Курс на смартфоны!

№ 16 (1246) 16.04.2016 - 23.04.2016 г

Часам мы забываемся, што культура — гэта найперш людзі, якія яе ствараюць. А потым ужо творы мастацтва, музеі, архівы, архітэктурныя помнікі. На жаль, у беларускай інфармацыйнай прасторы не заўсёды знаходзіцца адэкватнае месца для тых, хто ўзняў нашу культуру і мастацтва на годны ўзровень. Больш дакладна, месца тое знаходзіцца, але на фоне біяграфій, альбомаў, серый пра дзеячаў замежнага мастацтва землякі, на жаль, у вітрынах кіёскаў і крамаў часцяком губляюцца.

/i/content/pi/cult/583/12894/5-4.jpgЗапоўніць некаторыя прабелы ў ведах пакліканы выдавецкі праект “100 выдатных дзеячаў”. Так называецца серыя брашур, якія выходзяць у Мінску са снежня 2012-га. Тоненькія кніжачкі (кожная па 64 старонкі) у кішэнным фармаце прысвечаныя вядомым асобам беларускай культуры ХIХ — ХХ стагоддзяў. Пакуль з сотні брашур выпушчана роўна палова. Сярод пяцідзесяці герояў — Ігнат Буйніцкі, Уладзімір Дубоўка, Адам Кіркор, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, браты Тышкевічы...

Менавіта жаданнем распавесці папулярнай мовай шырокаму чытачу пра лёсы творцаў беларускай культуры і натхняліся аўтары серыі, гісторыкі і літаратуразнаўцы, пісьменнікі і кінарэжысёры. Многія з іх былі знаёмыя са сваімі героямі. Як, напрыклад, кінапастаноўшчык, сталы аўтар “К” Уладзімір Арлоў, які, у тым ліку, падрыхтаваў выпускі, прысвечаныя Уладзіміру Мулявіну, Генадзю Цітовічу, Уладзіміру Караткевічу, Валерыю Рубінчыку, Уладзіміру Корш-Сабліну. Усяго ж у стварэнні першай паловы праекта паўдзельнічалі 22 аўтары. Але ці чытае іх творы грамада?

Выдавец і ініцыятар серыі Анатоль Тарас на прэзентацыі першай часткі праекта глядзеў у будучыню з аптымізмам. Ён паведаміў, што брашуры серыі актыўна замаўляюць бібліятэкі, а вось у кіёсках яны разыходзяцца не так добра, як хацелася б. Здавалася б, кніжніцы — ужо добра. Але пры разавым тыражы аднаго выпуску ў 500 асобнікаў...

У прынцыпе, падобныя праекты глядзяцца вельмі добра і дапаўняюць энцыклапедыі і біяграфіі, да якіх шырокі чытач дабіраецца ўсё радзей. Урэшце, выдавецкія тэхналогіі не стаяць на месцы, як і прагрэс у прынцыпе: да смартфона і планшэта беларусы цяпер звяртаюцца часцей, чым да друкаванай прадукцыі. І выкарыстанне найноўшых дасягненняў у справе папулярызацыі выбітных беларусаў (не толькі датычных мастацтва і культуры) проста-такі наспела. І справа не павінна абмяжоўвацца звыклым ужо размяшчэннем інфармацыі ў “Вікіпедыі” і на сайтах выданняў, скажам, нашай газеты. Карыстацца ж магчымасцямі розных сацыяльных сетак, мэсенджараў, гэтак званых ботаў — нават не сённяшнія патрабаванні да тых, хто хоча, каб іх пачулі.

Як удалы прыклад прывяду, мабыць, самы арыгінальны праект сённяшняга беларускага тэлебачання “Зваротны адлік” (робіць яго “Майстэрня Уладзіміра Бокуна”). Акрамя эфіраў на канале “АНТ”, выпускі гэтай гістарычнай пазнавальнай перадачы размяшчаюцца на канале ў “YouTube” і маюць там удзячную аўдыторыю з розных краін свету. А вось і нядаўняя навіна. Аўтар і вядучы праграмы Юрый Жыгамонт адрадзіў свае знакамітыя “Падарожжы дылетанта” ў онлайн-версіі. Цяпер у гэтай унікальнай для нашага тэлебачання перадачы з’явіцца другое жыццё ў выглядзе своеасаблівай інтэрнэт-энцыклапедыі беларускіх гарадоў і мястэчак.

Карацей, папулярызатарам айчыннай гісторыі і культуры варта больш актыўна асвойваць інтэрнэт-прастору. Прычым адразу ва ўсіх яе формах, каб мець максімальны ахоп аўдыторыі. Не толькі, зразумела, беларускай. Праўда, прыватных інвестыцый на стварэнне маштабных інфармацыйных праектаў з шырокім ахопам аўдыторыі можа і не хапіць. Але такія праекты існуюць у інтарэсах усяго грамадства, ці не так?