Аўдыя-відэа-25

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г

Сакавіцкія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць гітарыст і лідар-вакаліст гурта “N.R.M.” Піт ПАЎЛАЎ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/580/12903/9-3.jpgАўдыя

Гурт “Trollwald“, міні-альбом “У гушчарах“

А.: — Музыка — вельмі характэрная для “металістаў” 30-гадовай даўніны, вельмі старамодная ды нішавая, што дзіўна для нашага часу. Тое нават спалохала. Цяперашняя генерацыя “цяжкіх” каманд выглядае значна больш свежай. Такое адчуванне, нібы калектыў працуе з аглядкай на прыхільнікаў традыцыйнага хард-н-хэві-кірунку. Да мінусаў аднясу і аднастайнасць гучання. Але ў параўнанні з “Litvintroll”, адкуль цягнуцца карані гэтага складу, зроблены крок наперад. Я маю на ўвазе нармальны вакал. Граюць жа музыканты добра, запісана таксама на ўзроўні, да месца дуда, аднак, перспектывы (праз вышэйпададзенае) насцярожваюць. Патрэбен свой, непаўторны саўнд. Яго пошукам я і параіў бы ўдзельнікам гурта заняцца.

В.: — Першая ластаўка ад адной з частак са скандалам разваленага летась гурта “Litvintroll”, фольк-метал-каманды вельмі цікавай, якая абяцае ў будучыні шмат. Сёе-тое з тых абяцанняў ужо выкананы “на выдатна”. А вось міні-рэліз асабліва не ўразіў. Нават адмова ад гроўлінга (гыркання) агульную меладычную аднастайнасць не выратавала. Разумею, што калектыў пакуль яшчэ шукае, куды рухацца, на што рабіць упор, якія фарбы выкарыстоўваць. Майстэрствам ды талентам музыканты не абдзеленыя, а таму проста пажадаю ім прарыву ды ўдачы. Адносна ж дадзенай работы... Я параіў бы засесці за нешта больш сур’ёзнае.

Гурт ”Усё Crazy”, альбом “Па морах”

A.: — Каб гэта быў інструментальны рэліз, я ацаніў бы яго на цвёрдую “чацвёрку”. Але тэксты “карты зблыталі”. Да чаго ў іх столькі iнвектыўнай лексікі? Каб прадэманстраваць яе веданне, ці што? Нічога арыгінальнага ў гэтым няма. І марская тэматыка чаму выкарыстаная? Не ведаю. Не зразумеў. Напэўна, такое спяваюць у пабах англійскіх працоўных раёнаў. Спроба перасадзіць падобную “творчасць” на нашу глебу не падалася ўдалай. Дзе гэта музыка можа гучаць? Магчыма, як саўндтрэк да вельмі аўтарскага кіно пра моры-акіяны і з градацыяй “18+”.

B.: — Усе беларускія беды, калі яны ёсць, праз тое, што мора ў нашай краіне няма. Так мяркуюць удзельнікі гэтага калектыву. Я ў чымсьці з імі салідарны, паколькі сам неаднаразова заўважаў, што на моры любога колеру думкі пра радзіму, якiя перыядычна выклікаюць ува мне пачуццё занепакоенасці, кудысьці знікалі. Ну а ў зялёнай (чорнай, мёртвай ды іншай) роўнядзі, працягваюць меркаваць усё тыя ж удзельнікі “Усё Crazy”, прынята адпачываць звышкультурна. Пра тое, уласна, і альбом: пра ваду вакол цела ды вадкасці, якая трапляе ўнутр яго. І пры гэтым па моцнае марское слоўца артысты ў камбуз не лезуць: ансамбль жа выконвае музыку, натхнёную кельцкай культурай, а народ гэты, як вядома, той яшчэ быў у лексіцы! Тут амаль усё, што адарванае ад сучаснасці, у той ці іншай ступені слухаецца: весела, тэксты смешныя ды хуліганскія. Але як толькі ансамбль пераходзіць да побыту сённяшняга... Уражлівым людзям, выхаваным музыкай Вівальдзі ды прозай Тургенева, работу гэтую слухаць, вядома, не рэкамендуецца.

Гурт “Маленькі Альберт“, альбом ”Мой Drug”

A.: — Чым мне гэты гурт аказаўся адразу блізкiм? Сваёй назвай: “маленькі Альберт” — гэта абазначэнне спрэчнага псіхалагічнага эксперыменту над дзіцем, а што азначае тэрмін “сабака Паўлава”, думаю, ведаюць усе. У выпадку з гэтай камандай мяне не збянтэжыла таксама досыць традыцыйнае гучанне ды часам чутны парафраз на тэмы гурта “Nirvana”. Запісана, сыграна, праспявана ўсё крута, ды і эмацыйна кранае. Патэнцыял для далейшага развіцця ёсць, слухач знойдзецца. Колькі парадаў я музыкантам даў бы, але не глабальнага кшталту, так, нюансы.

B.: — Грандж ўсё яшчэ жывы, аказваецца, хоць постгранджам яго назаві, як у гэтым выпадку. Дэпрэсіўнае “рубілава” з вакалам, у якім пры моцным жаданні можна ўлавіць інтанацыі... Сяргея Міхалка часоў росквіту развясёлага “Ляпіса Трубяцкога” (напрыклад, у трэку “Неба не чакае”). Сваю сотню прыхільнікаў на сольны канцэрт каманда, напэўна, збярэ. Ну а большае… Быццам бы, усё на месцы — музыка адпавядае жанру; недурныя тэксты; выкананне нармальнае. У гармоніі ўсё. Але неяк не чапляе. Асабліва інтэрпрэтацыя верша Ясеніна “Да пабачэння, сябар мой, да пабачэння...”

Відэа

Гурт “Gods Tower”, кліп на песню “Liar”

А.: — Кліп мне, у цэлым, спадабаўся, праўда, з-за таго, што песня вельмі доўгая, да канца прагляду відэа некалькі стамляешся ад яго. Тэматыка роліка блізкая, бо мне цікавыя такія героі. Адзіная прэтэнзія тычыцца менавіта кампазіцыі. “Gods Tower” калісьці сталі наватарамі ў постсавецкай “цяжкай” музыцы, дадзеная ж песня — вельмі тыповая па сваёй структуры для гэтага жанру. А наогул, я даўным-даўно люблю гэты гурт, таму і ўсё яму дарую...

В.: — Кліп складаецца з дзвюх частак. Карцінка першая: музыканты легендарнага гомельскага дум-метал-гурта на здымачнай пляцоўцы выконваюць песню. Другая карцiнка: калі ў прэс-рэлізе да відэа гаворыцца, што кампазіцыя створана пад уплывам гісторыі з Джардана Бруна, то і бачым мы, як сярэднявечныя інквізітары вядуць нейкага чалавека на вогнішча — з усімі непрыемнымі наступствамі. Знята ўсё скупа, аскетычна, што, напэўна, мусіць падкрэсліць трагедыйнасць таго, што адбываецца. Песня “Liar” наўрад ці ўвойдзе ў “залаты фонд” каманды — нейкая незапамінальная яна. Але гэта ўжо мае асабістыя “прэтэнзіі”: лічачы калектыў сапраўды буйной з’явай у постсавецкай цяжкай музыцы, я і стаўлюся да яго з глыбокай ды бязмежнай павагай, як да глыбы ды манумента, узведзенага пры жыцці, наогул. А фанаты “Gods Tower” няхай наляцяць на мяне за небясспрэчнае меркаванне, што хітоў у гурта не так ужо і шмат. Калі, вядома, да мяне дабяруцца. Ррррр!..

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"