Як аднаўляюць драўляны помнік

№ 18 (1248) 30.04.2016 - 06.05.2016 г

Год культуры супадае са святкаваннем 40-годдзя заснавання Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. Да пачатку юбілейных мерапрыемстваў установа завяршае рэстаўрацыю самага старажытнага помніка са сваіх збораў — Спаса-Праабражэнскай царквы з вёскі Барань Аршанскага раёна.

/i/content/pi/cult/584/12909/1-2.jpgЛёс храма звязаны з важнымі гістарычнымі падзеямі і цікавымі асобамі. Ён пабудаваны аршанскімі майстрамі ў 1704 годзе падчас Паўночнай вайны Расіі са Швецыяй як сімвал міру. Унікальны прыклад драўлянага культавага дойлідства, храм вылучаецца архітэктурнымі формамі. Уражвае памерамі высокая зала з абхадной галерэяй і купалам. Інтэр’ер калісьці ўпрыгожваў цудоўны разны пазалочаны іканастас з абразамі. Цэнтральны, “Узнясенне Хрыста”, для царквы напісаў Фама Сілініч у 1808 годзе. Упрыгожаны скразной разьбой, твор выклікае вялікую цікавасць тым, што ўвабраў традыцыі як візантыйскага, так і заходнееўрапейскага мастацтва.

Зараз вядуцца работы па стварэнні экспазіцыі, адкрыццё для паказу наведвальнікам запланавана ў верасні гэтага года. Складанасці па аднаўленні інтэр’ера храма звязаны з тым, што яшчэ ў 1930-я амаль усё царкоўнае начынне было знішчана, іканастас, упрыгожаны аб’ёмна-ажурнай разьбой па дрэве, разабраны. Не засталося ні абмераў, ні фотаздымкаў гэтага шэдэўра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сляды большай часткі ікон бясследна зніклі. Не захаваўся і збор кніг з 232 асобнікаў.

Каб стварыць экспазіцыю, супрацоўнікі музея па каліўцу збіралі матэрыялы па гісторыі царквы, ладзілі экспедыцыі з мэтай пошуку страчаных скарбаў. У выніку, знойдзены нешматлікія, але каштоўныя артэфакты: свяцільня-панікадзіла, некалькі абразоў, драўлянае распяцце і ўнікальны царкоўны архіў. Гартаючы яго старонкі, можна пазнаёміцца з лёсамі прыхаджан. Сабраны ўспаміны старажылаў, давялося сустрэцца і з нашчадкамі святара, які служыў тут да рэвалюцыі.

Сёння ставіцца задача стварыць экспазіцыю, якая адлюструе народнае дойлідства, іканапіс і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Аршаншчыны. Актуальнасць аднаўлення навукова-абгрунтаванага інтэр’еру абумоўлена неабходнасцю дэманстрацыі помніка як цэласнай, знакавай і ўнікальнай з’явы. Цэнтральнымі экспанатамі павінны стаць прадметы, якія паходзяць са Спаса-Праабражэнскай царквы. Ансамбль аднаго з найстаражытных драўляных храмаў Беларусі павінен адлюстраваць выдатнае мастацтва беларускіх цесляроў, рэзчыкаў, іканапісцаў, пераплётчыкаў кніг, чые творы не толькі цаніліся ў мінулым, але і сёння выклікаюць захапленне.

Аляксандр ІСАКАЎ, намеснік дырэктара па навуковай рабоце музея