Сольна і ў пары

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г

У Гомелі 8 красавіка адбыўся абласны семінар-практыкум для кіраўнікоў харэаграфічных калектываў — удзельнікаў ХIII Рэспубліканскага конкурсу пар-выканаўцаў беларускіх народных побытавых танцаў. Апошні пройдзе ў рамках ІХ Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу фальклорнага мастацтва “Берагіня” ў гарпасёлку Акцябрскі на Гомельшчыне 23 — 26 чэрвеня.

/i/content/pi/cult/580/12886/12-1.jpgАрганізатар семінара-практыкуму, аддзел народнай традыцыйнай культуры Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці, установу ў Гомелі абраў базай, каб даць магчымасць кіраўнікам-харэографам пазнаёміцца з дзейнасцю раённай школы народна-побытавага танца, якая дзейнічае цягам 14 гадоў і паспяхова рыхтуе танцавальныя пары, у тым ліку для “Берагіні”.

Сёлета школу на фестывалі прадставіць адна пара старэйшай узроставай катэгорыі, што, як і ўсе іншыя ўдзельнікі, прайшла адбор на абласным конкурсе выканаўцаў народных побытавых танцаў “Вытокі”. У гэтым конкурсе, зладжаным ГАЦНТ у красавіку ўжо ў сёмы раз, прынялі ўдзел больш за 160 пар з 21-го раёна вобласці. Пераможцамі сталі танцоры з Акцябрскага, Гомельскага, Веткаўскага, Буда-Кашалёўскага, Добрушскага, Кармянскага, Лельчыцкага, Лоеўскага, Петрыкаўскага, Хойніцкага раёнаў, якія і будуць змагацца за званне лепшых на рэспубліканскім конкурсе падчас “Берагіні”. Кіраўнікі гэтых пар і сабраліся на семінар-практыкум.

Былі абмеркаваны патрабаванні да ўдзельнікаў спаборніцтва, чыю праграму складаюць 30 танцаў у 5 узроставых катэгорыях. Большасць часу практыкуму была адведзена на развучванне танцаў, што раней не ўваходзілі ні ў абласны, ні ў рэспубліканскі конкурсы. У архівах з гэтай мэтай адшукалі экспедыцыйныя відэазапісы з Гомельскай вобласці, па якіх таньчаць “Барыню”, “Шамяля”, “Яблычка”, варыянты танцаў “Абэрак”, “Верабей”, “Грачанікі”, “Ліцвін”, “Пцічкі”. Удзельнікаў падзеі зацікавілі лакальныя варыянты раней вядомых ім танцаў: “Ва саду лі”, “Ночка”, “Ойра”, “Полька імправізаваная”, полька “Верацяно”, “Субота”. У практыкум уваходзіла таксама праграма конкурсу салістаў на лепшае выкананне беларускіх традыцыйных народных танцаў “Мікіта”, “Жабка”, “Чобаты”, што адбудзецца на “Берагіні” ўпершыню.

Пасля практычнай часткі кіраўнікі танцавальных пар змаглі падзяліцца досведам ранейшага ўдзелу ў мерапрыемствах “Берагіні”, бо многія з іх неаднаразова і з поспехам рыхтавалі ўдзельнікаў для іх. Цікавым быў вопыт па прыцягненні да танцавальных заняткаў дзяцей, падрыхтоўкі касцюмаў для ўдзельнікаў, выканання планаў паслуг. Самым дадатным у імпрэзе стала магчымасць падтрымаць ранейшыя кантакты з калегамі і завязаць новыя стасункі.

Дадамо, што прадставіць Гомельскую вобласць на ІХ Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе фальклорнага мастацтва “Берагіня” рыхтуюцца малодшыя ўдзельнікі народнага ансамбля музыкі, песні і танца “Лёс” Бабіцкага сельскага цэнтра народнага танца, музыкі і песні Чачэрскага раёна — на VII Рэспубліканскім турніры дзіцяча-маладзёжных фальклорных калектываў; а таксама — народны фальклорны калектыў “Таняжанка” Тонежскага сельскага дома культуры Лельчыцкага раёна — на аглядзе-прэзентацыі аўтэнтычных гуртоў. Свае калектывы рыхтуе і гаспадар фестывалю — Акцябрскі раён.

Ірына ГЛУШЭЦ, метадыст па этнаграфіі і фальклоры Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці

На здымках: моманты семінара-практыкума.

Фота Таццяны ПАЎЛЮК