Далёкі, дзівосны...

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

25 красавіка ў Гомельскай абласной бібліятэцы адбылася прэм’ера спектакля “Далёкі дзівосны свет” па маёй п’есе, якую напісаў гадоў дзесяць таму. І калі мы “вярсталі” план работы на 2016-ы, уключылі і яе пастаноўку сіламі народнага тэатра “Гракі”, што дзейнічае пры нашай установе. Так усё і атрымалася.

/i/content/pi/cult/584/12915/5-1.jpgСпектакль — пра чарнобыльскіх самасёлаў, якія пасля адсялення паблукалі па свеце ды вярнуліся ў родную палескую вёску на Брагіншчыне. Гэта звычайныя сельскія людзі з выдуманымі абагульненымі вобразамі. Але ў большасці з іх ёсць свой рэальны прататып. Маю на ўвазе і сваіх маму, бацьку. І многія сюжэтныя гісторыі — таксама рэальныя.

Так што ў пэўнай ступені п’еса ўтрымлівае біяграфічныя моманты майго роду. Да прыкладу, маці галоўнага героя згадвае, як у маладосці яе човен ад хвалі перакуліўся і яна скіравалася ў вадзе не да берага, а на сярэдзіну ракі, куды плыў згублены чырвонец... Пра гэта мне расказвала мая мама. Як і пра тое, як я вучыўся хадзіць, адчуваць свет і радавацца жыццю. Тыя расповеды я ўключыў у п’есу. Але і выдуманага — шмат. Герой вяртаецца на радзіму, якую не бачыў шмат гадоў. Ужо няма Савецкага Саюза, ужо здарылася чарнобыльская бяда. Яго сустракае зусім іншы свет.

У чым ідэйны змест п’есы? Далёкі дзівосны свет — гэта і шчаслівае бясхмарнае дачарнобыльскае мінулае, і неўміручая светлая надзея на тое, што гэткай жа бяспечнай станецца і будучыня. У п’есе драматычна-камедыйных момантаў хапае, а вось змрочнасці няма. Рэжысёрская пастаноўка толькі ўзбагаціла матэрыял. Дарэчы, рэжысёрам у “Граках” выступае па сумяшчальніцтве акцёр Гомельскага абласнога драмтэатра Сяргей Пазняк. З ім мы рабілі некалькі паспяховых спектакляў. Апошні гледачы таксама прымаюць вельмі прыязна, мяркуючы па прэм’еры. Бачыў пасля спектакля і заплаканыя твары. Асобныя гледачы падыходзяць, выказваюць словы ўдзячнасці. Атрымліваецца, мы сваю справу сумленна зрабілі. Два месяцы рыхтаваліся да прэм’еры. Я вельмі ўдзячны рэжысёру, сваім калегам. І нават не за ўвагу да маёй творчасці, а за рэалізаваную магчымасць хоць нейкім чынам уваскрасіць родных майму сэрцу людзей. Для мяне гэта вельмі важна!..

Вёска з п’есы Вялікія Іваны мае правобраз на Брагіншчыне — вёску Гдзень. Гэта мая радзіма. Пад час катастрофы на ЧАЭС я вучыўся ў Мінскім інстытуце культуры, быў у Мінску. А вёску маю, маму, тату ўвесну 1986-га адсялілі ў… іншую вёску Брагінскага ж раёна. Бацькі жылі на кватэры ў чужых людзей. Вельмі дзіўная сітуацыя была. Летам пасля працы ў студэнцкім будаўнічым атрадзе я наведаў бацькоў, адчуў і зразумеў іх настрой. Яны не хацелі жыць за чужы кошт, не бачылі перспектыў, вельмі перажывалі. Не надта здзівіўся, калі ці не ўсе мае землякі вярнуліся недзе восенню ў Гдзень. Яна і па сёння жывая: ёсць моладзь, ёсць і дзеці. У школу і дзіцячы садок іх возяць у гарпасёлак Камарын. Часта езджу у Гдзень на Радуніцу. Малодшы брат там жыве. А бабулі, таты з мамай няма.

Натуральна, кожны спектакль “Гракоў” скіраваны на папулярызацыю кнігі, чытання. За тры дзясяткі гадоў пра чарнобыльскую бяду шмат напісана. І гэтыя кнігі на паліцах не залежваюцца. Але тэма, на мой погляд, распрацоўваецца па-рознаму. Папулярнасцю, да прыкладу, карыстаецца раман Івана Шамякіна “Злая зорка”. У паэзіі, на мой погляд, сумленна працуе ў дадзеным кірунку Міхась Башлакоў. Калі аўтару сапраўды баліць, неабыякавым застаецца і чытач. Вельмі хацелася б, каб і надалей нашы пісьменнікі заставаліся шчырымі. Бо мастацкае слова на многае здатнае.

Фота са старонкі Юрыя Максіменка ў сацыяльнай сетцы

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"