“Запатрабаваны адноўленыя помнікі”

№ 16 (1246) 16.04.2016 - 23.04.2016 г

Стваральнікі “Спадчыны Беларусі” — пра нашу спадчыну
“Спадчына Беларусі” — той фаліянт, які стаўся знакавым на пачатку 2000-х, змяніўшы ўспрыяцце пра нашу краіну як замежнікаў, так і суайчыннікаў. Прэмія “За духоўнае адраджэнне”, шматлікія перавыданні (сумарны наклад — больш за 45 тысяч асобнікаў), развіццё праекта, які ўключае ў сябе і цыкл тэлеперадач, кнігу “Скарбы Беларусі”... Аўтары праекта, журналісты Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў патрапілі ў чаканні беларускага грамадства як у дачыненні да гісторыі, так і адносна сучаснасці. Але наша размова з Алегам і Аляксандрам закранула і тое, што перашкаджае сёння развіццю турызма ў нашай краіне, што неабходна, каб захаванне і папулярызацыя архітэктурнай і гістарычнай спадчыны Беларусі адбывалася на новым узроўні. Балазе адбылася яна напярэдадні Міжнароднага Дня помнікаў і памятных мясцін — 18 красавіка.

/i/content/pi/cult/583/12880/6-1.jpg

Аляксандр Аляксееў і Аляксандр Лукашэвіч. / Фота Аляксея Смольскага

А.А.: — Для нас са “Спадчынай Беларусі” было важна стварыць комплексны, сістэмны падыход па прадстаўленні гісторыі і культуры Беларусі на аснове навукова-даследчай працы. Стараліся падысці абгрунтавана да выбару архітэктурнай спадчыны і прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва нашай краіны, каб максімальна адлюстраваць не толькі самабытнасць і ўнікальнасць Беларусі, але і паказаць яе значнасць у сусветным развіцці. Кожнае новае выданне і з’яўляецца пэўным этапам, бо ў кожным абагульняем і ўключаем удакладненую і дапоўненую інфармацыю, якую змаглі падрыхтаваць за гэты час. Наш мастацкі праект “Спадчына Беларусі” — жывы, ён не стаіць на месцы і патрабуе сталай працы.

А.Л.: — Яшчэ калі задумвалі праект, дык усведамлялі: данесці інфармацыю пра нацыянальную спадчыну шырокай грамадскасці можна з дапамогай фатаграфіі і відэа. Таму фатаграфія стала асновай нашых альбомаў, а відэа легла ў аснову 100-серыйнага цыкла “Наша спадчына”. Пасля напісалі у прэсе: “Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч першымі з фотамастакоў у гісторыі незалежнай Беларусі, пачалі разбураць стэрэатып “вясковай” краіны”. А мы мэтанакіравана вырашылі паказаць архітэктурнае багацце і разнастайнасць усіх рэгіёнаў Беларусі. А потым і праз шыкоўныя прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія знаходзяцца ў музейных і царкоўных фондах. Так тэма прадметаў з каштоўных металаў стала асновай другога альбома “Спадчына Беларусі. Скарбы”.

Шчыльна супрацоўнічаем з навукоўцамі, музейнымі работнікамі не толькі ў Беларусі. Да прыкладу, у другім альбоме ёсць прадметы, якія нам дапамагалі атрыбутаваць па клеймах замежныя спецыялісты. А ў 2009-м мы вырашылі паказаць найлепшае з архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў адным альбоме — і выйшла наступнае выданне “Скарбы Беларусі”. А ўжо сёлета публіцы прадставілі цалкам абноўленую “Спадчыну Беларусі”.

— Чаму было важным у 2014 — 2015 гадах дапоўніць “Спадчыну…” здымкамі?

А.Л.: — Праект мае запатрабаванасць, таму што ён развіваецца, дапаўняецца і абнаўляецца. Тое, што было 10 гадоў таму, можа сёння ўжо не адпавядаць рэчаіснасці. Да прыкладу, палацава-паркавы ансамбль у Нясвіжы цалкам адноўлены. Як ён выглядаў у 2004 годзе, можна убачыць на 100- тысячнай беларускай купюры, і менавіта наш фотаздымак стаў яе правобразам. А мэта новага альбома — паказаць, як выглядаюць помнікі сёння.

А.А.: — Важная асаблівасць новага выдання — выкарыстанне ў ім трох моў, каб як мага больш публікі прыцягнуць і азнаёміць з гісторыяй і культурай Беларусі. Мы стараліся падчас правядзення здымак і падбору матэрыялу зрабіць упор на тым, што зможа зацікавіць нават спрактыкаванага замежнага гледача. Да прыкладу, у новай кнізе-альбоме больш падрабязна паказаны ўнікальны фрэскавы роспіс XII стагоддзя Спаса-Праабражэнскай царквы Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку. У сувязі з тым, што рэстаўрацыйныя рыштаванні ў храме прыбралі, многія здымкі паўтарыць практычна немагчыма. Раздзелы па кожнай вобласці дапоўнены найбольш цікавымі архітэктурнымі збудаваннямі. У альбоме з’явіўся палац графа Пацёмкіна ў Крычаве, паказаны больш падрабязна залы палаца Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі, распаведзена аб палацавым ансамблі старадаўняга беларускага роду Сапегаў у Ружанах, сваё месца заняў Траецкі касцёл у мястэчку Воўчын, дзе пахавалі астанкі апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Вядома, з’явілася больш імёнаў гістарычных асобаў і інфармацыі пра іх уклад у развіццё беларускіх земляў.

— Ці адчуваеце вы, што інтарэс да беларускай культуры з боку ўладаў, грамадства, замежнай супольнасці ўзмацніўся за 13 гадоў існавання праекту?

А.Л.: — Калі мы пачыналі ў 2004 годзе, вядома ж, не маглі спрагназаваць, што літаральна за дзесяцігоддзе Беларусь зробіць вялізны крок наперад у плане аднаўлення архітэктурнай спадчыны. Завяршыліся найбуйнейшыя рэстаўрацыі Нясвіжа, Міра. Ды што казаць: дзесяць гадоў таму мы не меркавалі, што будуць адроджаны сядзіба ў Скоках, палацы ў Пінску, Залессі, што адновяць столькі храмаў... І вядома, гэты велізарны матэрыял трэба было паказаць, адлюстраваць архітэктурную спадчыну краіны так, як яна выглядае сёння, а не 10 ці 15 гадоў таму.

Чаму мы прынялі рашэнне паказваць не руіны, а тое, што добра захавалася? Справа ў тым, што кніга першапачаткова была адрасавана самім беларусам, каб узняць іх самасвядомасць, каб яны адчулі гонар за сваю краіну. У нас, на жаль, няма такіх руін, як рымскі Калізей, а ганарыцца руінамі млына або адной са шматлікіх сядзібаў… Карацей, нам было важна знайсці і падкрэсліць тое, што захавалася. І гэта ўдалося.

А.А.: — Праца над праектам пацвердзіла рост цікавасці да ўласнай гісторыі і культуры саміх беларусаў. Радуе, што на дзяржаўным узроўні прынята шэраг праграм, у тым ліку — “Замкі Беларусі”. Аднак, па ранейшаму “белай плямай” застаецца недахоп інфармацыі пра Беларусь за мяжой. Праводзячы міжнародныя выставы і прэзентацыі ў іншых дзяржавах, кожны раз пераконваліся: неабходна як мага больш даваць інфармацыі пра нашу краіну. На жаль, замежным гледачом шмат у чым кіруюць старыя стэрэатыпы, яны практычна нічога не ведаюць пра сучасную Беларусь. Мы вельмі часта сустракаем хвалю здзіўлення дапытлівых замежнікаў пасля прагляду нашых альбомаў або наведвання выстаў. Яны не могуць паверыць, што наша Беларусь насамрэч мае такую багатую гісторыю і культуру, што тут развіваліся ўсе віды мастацтваў, надавалася вялікая ўвага навуцы і адукацыі, былі свае мецэнаты. Тыя ж нашы кнігі-альбомы сталі візітоўкамі нашай краіны і разумным было б не губляць гэтыя напрацоўкі, як мага больш распаўсюджваць іх за мяжой у якасці прэзентацыйнай прадукцыі.

— Вашы выданні дэманструюць перліны нашай спадчыны праз асабістыя погляды, якія ўбіраюць у сябе досвед назірання, параўнання, візуальнай падачы. Але будзем шчырымі, не ўсе аб’екты спадчыны знаходзяцца ў выдатным, нават добрым, стане. Што застаецца па-за “прыгожай карцінкай”? Што адбываецца, калі вы прыязджаеце на “аб’ект”?

А.А.: — Пастаянна працуючы з мастацкай фотаздымкай архітэктурнай спадчыны, асабліва востра бачыш праблему добраўпарадкавання тэрыторыі вакол яе. На жаль, вакол многіх помнікаў архітэктуры засталася непрывабная савецкая спадчына ў выглядзе вытворчых або сельскагаспадарчых пабудоў, якія парушаюць архітэктурную або паркавую прастору помніка.

А.Л: — Важна таксама адзначыць, што на прыкладзе адноўленых замкавых комплексаў у Міры і Нясвіжы мы сёння пераконваемся, наколькі запатрабаваныя менавіта адноўленыя і належным чынам добраўпарадкаваныя помнікі гісторыі з пункту гледжання турызму. Гэта адзін аспект. А з іншага боку, вырастае новае пакаленне людзей, якое бачыць помнікі нашага слаўнага мінулага і разумее, што Беларусь з’явілася не пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, не пасля Другой сусветнай вайны, што мы маем багатую тысячагадовую гісторыю.

— Якія помнікі, аб’екты архітэктурнай спадчыны, на ваш погляд, трэба абавязкова захаваць ці ўключыць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей? (Летась каля 100 аб’ектаў з пераліку выключылі з розных прычын.)

А.А.: — На жаль, з-за шматлікіх войнаў, ліхалеццяў і спусташэнняў Беларусь многае страціла. І не зразумела, калі помнікі, якія дайшлі да нашых дзён, руйнуюцца. Да прыкладу, цяжка назіраць, як руйнуецца сядзібна-палацавы комплекс Умястоўскіх у Жамыслаўлі, а ён жа створаны па прыкладзе каралеўскага палацава-паркавага ансамбля ў варшаўскіх Лазенках! Вельмі балюча бачыць як сыходзіць у забыццё палац Валовічаў у Свяцку пад Гродна, а ў ім яшчэ захаваліся рэшткі арыгінальнага інтэр’ера…

А.Л.: — На наш погляд, трэба абавязкова захаваць тое, што ўжо ўключана ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. І вельмі важна не скарачаць фінансаванне на рэстаўрацыю, адраджэнне помнікаў архітэктуры. Варта павялічваць магчымасці па набыцці прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у тым ліку за кошт дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Ну і, вядома, ствараць самыя прывабныя умовы для мецэнатаў, якія падцвердзілі свае намеры ўжо рэалізаванымі праектамі ў галіне культуры.

— Што з’яўляецца, на вашу думку, галоўнай праблемай у захаванні і папулярызацыі нашай культуры?

А.А.: — Я сказаў бы, што культура — і ёсць усё наша жыццё. Калісьці мы падарылі нашы альбомы ў Брытанскі музей, і ў нас адбылася размова з яго галоўным захавальнікам. Ён задаў пытанне: што ж пакінулі нам папярэднія пакаленні чалавецтва? Я задумаўся і пачаў пералічваць розныя прадметы, помнікі... А ён кажа: “Але ж усё гэта — аб’екты культуры!” І ён меў рацыю.

Нездарма гісторыкі выкарыстоўваюць тэрмін “культурны пласт”, кажучы пра ўсю сукупнасць слядоў дзейнасці чалавека, якія адносяцца да той ці іншай эпохі. Калі ж казаць пра культуру як ступень адукаванасці, то чалавек без культуры немагчымы. Культурны чалавек — чалавек той, хто спазнае і думае, які ведае сябе, сваіх продкаў, які разумее, чым жыве ягоная краіна і куды яна ідзе. Вельмі важна, што 2016-ы абвешчаны Годам культуры, таму што культура — галоўная стваральная сіла.

А.Л.: — Хацелася б, каб культуры надаваліся першачарговыя значэнне і ўвага. І Год культуры, на маю думку, не павінен замыкацца каляндарным годам: ён мае быць перманентным. Дзяржава павінна разумець, што культура павінна мець адно з першых месцаў у дзяржбюджэце. Інвестыцыі ў культуру — гэта не толькі ўкладанні ў імідж. Менавіта культурныя людзі, людзі высокаадукаваныя, якія шануюць і асэнсоўваюць сваю спадчыну могуць “падцягнуць” на высокі ўзровень ўсе сферы жыцця грамадства і рухаць нацыю далей, у будучыню.

— Як быць?

А.А.: — Адной з галоўных праблем Беларусі ў захаванні і папулярызацыі ўласнай культуры з’яўляецца адсутнасць сістэмнага падыходу па яе развіцці. Неабходны перагляд падачы матэрыялу пра гісторыю Беларусі на ўзроўні адукацыі. На жаль, практычна на мінімальным узроўні даецца інфармацыя аб нашай краіне за мяжой. Сэрвіс і добраўпарадкаванне каля гістарычных помнікаў архітэктуры асабліва мае патрэбу ў сур’ёзным развіцці. Неабходна стварэнне і развіццё ўласных школ па рэстаўрацыі і рэканструкцыі. Павінна праводзіцца мэтанакіраваная палітыка культурнага абмену, што закранае вяртанне вывезеных з тэрыторыі Беларусі прадметаў мастацтва. Сучасныя віды мастацтва павінны развівацца з улікам і ў рэчышчы апошніх агульнасусветных тэндэнцый.

А.Л: — Галоўнае, не паддавацца цяжкасцям, любіць сваю краіну і шчыра рабіць усё, што ад цябе залежыць, для развіцця гісторыі і культуры. У нас маладая незалежная дзяржава, за гады працы над праектам “Спадчына Беларусі” мы яшчэ раз пераканаліся, як узрасла самасвядомасць нашых людзей, колькі адроджана гістарычнай спадчыны, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, як беларусы ўсё больш падарожнічаюць па Беларусі, і як маладое пакаленне з гонарам успрымае спадчыну папярэдніх пакаленняў.

/i/content/pi/cult/583/12880/6-2.jpg

Дарэчы

Тыя, што бліжэй да сэрца...

Мы папрасілі герояў інтэрв'ю, аўтараў праекта "Спадчына Беларусі", вылучыць некалькі помнікаў, якія найбольш уразілі іх пры падрыхтоўцы чарговага выдання кнігі-альбома. "Тыя, што бліжэй да сэрца..." — так сфармулявалі сваё пытанне мы. Такім чынам, выбар Алега і Аляксандра — касцёлы ў Гярвятах і ў Новай Мышы, а таксама палац Сапегаў у Ружанах.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"