Таемныя жыхары... хаткі-рота

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

Зважаючы на тое, што 2008 год абвешчаны ў Беларусі Годам здароўя, у Гродзенскім абласным тэатры лялек адбылася незвычайная прэм’ера: спектакль “Карыус і Бактус, альбо Зубная казка” паводле Торб’ерна Эгнэра ў аўтарскай інтэрпрэтацыі Яраслава Антанюка.

 /i/content/pi/cult/157/1289/Rot.jpg

Сцэна са спектакля “Карыус і Бактус”.

Яраслаў Антанюк — дырэктар і мастацкі кіраўнік Тэатра лялькі і акцёра з Ломжы — ужо ажыццявіў пастаноўкі гэтай гісторыі ў сваім тэатры ў Польшчы і ў Сербіі, а цяпер “загадкавыя істоты” Карыус і Бактус з’явіліся і на беларускай сцэне.
Карыус і Бактус распавядаюць не толькі маленькім дзецям, але і іх бацькам пра тое, як важна штодня чысціць зубы. Менавіта ў дзіцячым роце — велізарных “хатках”-зубах — і жывуць два гэтыя жартаўнікі-мікробы. Яны з задавальненнем смакуюць чупа-чупсы, цукеркі, але дастаткова ім убачыць “няпрошаных” шчотку і інструменты для зубоў, Карыус і Бактус спалохана хаваюцца.
Усе “зубныя” прылады ў спектаклі маюць вялікія памеры, таму іх з’яўленне на сцэне нязменна суправаджаецца дзіцячым здзіўленнем. Аўтарам дэкарацый і лялек з’яўляецца мастак Пшэмыслаў Карвоўскі, кампазітар — Богдан Шчэпаньскі, тэксты песень і пераклад з польскай мовы — Алега Жугжды. А ролі ў спектаклі выканалі гродзенскія акцёры Вольга Авасількі, Юрый Буракоў, Наталля Дацэнка, Аляксандр Енджаеўскі, Віталь Лявонаў, Васіль Прабадзяк.
Пасля заканчэння спектакля ўсіх чакаў прыемны сюрпрыз: кожны з гледачоў атрымаў зубную шчотку для таго, каб і пасля прэм’еры не забывацца — пра сваё здароўе трэба клапаціцца штодня. А ў хуткім часе тэатр плануе пазнаёміць з Карыусам і Бактусам і вясковых жыхароў Гродзенскай вобласці.

 Марына ДАНІЛЬЧЫК
Гродна