Радзей, але якасна і эканомна

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

“Палессе сёлета не пакліча” — сумна заўважаюць карыстальнікі сацыяльных сетак, маючы на ўвазе памяншэнне перыядычнасці рэспубліканскага фестывалю “Покліч Палесся”, што раней праходзіў на міжнародным узроўні раз на два гады ў Ляскавічах Петрыкаўскага раёна.

Да фестывалю прымяркоўваўся маладзёжны этналетнік, яго лёс пакуль незразумелы. Але вынікі даследаванняў, што ладзілі ўдзельнікі летніку ў 2014 і 2012 гадах, — значныя, нават выйшла кніга.

Дык што атрымалася пасля ўпарадкавання спісу рэспубліканскіх і абласных мерапрыемстваў? Некаторыя фестывалі з абласных сталі рэгіянальнымі і наадварот; зменшылася перыядычнасць шэрагу падзей. Напрыклад, на Магілёўшчыне вырашылі ладзіць “Залатую пчолку” і “Вянок сяброўства” не штогод, як раней, а раз на два гады. Дырэктар Магілёўскага абласнога метадцэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Алег Хмялькоў пракаметаваў сітуацыю так: “Мы гэтаму рады, бо бачылі, што ў апошні час мерапрыемствы сталі “выдыхацца”, шукалі новыя шляхі і падыходы да іх развіцця. Змяншэнне перыядычнасці дапаможа лепш падрыхтавацца, правесці фестывалі на належным узроўні. Лепш менш, ды якасна: мы за колькасцю ніколі не гналіся”. Міжнародны форум традыцыйнай культуры, што звычайна праходзіць у Магілёве ўвосень, застаецца штогадовым. “Мы яшчэ не вызначыліся з тэрмінамі, але адмаўляцца ад мерапрыемства не плануем. Гэта адзіная падзея такога маштабу ў Беларусі, таму будзем трымаць марку. Але хвалюе недастатковая ўвага прэсы...”

На Міншчыне з абласных фестываляў у галіне традыцыйнай культуры штогадовым застаўся толькі “Драўляная скульптура”, які сёлета пройдзе ў Беразіне. Раз на два гады, як і раней, будзе праходзіць “Гліняны звон” у Івянцы. З рэгіянальных “падняліся” на абласны ўзровень фестывалі “Матчыны кросны” ў Старых Дарогах і свята дзіцячай творчасці “Калыска талентаў” у Клецку. Яны будуць праходзіць раз на тры гады. “Гэта зэканоміць бюджэтныя сродкі,” — кажа метадыст аддзела традыцыйнай культуры Абласнога цэнтра народнай творчасці Віталь Каспяровіч.

“Фестывальную сітуацыю” ў кожнай вобласці бачаць па-свойму. Спадзяемся, упарадкаванне пойдзе імпрэзам на карысць.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"