На абцасах па “…Маску”

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

Любоў АНДРЭЕВА, салістка cанкт-пецярбургскага Тэатра балета Барыса Эйфмана, выпускніца Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа
У тэатры Барыса Эйфмана кожная роля — асобнае жыццё, якое ты пражываеш. З новай сцэнічнай работай артысты паглыбляюцца ў філасофскія пошукі, у найскладаныя перажыванні, адкрываюць неспазнанае. “Залатая Маска” за лепшую жаночую ролю стала пацвярджэннем таго, што я змагла адчуць светапогляд Майстра.

/i/content/pi/cult/584/12916/5-2.jpgСёлетняя намінацыя для мяне не першая. У 2012 годзе патрапіла ў шорт-ліст за выкананне партыі Камілы ў балеце “Радэн”, але тады ўдача абышла мяне бокам. Гэтым разам канкурэнцыя была не менш сур’ёзнай. Нават бачыць сваё прозвішча ў спісе намінантаў побач з выбітнымі балерынамі — само па сабе прэстыжна. Калі падчас урачыстай цырымоніі са сцэны прагучала маё прозвішча, я адчула шок: выбар журы стаў для мяне абсалютнай нечаканасцю.

Пераможная партыя Ніколь са спектакля “Up & down“ дапамагла пашырыць выканальніцкі арсенал. У першую чаргу — засвоіць свінгавыя танцы. Гэта было няпроста, але надзвычай цікава. Не кожны дзень ты выконваеш эйфманаўскую харэаграфію на 6-сантыметровых абцасах! Ва ўсіх спектаклях Барыса Якаўлевіча адбываецца паглыбленне ў таямніцы чалавечай існасці. У “Up & Down“ мы працягнулі гэты даследчы напрамак і паказалі ўнутраны свет псіхічна хворай гераіні, якая паступова перамагае сваю немач.

Балет Эйфмана — унікальны, ні на што не падобны свет. Гэта не толькі непаўторная пластыка, але і філасофская стыхія. Тут немагчымыя штампы і шаблоны. Барыс Якаўлевіч пастаянна знаходзіцца ў пошуку новага, а творчыя эксперыменты натхняюць і стымулююць артыстаў. Зараз наш тэатр рыхтуецца да прэм’еры балета “Чайкоўскі. PRO et CONTRA”. Гэты спектакль — вынік асэнсавання Эйфманам трагічнай фігуры кампазітара і яго творчых пакут. Я выконваю партыю Антаніны Мілюковай, жонкі Чайкоўскага, і ўкладваю ў ролю ўсе фізічныя і маральныя сілы. Таму зараз думаю галоўным чынам пра прэм’еру, якая адбудзецца 24 мая ў Санкт-Пецярбургу. А ўвогуле імкнуся не загадваць на будучыню, бо ў нашай прафесіі ніколі не ведаеш напэўна, што цябе чакае заўтра…

Вельмі многае мне дало ўсведамленне простай, але неверагодна важнай ісціны: ты сам да канца не ведаеш, якія магчымасці і рэсурсы схаваныя ў табе. Самае галоўнае — не шкадаваць сябе і не баяцца ісці наперад, хай нават дапускаеш пры гэтым памылкі. Без працавітасці, упартасці і рашучасці ніякі прагрэс немагчымы.

Дасягнуць прафесійных вышынь мне дапамагла цудоўная база: я ганаруся, што вучылася ў Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжы. Кожны з выдатных педагогаў зрабіў бясцэнны ўнёсак у маё прафесійнае фарміраванне. Вольга Лапо навучыла захоўваць прыгажосць ліній. Клара Малышава, пад чым кіраўніцтвам я выпускалася, дала тэхнічную базу і прывіла трываласць. Пасля тры гады выступала на сцэне Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Калі прыходзіш у трупу, па сутнасці, пачынаеш усё з нуля: неабходна наноў даводзіць, што маеш здольнасці, заваёўваць давер. Я заўсёды хутка вучыла матэрыял, таму амаль адразу змагла патрапіць у асноўны склад кардэбалета, а потым выходзіць у сольных партыях. Такі прагрэс адбыўся дзякуючы плённай працы сумесна з шыкоўным педагогам Таццянай Шэметавец. Я заўсёды рада прыязджаць на радзіму з гастролямі і танчыць на роднай сцэне (хоць выступаем у Беларусі не так часта, як хацелася б). Шкада, што мяне не запрашаюць у Мінск. Магчыма, не ўсе прынялі мой крок — ад’езд у Санкт-Пецярбург. Але я згадваю перыяд працы ў Вялікім са шчырай цеплынёй і ўдзячнасцю. Без гэтага каштоўнага досведу я ніколі не стала б тым, кім з’яўляюся зараз.

Фота з Facebоok Любові Андрэевай

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"