Арнамент надакучыў?

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

У Нацыянальнай школе прыгажосці другі раз прайшоў фестываль “Этна-стыль”. Сёлета можна было паглядзець на дызайнерскае адзенне з ужываннем нацыянальных матываў, антыкварныя швейныя машынкі, выставу традыцыйнай вясельнай атрыбутыкі ад Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, фотавыставу “Нашы людзі” студыі “Пілігрым”. Для ахвочых сфатаграфавацца — інсталяцыі з прадметаў традыцыйнага побыту, для аматараў шопінгу — прадукцыя брэндаў “Elen Carotte” i “Fainy”, а таксама рэчы, выкананыя ў тэхніцы лапікавага шыцця.

/i/content/pi/cult/584/12911/6-3.jpgПлануецца, што ў касцюме адной з калекцый-пераможцаў, якую вызначыць журы на чале са старшынёй Беларускага саюзу дызайнераў Дзмітрыем Сурскім, будзе прэзентаваць Беларусь у намінацыі “Нацыянальны строй” прадстаўніца краіны на конкурсе "Міс свету". Прыгадваючы папярэдні вопыт, калі ўдзельніца ад Беларусі выйшла ў стылізаваным рускім сарафане і какошніку, хацелася б усё ж пазбегнуць залішняй экстравагантнасці. Аўтэнтычны строй і так дастатковая экзотыка, калі на яго глядзяць прадстаўнікі іншых краін, тым больш далёкіх.

Сярод выкарыстаных дызайнерамі калекцый матываў — геаметрычны арнамент, слуцкія паясы, шляхецкі строй, саламяныя вырабы. У калекцыі “Клында” Таццяны Кушнеравай і Наталлі Якутовіч можна было пазнаць тканіны аршанскага льнокамбіната. Цікава бачыць звыклыя ўзоры ў такіх нязвыклых спалучэннях, але гэта адначасова замінае ўспрыняць калекцыю як эксклюзіў на ўсе сто.

У калекцыі “Васількі” Марыны Гардзейчык — стылізаваныя саламяныя вянкі. З аднаго боку, такія галаўныя ўборы глядзяцца кідка, а з іншага — бадай ніхто з дызайнераў не выкарыстаў матывы наміткі, скіндачкі, тканкі, нават хусткі. Саламяныя вянкі не маюць адпаведнікаў у вясковай культуры, іх “панаванне” пачалося ад дзейнасці беларускіх мадэльераў савецкага часу. У Кацярыны Самавукінай (калекцыя “Метафара”), праўда, прамільгнула шапка-вушанка на дзяўчыне. У той жа час мадэлі дэманстравалі гэту калекцыю басанож. І што б гэта значыла? Антаніна Сурыновіч (калекцыя “На досвітку”) зрабіла адсылку да сярэднявечнага жаночага галаўнога ўбора. У Кацярыны Кабанавай (калекцыя “Паэтка”) — нешта кшталту ўсходняга цюрбану.

/i/content/pi/cult/584/12911/6-4.jpgУ калекцыях Марыны Луневай, Антаніны Сурыновіч і Настассі Фальковіч — вянкі са стылізаваных кветак, некаторыя з якіх нагадваюць вясковыя вясельныя галаўныя ўборы пасляваеннага часу, толькі без фаты. Магчымы і ўкраінскі ўплыў: у крамах біжутэрыі зараз вельмі папулярныя вянкі “пад народныя”, мода на якія прыйшла з Кіева.

Настасся Фальковіч у калекцыі “Ракаўскі куфэрак” выкарыстала геаметрычны арнамент. Змешчаны ў нехарактэрных для традыцыйнага строя частках вопраткі, значна павялічаны ў параўнанні з аўтэнтычнымі ўзорамі, ён збольшага ўсё ж застаўся выкананым у традыцыйнай бела-чырвонай гаме. Незразумела толькі: чырвоныя мужчынскія кашулі з белым арнаментам — гэта інверсія традыцыйных беларускіх колераў ці адсылка да рускіх кумачовых кашуль? Рэчы (дзіцячыя і дарослыя) глядзяццая прывабна, падыходзяць не толькі для подыуму, але і для нашэння штодзень. Тое ж можна сказаць пра калекцыю вязаных вырабаў Уладзіміра Рамановіча. Вольга Жураўлёва (калекцыя “Сучасная гарадская мода”) таксама стварыла вопратку, прыдатную для носкі штодня з арнаментальнымі матывамі.

Кацярына Меднікава ў калекцыі “Slav Asia” выкарыстала ўсходнія матывы. Алена Канойка ў калекцыі “Агняцвет” — таксама быццам бы ўсходнюю вязь, змясціўшы яе на некаторых прадметах у адпаведнасці з арнаментацыяй беларускага традыцыйнага адзення.

“Ракаўскі куфэрак”, “Дрэвы Рагнеды”, “Ranica”, “Сармат” — дызайнеры выкарыстоўвалі адсылкі да беларускай сялянскай і шляхецкай культуры не толькі ў візуальным шэрагу, а і ў назве калекцый. Не абышлося без “Васількоў”.

Падчас адкрыцця фэсту дзейнічала інсталяцыі “Этнадрэва”. Для яе была выкарастана сапраўдная вясковая жаночая кашуля, з вышыўкай ды зборкамі. У чалавека зацікаўленага адразу ўзнікае пытанне: адкуль тэкстыль? Зразумела, што арт-аб’ект навуковым пашпартам не падпісваюць, але ўсё ж.

Некаторыя наведвальнікі прыйшлі ў рэчах уласнага вырабу ў этнічным стылі. Дзяліліся ўражаннямі. Камусьці не хапіла маштабу імпрэзы, камусьці — густоўнасці дызайнерскіх стылізацый. Казалі пра тое, што надакучыў ужо арнамент, які “лепіцца” ўсюды, затое радаваліся выкарыстанню палосак. Каментатары выказваліся і наконт выгляду мадэляў: чаму хлопцы з татуіроўкамі? Нетрадыцыйна гэта! Нехта здзіўляўся бародам, маўляў, беларусы не насілі.

Гэта ўжо другі фестываль, першы быў у лістападзе 2015 г. Цікава, што арганізатары не сталі чакаць год, каб паўтарыць імпрэзу. Аўтарам ідэі першага фестывалю была Ларыса Мятлеўская, спецыяліст па традыцыйным касцюме. Увагі да мерапрыемства з боку прэсы і наведвальнікаў з таго часу паболела. Традыцыйная культура пакуль у трэндзе.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"