Кветкі культур

№ 16 (1246) 16.04.2016 - 23.04.2016 г

З 27 красавіка па 7 мая Мінск будзе сустракаць удзельнікаў VI Міжнароднага культурнага фестывалю “Кветкі Расіі”. Праект, скіраваны на развіццё творчага і эстэтычнага выхавання падрастаючага пакалення, праводзіцца пад эгідай Міністэрства культуры суседняй дзяржавы пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі.

Галоўнай пляцоўкай форуму стане Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача. Форум распачнецца з “круглага стала”, прысвечанага сацыяльна-культурнаму і дасугаваму выхаванню дзяцей. У дыскусіі прымуць удзел вядучыя спецыялісты Беларусі і прадстаўнікі найбуйнейшых школ мастацтваў Масквы і Санкт-Пецярбургу. Увечары таго ж дня падчас афіцыйнага адкрыцця фестывалю пройдзе гала-канцэрт лаўрэатаў і дыпламантаў усерасійскіх і міжнародных музычных конкурсаў. Са сцэны ў выкананні юных піяністаў, баяністаў, скрыпачоў, флейтыстаў прагучыць класіка.

28 красавіка Екацярынбургскі тэатр юнага гледача прадставіць мінчанам “Каштанку”. (Спектакль удзельнічаў у міжнародных тэатральных фестывалях Эстоніі, Польшчы, Германіі, Сербіі, Аўстрыі, Харватыі, Італіі, Вялікабрытаніі, Румыніі, а на радзіме атрымаў прэстыжную Нацыянальную прэмію “Залатая маска”.) На наступны дзень запланаваны майстар-класы. У харэаграфічнай гімназіі-каледжы чакаюць прэм’ера Марыінскага тэатра, лаўрэата міжнародных конкурсаў Уладзіміра Шклярава, а ТЮГ падорыць сустрэчу з Андрэем Шымко — акцёрам тэатра і кіно, лаўрэатам “Залатой маскі”, педагогам Санкт-Пецярбургскай акадэміі тэатральнага мастацтва і інстытута “Школа рускай драмы” імя Ігара Гарбачова.

У рамках форуму запланавана экспазіцыя дзіцячага малюнку, а таксама інтэрактыўная выстава “Чароўны свет марыянетак” Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэатра марыянетак імя Яўгена Дэмяні. Тут гледачы не толькі пабачаць калекцыю аўтарскіх тэатральных лялек, але і ў інтэрактыўным фармаце пагутараць з прафесійнымі артыстамі-лялькаводамі.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"