Сцэна са спектакля “Карыус і Бактус”. |
Яраслаў Антанюк — дырэктар і мастацкі кіраўнік Тэатра лялькі і акцёра з Ломжы — ужо ажыццявіў пастаноўкі гэтай гісторыі ў сваім тэатры ў Польшчы і ў Сербіі, а цяпер “загадкавыя істоты” Карыус і Бактус з’явіліся і на беларускай сцэне.
Карыус і Бактус распавядаюць не толькі маленькім дзецям, але і іх бацькам пра тое, як важна штодня чысціць зубы. Менавіта ў дзіцячым роце — велізарных “хатках”-зубах — і жывуць два гэтыя жартаўнікі-мікробы. Яны з задавальненнем смакуюць чупа-чупсы, цукеркі, але дастаткова ім убачыць “няпрошаных” шчотку і інструменты для зубоў, Карыус і Бактус спалохана хаваюцца.
Усе “зубныя” прылады ў спектаклі маюць вялікія памеры, таму іх з’яўленне на сцэне нязменна суправаджаецца дзіцячым здзіўленнем. Аўтарам дэкарацый і лялек з’яўляецца мастак Пшэмыслаў Карвоўскі, кампазітар — Богдан Шчэпаньскі, тэксты песень і пераклад з польскай мовы — Алега Жугжды. А ролі ў спектаклі выканалі гродзенскія акцёры Вольга Авасількі, Юрый Буракоў, Наталля Дацэнка, Аляксандр Енджаеўскі, Віталь Лявонаў, Васіль Прабадзяк.
Пасля заканчэння спектакля ўсіх чакаў прыемны сюрпрыз: кожны з гледачоў атрымаў зубную шчотку для таго, каб і пасля прэм’еры не забывацца — пра сваё здароўе трэба клапаціцца штодня. А ў хуткім часе тэатр плануе пазнаёміць з Карыусам і Бактусам і вясковых жыхароў Гродзенскай вобласці.
Марына ДАНІЛЬЧЫК
Гродна