Погляд пасля вандровак?

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г

Як мы паведамлялі, у галерэі “Акадэмія” адкрылася выстава работ студэнтаў кафедры касцюма і тэкстылю факультэту дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў да 40-годдзя згаданага факультэта. Мудрагелістая англамоўная назва “The Experience Of Experiment” (“Досвед Эксперыменту”) падаецца мне зусім не выпадковай.

/i/content/pi/cult/580/12905/9-5.jpgГэта знак таго, што кафедра, якая дзесяцігоддзямі лічылася самай нацыянальна арыентаванай і ў пэўным сэнсе нават кансерватыўнай, сёння ладзіць навучальны працэс, сыходзячы з рэалій вялікага свету — адкрытых межаў, шырокай міжнароднай кааперацыі ў галіне культуры і мастацтва, нават перспектывы творчай кар’еры за мяжой. Студэнт савецкай пары і першых гадоў незалежнасці ведаў, што пасля абароны дыплома яму, хутчэй за ўсё, давядзецца жыць і працаваць ў Беларусі альбо ў блізкім сумежжы, дзе беларуская ментальнасць як з’ява і яе асобныя чыннікі могуць быць запатрабаванымі. Прынамсі, чужымі ўспрымацца не будуць. Адпаведна, базавымі ў навучанні і грунтам самастойнай творчасці тады былі беларуская нацыянальная традыцыя з яе народнымі каранямі, што сягалі ў глыбіню стагоддзяў, і цікавая нашай грамадзе рэчаіснасць, культурна-гістарычная і сацыяльная. Ды і тэхналогія ткацтва ў нас доўгі час заставалася нязменнай, у значнай ступені з прычыны адмежаванасці ад сусветных трэндаў. Сёння ж амбіцыйны малады чалавек гатовы да таго, што ў пошуках годнай працы не раз давядзецца змяніць не толькі месца жыхарства і творчы почырк, але і саму прафесію разам з грамадзянствам. Такія рэаліі… Было б дзіўна, каб акадэмія іх ігнаравала. Урэшце, мэта нашай галоўнай мастацкай ВНУ якраз і рыхтаваць студэнтаў да сапраўднага жыцця.

Я наўрад ці магу быць аб’ектыўным крытыкам работ студэнтаў згаданай кафедры. Калі я сам вучыўся ў нашым Тэатральна-мастацкім, сярод маіх добрых знаёмцаў было шмат студэнтаў — будучых спецыялістаў па ткацтве і мастацкай аздобе тэкстылю. Іх майстэрня знаходзілася на першым паверсе нашага вучэбнага корпуса, і я часта завітваў туды ў госці. Я бачыў, колькі высілкаў, нерваў трэба прыкласці, якую сілу волі мець каб “набраць” на ткацкім станку палоску ў пяць сантыметраў. А калі які фрагмент акажацца няўдалым, трэба распусціць зробленае і пачаць наноў. Гэта табе не тое, што мастыхінам фарбу з палатна саскрэбці ці гумкай алоўкавы штрых з аркуша сцерці. Праз гэтыя назіранні маю вялікаю павагу да рамяства ткачоў.

Мне асабіста бліжэй традыцыя. Хацелася б, каб габелен заставаўся габеленам. І каб ён вісеў на сцяне, а не ператвараўся ў нейкае падабенства тканай скульптуры. Але сусветная тэндэнцыя мае вектарам пераход ў аб’ём, ператварэнне шпалеры/габелена ў прасторавы арт-аб’ект. Таму студэнты нашай акадэміі, засвоіўшы на першых курсах асновы класічнага ткацтва, далей вывучаюць новыя матэрыялы і тэхналогіі, перспектыўныя кірункі. Работы, якія ілюструюць гэты працэс, і прадстаўлены на выставе. Акрамя ўзораў тэхналогіі класічнага ткацтва ёсць у экспазіцыі аплікацыі, батык. Касцюм жа на выставе прадстаўлены не вельмі выразна. На што здольныя студэнты гэтай спецыялізацыі, можна было пабачыць выключна на відэа. Ды ніякае кіно не заменіць рэальную рэч, рэальны экспанат.

Частка работ — курсавыя, частка — самастойныя. Варта адзначыць, што ўдзельнікі праекта маюць сваю публіку, ужо выстаўляліся па-за межамі Акадэміі. Як тэндэнцыю можна адзначыць цікаўнасць моладзі да сусветнай культуры. Яно, зрэшты, было заўжды. На тое і маладосць дадзена, каб вандраваць па свеце, набірацца розуму, а потым набытыя веды скарыстаць дзеля Бацькаўшчыны. Хто мае магчымасць, вандруе рэальна, іншы — віртуальна, па кнігах і ў Сеціве. Дык вось, немалая частка прадстаўленага ў экспазіцыі ўспрымаецца як ілюстрацыя да прачытанага ў кнігах і ўбачанага ў Інтэрнэце. Тут і канкрэтныя спасылкі на літаратурныя формы і творы (японская паэзія хоку і культавая для так званага “страчанага пакалення” кніга Фрэнсіса Скота Фіцджэральда “Вялікі Гэтсбі”), і спробы знайсці эстэтычную формулу філасофскіх паняццяў, і памкненні асэнсаваць касмагонію і сюжэтныя коды міфалогіі. Удакладню, што ўся гэта разумовая праца адбываецца ў межах праграмы тэхналагічных эксперыментаў.

Не ведаю, як ставіцца да той акалічнасці, што студэнтаў, мяркуючы па экспазіцыі, не надта цікавіць уласна беларускі матэрыял. Альбо нават да таго, што з далучэннем да глабальнай інфармацыйнай прасторы выявілася, што беларушчына ў кантэксце сусветных камунікацый — з’ява неканкурэнтаздольная. І, адпаведна, вымушана пасунуцца з першых роляў ва ўласным жа арэале. Зрэшты, варта вызначыцца, наша Акадэмія — гэта школа “легіянераў” (паводле спартыўнай тэрміналогіі) ці кузня нацыянальных кадраў?

Хаця, канешне, гэта пытанне не да кафедры, не да факультэта. Не да Акадэміі наогул. Прыярытэты культурнага развіцця ў прынцыпе — вот што важна і важка.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"