Пра Ізраіль — за кавай

№ 16 (1246) 16.04.2016 - 23.04.2016 г

З 18 красавіка па 19 мая ў Беларусі пройдуць Дні культуры Дзяржавы Ізраіль. Прычым звыклы фармат падобных “дзён” стане гэтым разам больш “ажыўленым”.

За перыяд “знаёмстваў” з культурай іншых краін, якія доўжацца, бывае, і месяц, можна, прынамсі, займець прадстаўленне пра пэўныя звычаі іншаземцаў. (Памятаю, як у кінатэатры “Цэнтральны” падчас фестывалю ізраільскага кіно паказвалі фільм “Матывацыя нуль” рэжысёра Талія Лаві пра службу дзяўчат у арміі. Гледачы траплялі ў гэтае армейскае жыццё разам з гераінямі Зоар і Дафі, былі з імі ад першага дня да канца службы… Запомніўся фільм не толькі эмоцыямі ці мастацкімі ўражаннямі, але і паказанымі абставінамі, сітуацыямі, уласцівымі далёкай краіне). Фармат дзён культуры тым і прываблівае, што праз мастацтва — вобразную сістэму — мы знаёмімся, пачынаем арыентавацца і ў грамадскіх праблемах, асаблівасцях традыцый замежжа… Можна лічыць такое збліжэнне не толькі знаёмствам, але ў некаторым сэнсе выказваннем: краіны прамаўляюць праз культурныя праявы пра набалелае, цікавае, яскравае… А гледачы тым часам “прамацваюць” прадстаўленую тэрыторыю, знаходзяць тое, што адпавядае ўнутранаму стану ці інтарэсам.

Падчас прэс-канферэнцыі Часовы Павераны ў справах Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Юлія Рачынскі-Співакоў, адзначыла, што акцэнт у праграме будзе зроблены на сем’ях, маладом пакаленні, дзецях. Таксама спадарыня Юлія распавяла, з чым пазнаёмяцца жыхары некаторых абласных цэнтраў. Так, напрыклад, выстава ілюстрацый да дзіцячых кніг Ліоры Гросман пройдзе ў Брэсце апошнім вясновым месяцам, у гэты ж перыяд той, хто не змог убачыць праект “Apparitions” Густава Сагорскага падчас Месяца фатаграфіі ў Мінску, зможа ў Віцебску. А жыхарам Гродна прапануецца прагляд фільму “Медузы” пісьменніка, драматурга і сцэнарыста Этгара Керэта. Гэтай кінастужкай 18 красавіка ў сталічным кінатэатры “Цэнтральны” і адкрыюцца Дні культуры Ізраіля. А ўжо 20 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы адбудзецца прэзентацыя кнігі “Сем добрых гадоў” таго самага Керэта. Гэта не першая кніга аўтара, перакладзеная на беларускую мову. У гэты ж дзень можна будзе паслухаць лекцыю ізраільскага пісьменніка, дзе ён распавядзе, як напісаць аповед. Ужо зусім мала часу засталося да Міжнароднага фестываля тэатраў лялек. Ізраільскі тэатр “Мафтэах” (“Ключ”) прадставіць казачнае прадстаўленне без слоў “Калі ўсё было зялёным”.

Фармат “Дзён” стаў больш “жывым”, “гнуткім”, дапоўніўшыся і размовамі пра Ізраіль за кавай. Новы фармат прадугледжвае серыю лекцый пра ІТ, культуру і побыт (тую ж службу ў арміі).

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст