Дом, які абнавілі ў Кобрыне

№ 16 (1246) 16.04.2016 - 23.04.2016 г

У пачатку красавіка адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў абноўлены Дом-музей Аляксандра Суворава — частка музейнага комплексу Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя гэтага палкаводца. За два гады тут былі праведзены бягучы рамонт і цалкам абноўлена экспазіцыя.

/i/content/pi/cult/583/12874/3-1.jpgЯк адзначыла “К” дырэктар установы культуры Алена Бабенка, для правядзення рамонтных работ Дом-музей быў зачынены для наведвальнікаў яшчэ ў канцы 2013 года. І толькі ў красавіку асноўныя работы на абноўленай экспазіцыі былі завершаны.

Цяпер тут можна ўбачыць калекцыі абмундзіравання, зброі, старадаўняй мэблі, прадметаў побыту XVIII стагоддзя. Сярод найбольш цікавых рарытэтаў — асабістыя рэчы расійскіх імператараў Пятра III (напрыклад, ягоны парадны капялюш), Паўла I, вялікага князя Канстанціна Паўлавіча, узоры памятнай і дарчай зброі, сярод якіх — шабля з імянным надпісам атаману Осіпу Шчарбакову ад імператрыцы Лізаветы Пятроўны... Да таго ж у абноўленай экспазіцыі прадстаўлены партрэты, напісаныя прыкладна 300 гадоў таму.

Як адзначыла “К” начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кобрынскага райвыканкама Надзея Жук, пад бягучы рамонт музейнай установы з раённага бюджэту былі выдаткаваны 800 мільёнаў рублёў. Змена экспазіцыі “пацягнула” на суму каля 1 мільярда 600 мільёнаў рублёў. Такім чынам, агульны кошт — немалая сума для раённага бюджэту любога горада Беларусі. На завяршальным этапе, як адзначыла Алена Бабенка, музейная экспазіцыя даводзілася да ладу гаспадарчым спосабам. Таксама да ўдзелу ў работах над экспазіцыяй былі прыцягнуты супрацоўнікі мясцовага мастацкага каледжа, якія зрабілі драўляныя рамкі для плоскасных матэрыялаў. З’яўленню экспазіцыі паспрыялі і мясцовыя прадпрымальнікі: адзін з іх, па словах дырэктара ўстановы культуры, зрабіў пластыкавыя шчыты, на якіх размяшчаюцца копіі фотаматэрыялаў.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"