Маркетынг з нагоды беларускіх “…Масак”

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г

Эстрадныя выканаўцы ўмеюць заявіць пра сябе, пры адсутнасці, як правіла, сур’ёзнай нагоды для размовы. Руку арбалетам параніў, машыну на паркоўцы падзёр, сэлфі на ўзмор’і зрабіў — і адразу прозвішча мільгаціць у мас-медыя. Айчыннаму тэатру ёсць пра што распавесці публіцы, аднак, ён нябыта саромеецца. Асабліва сціплы тэатр лялек. Днямі ж адбылося ўручэнне Расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі “Залатая маска” і адразу тры прадстаўнікі беларускага тэатра лялек атрымалі найвышэйшыя ўзнагароды ў суседзяў! І дзе інфармацыйная лавіна?

/i/content/pi/cult/580/12896/4-2.jpgРаспачынаючы калекцыю

Урэшце, пераможцаў ад Беларусі — больш. Упершыню за гісторыю існавання прэстыжнай прэміі ганаровую ўзнагароду “За выдатны ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва” расіяне прысудзілі дзеячу з замежжа — народнаму артысту СССР Расціславу Янкоўскаму. Адзін з інтэрнэт-парталаў у кантэксце навіны нават паспеў скласці топ-спектакляў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, дзе вядучыя партыі належаць бліскучаму акцёру.

Пра лялечнікаў мас-медыя распавядалі куды менш. Хутчэй рэагавала стужка навінаў у “Фэйсбуку”, актыўна выдаючы ўслед за віншаваннямі развагі пра далейшы лёс тэатра лялек. А нагода для больш шырокай гаворкі і сапраўды шыкоўная! Лепшай работай рэжысёра прызнаны спектакль “Ваня” Аляксея Ляляўскага (прыватны санкт-пецярбургскі тэатр “Karlsson Haus”). Лепшым спектаклем Расіі сталася пастаноўка “Тоўсты сшытак” Аляксандра Янушкевіча, вучня Аляксея Анатольевіча. Доўгі час лаўрэат працаваў у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек, а са студзеня 2015 года ўзначаліў Пермскі тэатр лялек (між іншым, прайшоўшы сур’ёзны конкурсны адбор і абышоўшы пяць канкурэнтаў). Сцэнаграфію Таццяны Нерсісян (галоўны мастак сталічнага тэатра лялек) да “Тоўстага сшытка” назвалі лепшай работай мастака. Такім чынам, прадстаўнікі айчыннай школы ўзялі амаль усе намінацыі ў раздзеле “Лялькі”!

Самі лаўрэаты да сваёй перамогі ставяцца даволі спакойна. Гэта і зразумела: у кожнага з іх маецца не адна прэмія вышэйшага гатунку з прэстыжных творчых спаборніцтваў. Як любіць паўтараць спадар Ляляўскі, узнагарода як шакаладка: далі — прыемна, не далі — ну і не трэба, маўляў, працуюць лялечнікі для душэўнай патрэбы, а не дзеля медалёў ды дыпломаў. Разам з тым упэўнена: прасоўваць творцаў, узнімаючы імідж мастацтва ў вачах публікі, павінны самі тэатры.

Абгортка паводле зместу

Сучаснае беларускае грамадства можа ганарыцца не толькі спартыўнымі поспехамі, але і дасягненнямі тэатра лялек. Адпаведна, і веданне пра першае куды больш. Я не сачу за спартыўнымі падзеямі, але нават мяне не абмінулі навіны, як на корце паспрачаліся Вікторыя Фёдараўна і яе галоўны трэнер Эдуард Уладзіміравіч: балазе падрабязнасці ліліся ледзь не з кожнага праса. А для тэатраў лялек не існуе такога інфармацыйнага поля, каб пра іх творчыя здабыткі гаварыла аўдыторыя, шырэйшая за спецыялістаў і адданых аматараў.

А між тым такія прадстаўнікі дзяржаўных тэатраў, як Аляксей Ляляўскі, Алег Жугжда з Гродна, Міхаіл Клімчук з Віцебску, Ігар Казакоў з Магілёва, ды не прывязаныя да канкрэтнай сцэны Святлана Залеская-Бень, Яўген Карняг, цяпер пермскі, але ж і наш Аляксандр Янушкевіч узнялі айчыннае сцэнічнае мастацтва на новую прафесійную вышыню. Гэта пацвярджаюць і за межамі рэспублікі, куды нашых рэжысёраў запрашаюць як з гастролямі, так і на пастаноўку, дзе ладзяцца з імі ў якасці хэдлайнераў майстар-класы ды просяць чытаць лекцыі. Іх імёны добра вядомыя ў іншых краінах. Баюся, нават лепш, чым на радзіме…

Калі рэжысёраў у асноўным турбуе творчае развіццё тэатра, дык перад адміністрацыяй штодзённа маячыць неабходнасць выканання плану па напаўняльнасці залы. Дык можа, скарыстацца момантам? Напрыклад, маркетолагі гатовыя хоць-якую адзнаку ціснуць на "вокладку" тавара: “адобрана кардыёлагамі краіны”, “лепшы па прызнанні асацыяцыі стаматолагаў”... Спектакль — таксама тавар, а яго, нават найвышэйшага гатунку, патрэбна правільна прадаць. Пастаўце на афішу: “Спектакль уладальніка “Залатой маскі” (а найперш — Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі) — гэта адразу надасць вагу для тых, хто сумняваецца ў выбары мерапрыемства.

Такімі маркерамі можна прывабіць новую частку патэнцыйнай аўдыторыі. Чалавек, які выбіраецца да Мельпамены раз-пораз, заўсёды вельмі разгублена глядзіць у зводную афішу: для яго ўсе тэатры аднолькава незнаёмыя. Каб канкураваць з заезджай антрэпрызай, наша назва павінна таксама быць на слыху, засесці ў візуальнай памяці. І “Залатая маска” — добры якар ( нават той, хто нічога не ведае пра яе, зрэагуе на словы “найпрэстыжная” і “замежная”).

Рэгіянальная панарама

Сціпласць упрыгожвае творцу, але не дазваляе менеджару прыцягнуць увагу. Некаторыя ўмеюць недагаварыць, каб “мінус” ператварыць у “плюс”. Увосень пацешыў гастрольны буклет Свярдлоўскага тэатра музыкальнай камедыі: у раздзеле пра мюзікл “Кацярына Вялікая” вытрымкі з рэцэнзій падаліся празмерна захопленымі. Адшукала тыя артыкулы ў Сеціве. Выявілася, што такое аднадушнае захапленне атрымалася таму, што екацярынбургскія рэдактары спыніліся ў цытаванні на самым патрэбным месцы… Але ў мінскай зале амаль не было пустых месцаў. Вынік? Вынік!

Калі нехта з неадназначнага робіць “цукерачку”, дык чаму мы не можам годна падаць сапраўднае дасягненне? Мне бачыцца, што сузор’е “…Масак” дае падставу абласным тэатрам дадаткова прыцягнуць і да сябе ўвагу публікі. Пастаноўкі Аляксея Ляляўскага ідуць у Гродна (“Візіт старой дамы”), Брэсце (“Самазванец”), на наступным тыдні там жа павінна адбыцца прэм’ера яго “Манерніц”. Дарэчы, мастаком тут выступіла шыкоўная Таццяна Нерсісян. Яна, заўважу, часта працуе ў рэгіёнах, адна з апошніх гучных прац — магілёўская прэм’ера “На дне” ў пастаноўцы Ігара Казакова.

Вернемся да Брэсцкага тэатра лялек. У рэпертуары значыцца дзіцячы спектакль “Прыгоды Касперля і Сэпеля” зорнага дуэта Янушкевіч-Нерсісян. У пачатку красавіка пастаноўку прывозілі ў Мінск. На суботнім прадстаўленні было запоўнена з палову залы… Магчыма, у родным горадзе сітуацыя з наведваннем лепшая, але чаму б у далейшым не падагрэць бы цікавасць да цудоўнай пастаноўкі адным радком: аўтары — лаўрэаты прэстыжнай прэміі?

У мяне часам складваецца адчуванне, што тэатры забываюцца: спектакль — гэта таксама прадукт, які проста неабходна рэкламаваць. Усё ж такі не хапае ў штатным раскладзе многіх труп спецыялістаў па прасоўванні… А ў тых жа дзяржаўных калектываў з’явілася вялікая канкурэнцыя — безліч антрэпрыз, шоу роставых лялек папулярных анімацыйных персанажаў, нават па школах і садках “калясяць” прыватнікі. Заўсёднікі ведаюць, чаму і для чаго трэба ісці ў тэатр лялек. Астатніх неабходна зацікавіць і запэўніць. Спытаеце, галоўнае, каб глядач вярнуўся наступным разам? Тут ужо справа за рэжысёрамі. Якія, відавочна, не падвядуць, бо маюць, што сказаць. І калекцыя “…Масак” таму пацвярджэннем.

На здымках: кадры са спектакляў "Птушкі", "Гора ад розуму" і "Прыгоды Касперля і Сэпеля".

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"