Рок-н-рол з лялькамі

№ 16 (1246) 16.04.2016 - 23.04.2016 г

У сталіцу вяртаецца Міжнародны фестываль тэатраў лялек, які традыцыйна ладзіцца раз на два гады. З 13 па 17 мая ён пройдзе ў Мінску ў дзявяты раз. За 5 дзён пакажуць 14 спектакляў з Беларусі, Ізраіля, Польшчы, Літвы, Украіны і Расіі. Форум арганізуюць Міністэрства культуры нашай краіны, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Беларускі дзяржаўны тэатр лялек.

Як распавёў на прэс-канферэнцыі мастацкі кіраўнік форуму Аляксей Ляляўскі, для фестывалю вельмі важныя тры чыннікі: пляцоўкі, якасць спектакляў і фінансаванне, каб запрасіць лепшыя калектывы. Па меркаванні выступоўцы, з пляцоўкамі ў сталіцы апошнім часам стала лепш. Дзякуючы новай сцэне Маладзёжнага тэатра, рэстаўраванаму ТЮГу, новай Камернай сцэне Купалаўскага тэатра, а таксама пры дапамозе Новага драматычнага тэатра арганізатары змаглі прадставіць свет тэатра лялек ва ўсёй сваёй разнастайнасці жанраў і формаў, а таксама арганізацыйна-творчых структур (у Мінск прыедуць дзяржаўныя, сярод іх — акадэмічныя, а таксама прыватныя ўстановы). Сёлетняя праграма традыцыйна складаецца з дзвюх частак, каб распавесці, што робіцца ў Беларусі і што адбываецца вакол. Дадам, штораз лялечнікі імкнуцца найбольш поўна прадставіць адну з краін-удзельніц. Калі два гады таму хэдлайнерам была Польша, то зараз гэтая прэрагатыва будзе за расійскімі тэатрамі.

Цікава, што ў асноўным спектаклі сёлетняй афішы прызначаны для дарослай аўдыторыі, а сярод назваў для малечы сустракаюцца такія, што закранаюць зусім “недзіцячыя” тэмы — скажам, “Гусыня, смерць і цюльпан” тэатра “Бай” з Варшавы. У літаратурным падмурку большасці пастановак значыцца сусветная класіка. Напрыклад, Пензенскі абласны тэатр “Лялечны дом” прывозіць “Забіць Караля” Славаміра Мрожака (між іншым, спектакль атрымаў чатыры “Залатыя маскі”!). Адным з выключэнняў стане “Ваня” санкт-пецярбургскага тэатра “Karlsson Haus”, пастаўлены па арыгінальнай п’есе Аляксея Ляляўскага. Дарэчы, гэты спектакль галоўнага рэжысёра Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек ужо атрымаў тэатральную прэмію Санкт-Пецярбурга “Залаты сафіт” і намінаваны на “Залатую маску” бягучага года.

Прэс-сакратар фестывалю Любоў Дзёмкіна паабяцала ладзіць для крытыкаў і журналістаў штодзённыя абмеркаванні ў дыскусійным клубе. Прадстаўнікі тэатра “Мафтэах” (“Ключ”) з Тэль-Авіву правядуць 16 мая адкрыты майстар-клас у Акадэміі мастацтваў. “Разыначкай” каляфестывальных мерапрыемстваў стане ўнікальны вечар тэатральнай музыкі “Лялечны рок-н-рол” ад групы “Нагуаль”. Лідар гурта Леанід Паўлёнак сам прапанаваў арганізатарам сыграць “жыўцом” кампазіцыі, якія былі напісаны ім спецыяльна для тэатраў лялек. “Гэта цікавы эксперымент, калі можна будзе пачуць сапраўдную тэатральную музыку ў тым ідэальным выкананні, у якім яна задумана. Пры ўзнаўленні на камп’ютарнай тэхніцы губляецца шмат нюансаў. І толькі на такіх выступленнях разумееш, як усё ж шкада, што ў нашых тэатрах больш няма жывых аркестраў”, — падзяліўся развагамі спадар Аляксей.

Праводзячы сёлетні форум, арганізатары ўжо задумваюцца пра яго далейшы лёс. “Хочацца верыць, што, нягледзячы на фінансавыя складанасці, адбудзецца наступная сустрэча з сапраўднымі знаўцамі тэатральнага мастацтва, — дадаў дырэктар фестывалю Яўген Клімакоў. — Тым больш, што праз два гады адзначыць дзесяцігоддзе, а наш тэатр — 80-я ўгодкі з дня заснавання”.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"