Уцёкі і вяртанні праз сто гадоў

№ 16 (1246) 16.04.2016 - 23.04.2016 г

Дарафей ФІЁНІК, дырэктар Музея малой бацькаўшчыны ў Студзіводах (Бельск-Падляшскі, Польшча)
Сёння тэма бежанства шырока адлюстравана ў СМІ як у Польшчы, так і Беларусі. Звязана гэта з падзеямі, галоўным чынам, на Блізкім Усходзе. Аднак не менш маштабнамі былі працэсы бежанства стогадовай даўніны, калі сотні тысяч чалавек мусілі ратавацца ад лініі фронта Першай сусветнай вайны.

/i/content/pi/cult/583/12893/5-2.jpgГэтая жыццёвая драма так ці інакш закранула большасць мясцовых жыхароў на Падляшшы, а таму памяць пра бежанства разам са здымкамі, дакументамі перадаецца тут з пакалення ў пакаленне. Невыпадкова летась, у сотую гадавіну бежанства, на Падляшшы прайшлі выставы, канферэнцыі, пастаноўкі па гэтай тэме. Пытанні мінуўшчыны актуалізаваліся, і, што важна, зацікавілі моладзь. А днямі ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску адбылася прэзентацыя кнігі “Бежанства. Дарога і павароты. 1915 — 1922”, праца над якой у мяне заняла больш за 20 гадоў. У кнізе галоўнай была задача паказаць, найперш, гісторыю людзей, а потым — палітычныя і грамадскія працэсы. У тым, што гэтая гісторыя вельмі блізкая, я пераканаўся падчас збору матэрыялаў. Таму, ствараючы кнігу, хацелася, каб дзеці, унукі, прапраўнукі тых бежанцаў наноў адкрылі для сябе гэту тэму.

Цікава, што праца над кнігай стартавала ў пачатку 1990-х у Мінску, калі над гэтай тэмай давялося папрацаваць у архівах і фондах тутэйшых музеяў, у тым ліку Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Адразу хацеў бы згадаць сваіх настаўнікаў. Гэта Грыгорый Сасна — выдатны даследчык гісторыі праваслаўнай царквы на Падляшшы, які назапасіў багата архіўнага матэрыялу, і беларускі архівіст Віталь Скалабан — ён паказаў мне шляхі вывучэння тэмы бежанства. Апошні быў і маім выкладчыкам у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, калі я там экстэрнам вучыўся па спецыяльнасці “музеязнаўства”. Менавіта Віталь Скалабан быў першапраходцам у гэтай тэме, меў багата матэрыялаў з расійскіх архіваў, якімі з прыязнасцю дзяліўся. У снежні 1995 года мы разам з ім падрыхтавалі першую выставу, прысвечаную гэтай тэме, у Бельску Падляшскім.

Калі казаць пра бежанства пачатку ХХ стагоддзя, то, мяркую, гэта супольная гісторыя беларусаў. Бо калі з заходніх абласцей людзі скіроўваліся ў бежанства, то ва ўсходніх ім давалі прытулак. Толькі ў Мінску ў 1916 годзе з 90 тысяч жыхароў кожны трэці быў бежанцам. Пацвярджэннем — дакументы і фотакопіі. Усяго ў кнізе змешчана больш за 300 здымкаў, многія з якіх — з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея. Акрамя музейных матэрыялаў увялі ў абарот шмат фотакопій з прыватных збораў.

Адметнасцю выдання стала добра распрацаваная і пададзеная ў папулярнай форме тэма вяртання з бежанства, якое аказалася для многіх яшчэ большай драмай за ўцёкі. Бо выязджалі людзі, беручы з сабой каштоўныя рэчы, а назад вяртацца даводзілася без якой-кольвечы маёмасці і ўжо ў іншую краіну — Польшчу. Складаныя палітычныя і эканамічныя ўмовы прымусілі людзей больш актыўна гуртавацца, дапамагаць адзін аднаму, пачалі стварацца з’езды бежанцаў.

Важнай часткай кнігі сталі аўдыязапісы. Для выдання было апрацавана чатыры гадзіны ўспамінаў бежанцаў, запісаных у пачатку 1990-х. На кампакт-дыску яны пераплецены народнымі бежанскімі песнямі, запісанымі яшчэ раней — у сярэдзіне мінулага стагоддзя. Гэты матэрыял, думаецца, будзе цікавы і для мовазнаўцаў, якія займаюцца дыялектнымі гаворкамі, а таксама даследуюць моўныя ўплывы. Увесь аўдыяархіў на некалькі дзясяткаў гадзін захоўваецца ў Музеі малой бацькаўшчыны ў Студзіводах і даступны для навукоўцаў.

Хочацца адзначыць, што пасля прэзентацый кнігі на Падляшшы і ў Мінску людзі звяртаюцца і прапануюць свае матэрыялы для ўвядзення іх у навуковы і культурны зварот. Было б цудоўна, каб на Беларусі гэта тэма таксама працягвала актыўна абмяркоўвацца і захоўвацца, бо асэнсаванне трагедый мінуўшчыны дазваляе не паўтараць іх у сучаснасці.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"