэту краіну на радзіме ўжо як праекціроўшчыкі ці эксперты ў справах, дзе нам не стае свайго досведу.

Дэвізам сёлетняга “…Тыдню дызайну” стала слова “Веды”. Майстар-класы мелі мэтай азнаёміць людзей, далёкіх ад мастацтва, але тых, хто мае творчыя схільнасці, з асновамі мастацкіх рамёстваў. Заплаціўшы пэўную суму, чалавек мог пад кіраўніцтвам адмыслоўцы зрабіць выцінанку, выткаць нешта сваімі рукамі, пашыць трыкатажны швэдар, адчуць сябе ганчаром, разбяром па дрэве, фотамайстрам. Гэта, нібыта, нагадвае памятныя з савецкай эпохі кружкі самадзейнай творчасці пры дамах культуры і палацах піянераў. Але сёння з’ява перажывае рэнэсанс, і не дзе-небудзь  — а на высокатэхналагічным, татальна камп’ютарызаваным Захадзе. Псіхолагі і сацыёлагі небеспадстаўна лічаць, што аматарскі па форме, не скіраваны на заробак занятак тым ці іншым рамяством, пэўнай спецыялізацыяй дызайну не толькі лекуе нервы, але і дае шанс адкрыць у самім сабе нечаканыя здольнасці і падвысіць самаацэнку. Адным словам , карысць відавочная.

Ну а тое, што дызайнеры заняліся сваесаблівым рэпецітарствам, даўно засвоеным мастакамі, якія не заўжды маюць працу паводле асноўнай прафесіі, дык гэты знак часу. А ўжо адмоўны ці станоўчы — не ведаю… У любым выпадку жыццё калі-нікалі прымушае творчых асобаў апрацоўваць і нязвыклыя дзялянкі.

З маіх нататак можа скласціся ўражанне, што да згаданага “…Тыдню…” я стаўлюся адмоўна. Але насамрэч якраз наадварот. Зроблена немалая арганізацыйная праца, наладжана прафесійнае сумоўе, атрымала чарговае пацвярджэнне тое, што дызайн не мае межаў, а суседскі досвед можа быць нам вельмі карысным — маю на ўвазе ўдзел у нашым прафесійным свяце расіян і ўкраінцаў. Дзеля гэтага варта было рупіцца. А магчыма, кагосці гэтая сустрэча з пэўнымі формамі дызайну навучыць бачыць свет у іншым святле і раскрые уласны творчы патэнцыял. Асноўныя ж наведвальнікі выстаў “…Тыдня…” — моладзь.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"