"Зоркі" ў горадзе

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г

Ці да культуры ў Мінску замежным гастралёрам?
Калі вы думаеце, што замежныя артысты пасля сваіх выступаў у беларускіх гарадах адразу ж з’язджаюць у аэрапорт ці на вакзал альбо рэлаксуюць у рэстаранах ці гасцініцах, то думаеце правільна. Але некаторыя з іх, здараецца, усё ж замаўляюць арганізатарам канцэртаў нейкую культурную праграму, экскурсію па горадзе. Зрэшты, і прамоўтары, бывае, скіроўваюць гастралёраў на знаёмства з мясцовымі славутасцямі. І калі ўсё “зрастаецца”, з’яўляюцца здымкі накшталт тых, якія мы прапануем вашай увазе. А прадстаўнікі беларускіх канцэртных агенцтваў даюць каментарыі па дадзенай тэме.

/i/content/pi/cult/580/12888/13-1.jpgДырэктар канцэртнага агенцтва “Акварыум ВС” Віктар Паланейчык: “Калі зазіраць зусім-зусім у мінулае, то Барыс Грабеншчыкоў заўсёды выбіраў час для таго, каб абавязкова зайсці ў царкву. Ну а мінскія музеі ён, напэўна, усе абышоў. З апошніх такіх артыстаў, каго мы прывозілі і хто зацікавіўся культурным жыццём Мінска, назаву Яфіма Шыфрына. Гэта ўвогуле вельмі эрудзіраваны і інтэлігентны чалавек. Праязджаючы па горадзе, ён убачыў рэкламу арт-праекта “Час і творчасць Льва Бакста” ды папрасіў правесці яго на выставу. Восенню, дарэчы, Яфім Залманавiч збіраецца наведаць Брэсцкую крэпасць: гэта ж дзякуючы, у тым ліку, і вашай газеце стала вядома, што ў Вялікую Айчынную вайну сярод яе абаронцаў быў дзядзька Шыфрына!”

Дырэктар канцэртнага агенцтва “Лінія гуку” Уладзімір Шаблінскі: “Я даўно адзначыў для сябе такі факт: “папсавікі”, якіх прывозіла наша кампанія ў Мінск, калі ў іх выпадала некалькі вольных гадзін, выпраўляліся на Камароўку па экалагічна чыстыя прадукты альбо ішлі ў ДУМ ды ЦУМ — гэтыя дзве крамы лiчацца ў іх чамусьці запаведнікамі “саўка”. Старая артыстычная гвардыя там канкрэтна настальгуе па мінулым, напэўна, і архітэктура аказвае такі ўплыў. А рок-н-рольшчыкаў часам замест піўных бараў абіралі шпацыр па Траецкім прадмесці. Топавыя ж артысты амаль ніколі па горадзе не сноўдаліся: раптам народ пачне рваць куміраў на часткі?”

Дырэктар ТАА “Арт-Фьюжн” Марыя Драздова: “Нашы” гастралёры звычайна проста гуляюць па вуліцах тых гарадоў, дзе выступаюць. У свой апошні (на жаль, у прамым сэнсе) прыезд у Мінск па ім прайшоўся і лідар брытанскага гурта “Motorhead” Лэмі Кілмістар. П’ер Рышар, які нядаўна прадстаўляў у сталіцы свой монаспекталь “П’ер Рычард III”, таксама прагуляўся па ёй”.

Начальнік аддзела гастрольна-творчай і рэкламнай дзейнасці Канцэртнай залы “Мінск” Алена Гамялькова: “Алена Васілёк з расійскага поп-фольк-гурта “Белы дзень” абавязкова знаходзіць час, каб зазірнуць у які-небудзь куток Мінска. Яна творчы чалавек, яе цікавіць многае з таго, што мае дачыненне да культуры. Прынамсі, Нацыянальны мастацкі музей госця наведвала не раз”.

Вядучы рэдактар аддзела дзяржаўных, спецыяльных і культурна-відовішчных мерапрыемстваў Палаца Рэспублікі Вольга Гузнякова: “Аляксандр Разэнбаум папрасіў нас неяк арганізаваць яму паездку ў Хатынь. Ён досыць доўга там прабыў, павольна хадзіў, маўчаў, пра штосьці думаў. Быў ён і ў сталічным заапарку. Музыканты з калектыву Аляксандра Малініна наогул лічаць Мінск сваім, і як толькі з’яўляецца магчымасць, бягуць фатаграфавацца па горадзе. Юрыя Антонава, напэўна, нельга аднесці да замежных артыстаў у поўнай меры, але і ён любіць прайсціся па Мінску, пабываць у сваіх улюбёных куточках”.

Піяр-менеджар беларускага прадстаўніцтва кампаніі “Berin Art Management” Таццяна Быліна: “Як правіла, артысты, якіх мы прывозім, праз шчыльны графік, нават жадаючы пазнаёміцца са славутасцямі таго ці іншага месца альбо наведаць нейкае культурнае мерапрыемства, не паспяваюць гэтага зрабіць. Але выключэнні здараюцца. Так, летась на выставу “Вынаходніцтвы Да Вінчы” схадзілі Дзмітрый Хварастоўскі, Клара Новікава, Валерый Сюткін, Максім Дунаеўскі, Леанід Канеўскі. Сёлета ж калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея ўважліва агледзеў Уладзімір Співакоў, а зусім нядаўна быў у ім сусветна вядомы кітайскі піяніст Юндзi Лі, пабываўшы на выставе “Гойя... Пікаса”.

Спецыяліст па сувязях з грамадскасцю канцэртнага агенцтва “4A-Event” Вольга Жукевіч: “Звычайнае знаходжанне замежных артыстаў у нашай краіне выглядае так: прыезд — экскурсія па горадзе з акна аўтамабіля — адпачынак — канцэрт — вячэра — ад’езд у аэрапорт або на вакзал. Музыканты нямецкага гурта “Oomph!” папрасілі нас паказаць Нацыянальную бібліятэку, абмежаваўшыся, праўда, толькі яе аглядавай пляцоўкай...”

P.S. На заканчэнне ж хачу падзякаваць прадстаўнікам усіх арганізацый, якія ласкава пагадзіліся падзяліцца інфармацыяй ды фатаграфіямі. Мае прывітанні і тым, хто з нейкіх прычын адмовіўся пайсці на кантакт. І самы велізарны “рэспект”, мяркуючы па голасе ў слухаўцы, мабыць, вельмі мілай дзяўчыне з аднаго зусім не “бэта” і не “дэльта” тэатральна-канцэртнага агенцтва: марыце нарвацца на нічым не вытлумачаную няветлівасць — патэлефануйце туды!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"