“Грай жа, дудка…”

№ 16 (1246) 16.04.2016 - 23.04.2016 г

Да 125-годдзя выхаду першага беларускамоўнага паэтычнага зборніка Францішка Багушэвіча “Дудка беларуская” Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры распачаў конкурс “Мая дудка”. Трэба спадзявацца, што нашы работнікі культуры, якія цяпер яшчэ і ідэалогіяй займаюцца, падзею не абмінуць.

Да ўдзелу ў праекце запрошаны школьнікі, студэнты, маладыя людзі ўзростам ад 14 да 29 гадоў. Ён утрымлівае наступныя намінацыі і тэмы: “відэа” — чытанне вершаў са згаданага зборніка ці вершаў, прысвечаных Францішку Багушэвічу; “літаратура” — стварэнне эсэ і вершаў, “выяўленчае мастацтва” — стварэнне малюнка, скульптуры, паштоўкі, пано, калажу, уласнаручнага вырабу; “музыка” — стварэнне альбо выкананне. Тры апошнія намінацыі прадугледжваюць тры канкрэтныя тэмы: беларускую, пра родную мову і аўтара зборніка “Дудка беларуская”. Прапанаваная творчая прастора можа быць з поспехам выкарыстана падчас любога клубнага, музейнага, бібліятэчнага мерапрыемства не толькі ў сталічных, але і ў абласных, раённых ды сельскіх установах культуры.

Прыём работ — да 29 ліпеня ўключна. Прымаюцца індывідуальныя творы (у друкаваным або напісаным ад рукі выглядзе). Іх можна адправіць па пошце, на электронны адрас ці прынесці ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры з пазнакай імя і прозвішча, месца працы і навучання, паштовага ці электроннага адрасу, нумару тэлефона. Улічваючы масавасць меркаванага ўдзелу ў конкурсе “Дудка беларуская”, супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры прынялі абмежаваны аб’ём работ: для прозы — не больш за адзін друкаваны аркуш, для вершаў — не больш за 250 радкоў. Для мастацкіх і музычных твораў аб’ём не абмежаваны. Аб падрабязнасцях конкурснага палажэння можна даведацца на афіцыйным музейным сайце.

У журы конкурсу запрошаны пісьменнікі, дзеячы культуры, даследчыкі творчасці Францішка Багушэвіча, сябры творчых суполак. Журы мае права заснаваць дадатковыя намінацыі. Пераможцы па кожнай з іх будуць узнагароджвацца запрашальным білетам на наведванне музея і ўсіх яго мерапрыемстваў цягам бягучага года, дыпломамі і прызамі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"