Забароненыя тэмы

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

Неадназначныя сэлфі, непажаданыя аголеныя, узроставы цэнз для музейных афіш і чаму за фон Трыера можна паціснуць руку Ніне Ціханаўне
Гэтым разам члены рэдакцыі “К” завіталі на кафедру тэорыі і метадалогіі журналістыкі Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, каб паразважаць разам з прафесарам, доктарам філалагічных навук, старшынёй Рэспубліканскай экспертнай камісіі па супрацьдзеянні прапагандзе парнаграфіі, гвалту і жорсткасці (а яшчэ і сябрам рэдакцыйнага савета газеты) Нінай ФРАЛЬЦОВАЙ пра забароненыя тэмы ў жыцці і мастацтве.

/i/content/pi/cult/584/12910/6-1.jpg— Камісія існуе з канца 1980-х. Тады пачала ўзнімацца “жалезная заслона”, і на савецкі рынак трапіла хваля твораў, якія мы раней не бачылі. Напрыклад, кніжныя развалы запаланіла эратычная літаратура, чый змест мог быць на мяжы фолу, часопісы з пікантнымі ілюстрацыямі і тэкстамі “з пярчынкай”. Зусім іншымі сталі магчымасці распаўсюду кінапрадукцыі, бо з’явіліся прыватныя дыстрыб’ютары: балазе у Савецкім Саюзе існаваў кінарынак з найвялікшай сеткай кінатэатраў, прыватнікам стала цікава і прыбыткова займацца пракатам. Карацей, патрабавалася якімсьці чынам сартаваць гэту справу. Тады міністрам культуры БССР працаваў Яўген Вайтовіч. Было вырашана ўзяць за ўзор працу адпаведнай камісіі ў Вялікабрытаніі. Цяперашні міністр культуры Барыс Святлоў, на той час — памочнік Вайтовіча, паехаў у Аб’яднанае Каралеўства, каб з першых вуснаў даведацца ўсе нюансы і перспектыўныя магчымасці існавання такой арганізацыі. І ў хуткім часе пры Мінкультуры ўзнікла экспертная камісія па еўрапейскім прыкладзе.

— За гэтыя часы склад яе змяніўся? Цікава, які працэнт месцаў у ёй аддадзены мастацтвазнаўцам?

— У дакументах, якія прыходзяць да нас, пазначана: “Пастанова аб правядзенні мастацтвазнаўчай камісіі”. Заўсёды яе ўзначальвалі паважаныя людзі, скажам, у свой час гэта былі дактары мастацтвазнаўства Рычард Смольскі і Анатоль Красінскі. Колькасны ж склад камісіі нязменны: 13 чалавек. Зараз у яе ўваходзяць два ўрачы, тры спецыялісты з Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, прадстаўнік Міністэрства адукацыі… Са сферы культуры і мастацтва, не лічачы мяне, — генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Ігар Поршнеў, загадчык аддзела ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Антаніна Карпілава, прафесар кафедры мастацтва эстрады Універсітэта культуры і мастацтваў Ірына Смірнова, начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння інавацыйнага развіцця сферы культуры Інстытута культуры Беларусі, сацыёлаг Ірына Голубева, доктар філасофскіх навук і спецыяліст па эстэтыцы Вадзім Салееў, адказны сакратар камісіі — Наталля Гурына з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Як бачыце, аснову складаюць мастацтвазнаўцы.

— Што ўваходзіць у кола абавязкаў экспертаў?

— Наша рашэнне носіць рэкамендацыйны характар. Па інструкцыі, яно прымаецца калегіяльна: 50% галасоў плюс адзін. Вызначаем, скажам, ці парнаграфія перад намі. Ужо гадоў дваццаць, як да нас звяртаюцца ўладальнікі секс-шопаў па ліцэнзію, што прадукцыя, якую яны прапануюць, будзе выключаць парнаграфічныя моманты. Унутры такіх крам нават бываюць неблагія карціны і фатаздымкі эратычнага характару. Зрэшты, я зноў увяла б плату індывідуальным прадпрымальнікам за атрыманне ліцэнзіі на публічную дэманстрацыю такога кшталту матэрыялаў. Напрыклад, адчыняецца стрыптыз-клуб — грошы ідуць у бюджэт дзяржавы… Зараз гэта адбываецца бясплатна.

Такую ж ліцэнзію атрымліваюць абгорткі для прэзерватываў. Дыстрыб’ютары хочуць зрабіць упакоўку кідкай, але тавар прадаецца праз гандлёвую і аптэчныя сеткі, дзе бываюць розныя наведвальнікі. Мы даем тлумачэнні, якім чынам распаўсюджваць эратычную прадукцыю, каб не парушыць закон, напрыклад, спецыфічныя часопісы прадаваць толькі ў непразрыстай вокладцы, у месцах, якія аддалены ад школ і дзіцячых садкоў, не дапускаць на стрып-шоу і ў секс-шопы непаўналетніх і гэтак далей. Ставім узроставыя абмежаванні для пракату фільмаў.

У новым тысячагоддзі праваахоўныя органы ацанілі грамадскую, эканамічную, інфармацыйную небяспеку, што нясе парнаграфічная прадукцыя. Зараз пры кожным раённым упраўленні ўнутраных спраў ёсць упраўленне па наркакантролі і гандлю людзьмі, адзін з афіцэраў якога займаецца пытаннямі супрацьдзеяння прапагандзе парнаграфіі. Мы з імі шчыльна супрацоўнічаем.

— А як вы можаце супрацьдзейнічаць распаўсюджванню?

— Мы даем ацэнку, ці адносіцца прадстаўлены матэрыял да парнаграфіі. Меры прымаюць праваахоўныя органы. Калі яны прадставілі матэрыял, адпаведна, вылічылі гэтых людзей. А далей дакументы перадаюцца спачатку дазнавальнікам, потым ў Следчы камітэт, а лёс чалавека вырашае суд. Раней можна было прызначыць штраф і абысціся без крымінальнага пераследу. Зараз гэтая норма адменена. На мой жа погляд, дадзеная сфера з’яўляецца вельмі тонкай матэрыяй, і можна незнарок памыліцца, абвінаваціўшы невінаватага…

Я ўжо прасіла вышэйстаячыя органы абазначыць, што такое мастацтвазнаўчая экспертыза. Бо ні ў працэсуальным, ні ў адміністрацыйным кодэксах няма азначэння гэтаму тэрміну. За працу мы нічога не атрымліваем — усё на грамадскіх пачатках. Аб’ём працы ў камісіі вырас за апошнія пяць гадоў у геаметрычнай прагрэсіі, у разы пашырылася сфера дзейнасці. А ў нас — маленькі пакойчык з двума пісьмовымі сталамі і сейф. Нават няма магчымасці весці архіў…

— Да Беларусі дайшла сусветная мода: у Мінск не так даўно прывозілі выставу старадаўніх прылад для катаванняў…

— Так, гэта папулярны ў свеце трэнд. У такога кшталту экспазіцыях нічога адмоўнага няма, бо яны дэманструюць артэфакты, пакрытыя пылам гісторыі. Іншае пытанне, што папярэдне школьнікаў неабходна падрыхтаваць, паразважаць з імі на дадзеную тэму. У дзяцей ёсць тры кантрольныя этапы ўзросту: ад 3 да 5 гадоў (у гэты час можа праявіцца і жорсткасць, і насілле, і цікавасць да сексуальнасці, але бацькам неабходна больш увагі надаць дзецям, усе негатыўныя моманты хутка пройдуць), потым перыяд палавога выспявання, а пасля 14 гадоў дзіця фарміруецца як асоба, яно ўжо гатовае да самааналізу. Калі вы ведзяцё дзіця да 16 гадоў у падобнага кшталту музей, то паспрабуйце загадзя даць лагічную ацэнку таго, што ён там пабачыць.

/i/content/pi/cult/584/12910/6-2.jpg— Зараз фарміруецца Кодэкс аб культуры. У яго рамках прапануюць зацвердзіць абавязковае ўзроставае абмежаванне ўсіх катэгорый фільмаў. Можа, і на музейныя афішы ставіць такія пазнакі?

— Мне падаецца, для выстаў агаворваць узроставы цэнз не трэба. Зразумейце: адна справа пабачыць артэфакты ў рэальным памеры, іншая — паказаць на ўвесь экран фрагменты цела ў непрыглядным ракурсе. У музеі няма адмысловага гукавога суправаджэння, інтэрактыўных інструментаў уздзеяння. Тут дастаткова тлумачэння экскурсаводаў. Кінематограф мае іншыя формы рэалізацыі бачання рэчаіснасці, здзяйсняе комплексны ўплыў на ўспрыманне.

— Адказныя касіры не прадаюць білеты на фільмы, калі візуальна пакупнік нашмат маладзейшы за ўзроставы цэнз. Аднак школьнік прыйдзе дадому, і ніхто яму не перашкодзіць паглядзіць той жа фільм у Інтэрнэце. Ці эфектыўная праца камісіі, калі ў Сеціве ўсё маецца ў адкрытым доступе?

— Памятаю, якую неверагодную папулярнасць ва ўсім свеце набыла надрукаваная ў 1980 годзе кніга Элвіна Тофлера “Трэцяя хваля”. Там гаварылася пра новыя магчымасці постіндустрыяльнага грамадства ў адукацыі, навуцы, пазнанні. Але нават самыя вядомыя і таленавітыя навукоўцы не маглі прадбачыць дынаміку развіцця Інтэрнэту ў тым кірунку, калі людзі пачнуць размяшчаць на ўсеагульны агляд матэрыялы, якія па вызначэнні не могуць насіць публічны характар.

— Вы маеце на ўвазе персанальныя старонкі ў сацыяльных сетках?

— Так. Паверце, фільмы з элементамі эротыкі — гэта такая дробязь! Людзі на свае кроўныя набываюць дарагія айфоны, потым робяць неадназначныя сэлфі ці падглядаюць за кімсьці, а затым выкладаюць пікантныя здымкі і відэа ў Сеціва. Яны чамусьці не разумеюць, што лічбавыя тэхналогіі сталі настолькі дасканалымі, што не ўяўляе цяжкасці знайсці ваш электронны адрас, нават калі вы карыстаецеся мабільным гаджэтам. Асноўная канцэнтрацыя правапарушэнняў знаходзіцца ў Мінску, бо тут найвялікшая колькасць насельніцтва. А яшчэ ў сталіцу імкнуцца людзі з рэгіёнаў. Прыехаўшы ў мегаполіс, некаторыя думаюць, што яны свабодныя і могуць рабіць, што захочацца, бо іх тут не ведаюць…

— Даўно існуюць фільтры ад спама. Хіба няма падобных лічбавых магчымасцяў, каб засцерагчыся ад непрыстойных матэрыялаў?

— Замежныя сацыяльныя сеткі маюць добрыя фільтры, якія не дазваляюць бруду прабіцца да шырокай аўдыторыі. Магчыма, таму што ва ўсіх высокаразвітых індустрыяльных краінах з канца 1950-х публічная дзейнасць знаходзіцца пад кантролем. Сапраўды, дома вы можаце рабіць усё, што хочаце. Ваша асабістая справа, як вы інтымна арганізуеце ўласныя справы, што чытаеце і глядзіце, але датычнае выхаду да аўдыторыі мае жорсткія межы. Постсавецкі чалавек чамусьці ўсвядомлена імкнецца абысці маральныя межы. Сумным прыкладам з’яўляецца знакамітая сацсетка расійскага заснавальніка, дзе стала распаўсюджваецца фота- і відэаматэрыялы пікантнага характару.

— Жаданне паказаць сябе ў эратычным выглядзе, спробы амаль ці не хоум-відэа выкласці… Можа, у гэтым таксама праяўляецца спецыфіка маралі?

— Свабода і мараль — крохкія рэчы. Прычым, мараль у кожнай краіне ці рэгіёне можа мець свае нюансы і асаблівасці. Я даследавала гэту тэму для свайго артыкулу “Рэлятывізм маралі” — сапраўды, з часам змяняецца разуменне, што маральна. Пагартайце сённяшнюю прэсу: безліч парадаў ад псіхолагаў, любая размова з якімі завяршаецца словамі “Палюбіце сябе!” Людзі прымаюць гэта як інструкцыю да дзеяння, але забываюцца, што жывуць у соцыўме. Чалавеку хочацца, каб ім захапляліся, адсюль і моднае зараз сэлфі: паказаць сябе з лепшага боку і ў найлепшым святле. Але любіць сябе — не роўна лічыць сябе самым разумным, лепшым, прыгожым. Людзям патрэбна дапамагчы, сарыентаваць, каб яны не згубілі сабе. Чалавека трэба развіваць! Не могуць СМІ справіцца самі — няхай звяртаюцца да экспертаў.

— Калі патрэбна было меркаванне эксперта, заўсёды звярталіся да крытыка. Чаму гэтая прафесія сёння знікае?

— Таму што зараз крытычнае слова не хочуць чуць. Толькі спецыяліст распачне сістэматызаваць пабачанае, указваць не толькі на дасягненні, але і на хібы, яго адразу абвінавацяць у цэнзуры. Упэўнена, мы мелі шыкоўны ўзровень айчыннай кінавытворчасці, таму што існавала іншае ўзаемадзеянне з крытыкамі. Як мне некалі казаў славуты кінарэжысёр Валерый Рубінчык, на мае словы ён спачатку злаваўся, а потым задумваўся: “Яна ж чамусьці гэта сказала…” Творца заўсёды быў рад, калі побач з ім з’яўляўся крытык, які мог нешта падказаць. Я працавала сем гадоў на кінастудыі выконваючым абавязкі галоўнага рэдактара. Са спрэчкамі, падчас са сваркамі, але кіно рабілася. Аднойчы пачатковец так на мяне раззлаваўся, што, выходзячы, бразнуў дзвярыма — ажно тынкоўка пасыпалася. Але праз паўтара месяцы вярнуўся, прынёс новы сцэнарый. Сапраўднаму мастаку прафесійныя заўвагі не страшныя.

— Чаму ў нашым грамадстве раз-пораз узнікаюць скандалы накшталт маладзечанскага, калі жыхары раённага цэнтра выступілі супраць фантана “Адам і Ева” са скульптурамі Уладзіміра Жбанава, папікаючы на аголеныя фігуры? У Мінску гэта глядзіцца, а ў рэгіёнах не?

— Мастацтва не можа існаваць без адлюстравання кахання. Каб чалавек спакойна ставіўся да мастацтва ва ўсёй яго шматаблічнасці, таго з маленства неабходна выхоўваць. Культура не можа драбіцца: рэгіянальная, рэспубліканская… Гэта адзінае цэлае, жывое! А ў рэгіёнах адбываецца дэмасіфікацыя культуры, на жаль, яна там не ўсім патрэбная… На раёне культработнік пастаўлены ў жорсткія рамкі: з аднаго боку, свой заробак пакідае жадаць лепшага, з іншага — неабходна выконваць планы платных паслуг. Таму некаторым ужо не стае часу і жадання займацца ўласна культурай, выхоўваць пакаленне, перадаваць вопыт і фарміраваць густ. У выніку мы маем тое, што маем: усе адзначаюць паўсюднае падзенне культуры ў моладзі. Той, хто не ведае гісторыю мастацтваў, будзе абвяшчаць анафему нават цнатлівым творам.

— Ці можна выправіць сітуацыю?

— Спачатку чыноўнікам неабходна зразумець, што нельга ставіць культуру на адну дошку з камерцыйнымі аб’ектамі. Трэба ведаць, што ў нашай сферы прыбытак адбываецца праз вельмі працяглы час, нават праз дзесяцігоддзі. Мне падаецца, неабходна падняць заробак рэгіянальным культработнікам, каб яны менш думалі, як сябе накарміць ды сваіх дзяцей падняць, а маглі заняцца асветай. Гэта дасць грамадству магчымасць абапірацца на развітога чалавека.

Вазьміце яшчэ сітуацыю з выкладчыкамі ВНУ. Людзей з навуковымі ступенямі заўсёды было няшмат, але ў навуку ішлі, бо ведалі, што могуць на гэтай ніве зрабіць куды больш карыснага, чым дзесьці яшчэ. А зараз нават вельмі перспектыўныя студэнты мне гавораць: “Навошта ісці ў аспірантуру, я што — ненармальны? На што мне вашыя капейкі? Хачу перспектыўную работу, пабудаваць дом, аб’ездзіць свет і не мець нястачы ў грошах”. Я разумею, склалася новая сістэма каштоўнасцей. Толькі хто пасля нас будзе несці студэнтам веды, у тым ліку па мастацтве і культуры?...

— Магчыма, не ўсе слаі насельніцтва адчуваюць патрэбу ў пазнанні культуры…

— Раней існавала шмат адукацыйных арганізацый, частка з якіх была ўскосна звязана з культурай. Прынамсі, дзейнічала таварыства “Веды” — напаўгасразліковая арганізацыя. А яшчэ — Бюро прапаганды кінамастацтва, якое само па сабе зарабляла грошы: колькі білетаў лектар змог распаўсюдзіць на сваё выступленне, столькі і зарабляў. Я сама па гэтай лініі ездзіла па рэгіёнах, чытала лекцыю “Забароненыя тэмы ў кіно”. Выступала ў заводскіх палацах культуры, дамах афіцэраў. Аднойчы нават чытала ў калоніі для непаўнагадовых. Народ хапаўся за слова “забароненае” і з задавальненнем ішоў. Паўсюль набіваліся поўныя залы. Перада мной сядзелі абсалютна розныя людзі: з аднымі можна было паразважаць пра высокія матэрыі, іншым пасавала нешта больш простае. Галоўнай мэтай было распавесці пра сур’ёзнае прывабна. Упраўленне змяшчалася ў Маскве, і каб стаць публічным лектарам, патрабавалася прайсці ў іх атэстацыю. Прыехала да мяне на лекцыю ў ДК МАЗа дама з Масквы. Я паказваю ўрыўкі са стужкі Франка Дзэфірэлі “Рамэа і Джульета”, распавядаю пра пачуццёвасць на экране… Мне адразу прапанавалі выступленні за межамі рэспублікі.

Гэта называлася культурнае развіццё. Па маладосці я не зусім асэнсоўвала яго патрэбу. Калі ж той лекторый стаў гісторыяй, зразумела, як гэтага не хапае. Я і сёння паехала б, набрала матэрыялу, абавязкова паказала б і брыдоту для параўнання. Лічу, што асветніцкая праца патрэбна сёння, як хлеб. Асабліва ў рэгіёнах.

— Адзін з польскіх філосафаў разважаў, што чалавек цягнецца да неэстэтычнай эротыкі, бо гэта самы просты сродак далучыцца да цывілізацыі. Маўляў, складана стварыць найноўшую тэхналогію ці дасягнуць узроўню адукацыі вядучых краін, але голае цела ў нас такое ж, як і там. Можа, сапраўды ўскласці функцыі барацьбы з парнаграфіяй не на пэўную структуру, а на грамадскія арганізацыі?

— Некалі бачыла па тэлебачанні дакументальны фільм пра суайчынніка, які з’ехаў па заробкі ў Германію. І не знайшоў нічога лепей, як зарабляць грошы сваім голым целам, загнаўшы сябе ў клетку... Я згодна з вашым аўтарам: гэта пытанне культурнай напоўненасці кожнай асобы. Напрыклад, па Гродзенскай вобласці “гуляе” фатаздымак хворага аголенага хлопца. Калі ж следчыя запытваюць, навошта людзі спампоўваюць фота адзін у аднаго, у адказ чуюць: “Смешна”. Калі ў насельніцтва такі ўзровень культуры, дык што з яго ўзяць?

Вось ідзе ў мас-медыя інфармацыйная лавіна пра аголенага Ivan’а, які будзе гэтым месяцам прадстаўляць Беларусь на “Еўрабачанні”. І сумна становіцца, што выканаўца адмаўляецца думаць самастойна, а перакладвае ўсю адказнасць на прадзюсара. Хацелася б пачуць размову пра творчасць і выканальніцкія даныя, але… Калі нехта сумняваецца ў сваіх здольнасцях, то ідзе найпростым шляхам — агаліць “пятую кропку” перад публікай. Вельмі танны прыём, які дае толькі пыл перасудаў, але не прынясе сапраўдную папулярнасць.

— Некалькі гадоў таму адбылося адкрыццё фотавыставы Дзіны Даніловіч у Віцебску “Анатомія”. Для мастака гэты праект меў адукацыйны чыннік, яна хацела паказаць, як можна здымаць аголенае цела. У некаторых абласных цэнтрах выставу не далі паказаць...

— Гэта паказчык культурнага выхавання… Балазе, ва ўсіх абласных цэнтрах ёсць аналагічныя нашай камісіі. У 2015-м нават вырашылі зрабіць асобную ад сталічнай камісію для Мінскай вобласці. Задума была выдатная, бо найбольшы аб’ём спраў ідзе менавіта па Мінску і прысталічным рэгіёне. Але з 1 студзеня бягучага года яе распусцілі. На мой погляд, гэта бязладдзе! Аднак — факт: у краіне не хапае высокапрафесійных спецыялістаў. Гомельскай вобласці вельмі пашчасціла: старшыня надзвычай вопытны, у складзе іх камісіі спрэс адукаваныя людзі. А сустракаюцца проста перастрахоўшчыкі, якія імкнуцца не браць на сябе адказнасць, таму і забараняюць…

— Ці можа ваша камісія стаць абаронцай? Напрыклад, у выпадках з класічнай рок-операй “Ісус Хрыстос—суперзорка” Эндру Ллойда Уэбэра, гастролі якой перыядычна імкнуцца забараніць у абласных цэнтрах?

— Можа! Мы не дапускаем, каб мастацкія творы забаранялі, незразумела за што. Тры гады таму адзін тэлеканал даў у выпуску навінаў сюжэт пра міжнародны тэатральны фестываль, які ладзіўся ў Мінску. Паказалі сцэну з нямецкага спектакля, знятую такім чынам, быццам акцёры на сцэне аголеныя (насамрэч яны былі ў трыко). На наступны дзень мне тэлефануе апантаны жахам арганізатар фестывалю: яго ўжо выклікалі наконт таго спектаклю. Што рабіць? Я патрабавала неадкладна прывезці дыск з запісам пастаноўкі, каб заключэннем экспертнай камісіі адвесці бяду ад чалавека.

— Але пагадзіцеся: часам з’яўляецца адчуванне, што тыя забароны — хутчэй рэклама. Памятаеце гісторыю з “Блэйдам”? Кіно аніякае. Яго забаранілі, дык тут жа ўсе спампавалі і паглядзелі.

— Справа тут у тым, што забарона ідзе не на забарону твора мастацтва ў цэлым. Звычайна, размова ідзе пра асобныя празмерна жорсткія сцэны, якія нельга паказваць масавай аўдыторыі. І ўсё ж стужкі патрэбна паказваць, даваць людзям уяўленне пра розныя магчымасці мастацтва. Сёння нават “Грэчаскую смакоўніцу” — зорку савецкага “чорнага рынку” — можна паказаць, бо на фоне сучасных стужак яна зусім не такая і надзвычайная.

На мой погляд, любы твор — гэта свайго роду сацыялагічны дакумент. Ён распавядае пра норавы, лад жыцця, прынятыя ў пэўным грамадстве звычаі. Як за савецкім часам дазнаваліся пра іншыя краіны? Тады ў год у пракат выходзіла 300 фільмаў, палова з якіх былі замежнымі. І мы беглі даведвацца, што там ядуць, носяць, якія інтэр’еры абіраюць, бо кіношнікі імкнуліся аднавіць перад камерай натуральнае асяроддзе. У мінскі Дом кіно штоквартальна прывозілі нібыта забароненае кіно. Часцей за ўсё дэманстравалі чорна-белыя кантратыпы, бо стужкі не набывалі афіцыйна… Але на тыя паказы ламілася ўся сталіца!

Вы глядзелі ў сталічным пракаце французскую стужку “Жыццё Адэль” Абдэлатыфа Кешыша? Ездзілі ў мінскі кінатэатр “Ракета”, каб паглядзець скандальную “Німфаманку” Ларса фон Трыера? Можаце Ніне Ціханаўне пажаць за гэтую магчымасць руку. Мне нават нябожцыца Ала Бабкова казала: “Дзякуй за “Німфаманку”, ад цябе такога не чакала!” Гэта самыя свежыя прыклады, а было іх шмат. Можа, гэта мяне пакуль і трымае на пасадзе старшыні Рэспубліканскай экспертнай камісіі, бо быў бы хто іншы на маім месцы — публіка магла б і не дачакацца многіх твораў.

Пытанні задавалі Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ, Пётра ВАСІЛЕЎСКІ, Настасся ПАНКРАТАВА, Вольга РОПАТ, Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"