Правілы паводзін з аўтарскім правам

№ 16 (1246) 16.04.2016 - 23.04.2016 г

З 4 красавіка ўступілі ў сілу змены ў Кодэксе пра адміністрацыйныя правапарушэнні адносна сферы аўтарскага права. Пра тое, у чым сутнасць новаўвядзенняў, а таксама пра правілы паводзін у адкарэктаваным заканадаўчым полі карэспандэнту “К” распавёў начальнік Цэнтра па калектыўным кіраванні Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Аляксей Бічурын.

— Гаворка ідзе не столькі пра змяненні, колькі пра дапаўненні, бо некаторых пунктаў у артыкуле Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях, якіх раней не хапала. Мяркуючы па рэзанансе ў грамадстве, першае, што ўсіх усхвалявала, — гэта дапаўненне артыкула такім пунктам, як захаванне кантрафактных матэрыялаў і твораў з мэтай іх распаўсюджвання. Сапраўды, раней захаванне асобнікаў твора не разглядалася ў якасці парушэння аўтарскага права, — зазначае Аляксей Бічурын.

Аказваецца, ідэя стварэння нормы, якая ўстанаўлівала б адказнасць за гэткую форму правапарушэння, даўно ўзнікла ў Міністэрстве ўнутраных спраў і была звязана з неабходнасцю супрацьдзеяння піратам. “Гадоў пяць — сем таму ў Беларусь, — згадвае візаві, — актыўна ўвозілі партыі носьбітаў з кантрафактнымі аўдыя- і відэаматэрыяламі. Аднак нават затрымаўшы фуру з нелегальнымі дыскамі, праваахоўным органам было складана прыцягнуць да адказнасці за такога кшталту парушэнні: не мелася магчымасці юрыдычна даказаць згодна з заканадаўствам, якое дзейнічала на той момант, што дыскі незаконна прадаюцца на тэрыторыі нашай рэспублікі. Уладальнікі “калекцыі” заяўлялі нешта накшталт: “Я вельмі люблю музыку і ўсе гэтыя кампакты для майго асабістага праслухоўвання”. Па законе піратаў патрэбна было злавіць, так бы мовіць, за руку. Таму МУС і працавала над тым, каб унесці гэтыя змяненні”.

— Я ажыццяўляю дзейнасць у галіне кіравання правамі, а таксама шчыльна супрацоўнічаю з праваахоўнымі органамі. Маё асабістае адчуванне, што новаўвядзенні ў заканадаўства значна адсталі ад часу, бо рынак матэрыяльных носьбітаў з асобнікамі твораў і сам па сабе сціскаецца, такога кшталту прадукцыя ўжо не карыстаецца тым попытам, які меўся гадоў пяць таму… Аднак норма можа атрымаць новае жыццё праз праламленне на сферу лічбавых тэхналогій.

На маю думку, хутчэй за ўсё яе будуць скарыстоўваць у дачыненні да тых асоб, якія ажыццяўляюць камерцыйную дзейнасць праз распаўсюджванне твораў у электронных форме альбо захоўваюць і незаконна распаўсюджваюць аб’екты аўтарскага права праз сацыяльныя сеткі ці з дапамогай іншых магчымасцяў Інтэрнэта. Напрыклад, той, хто мае на камп’ютары без прававых падстаў медыябібліятэку, да якой адкрыты доступ іншым карыстальнікам, па змаўчанні здзяйсняе правапарушэнне і можа быць прыцягнуты да адказнасці.

З 4 красавіка ўзнята ніжняя планка памеру адміністрацыйнага пакарання і канкрэтызавана сама сума спагнання. Раней яна пачыналася з 20 базавых велічынь, адпаведна, зараз парушальнік мае рызыку панесці страту ў большым вымярэнні. Хочацца верыць, што законатворцы тым самым дасягнуць пастаўленай мэты, каб як мага больш асоб дабраахвотна адмовіліся ад здзяйснення правапарушэнняў…

Акрамя таго, у артыкуле 9.21 КоАП, пра які мы гаворым, з’явіўся новы пункт, які датычыцца, у прыватнасці, дзеянняў па прысвойванні аўтарства і прымушэнні да суаўтарства. Раней гэтыя дзеянні разглядаліся як крымінальна-каральныя, зараз жа іх аднеслі да адміністрацыйных правапарушэнняў. Адбылася лібералізацыя: законатворцы прызналі гэтыя ўчынкі менш цяжкім дзеяннем. На жаль, я не ведаю дакладнай статыстыкі, аднак, мяркую, зніжэнне ўзроўню адказнасці выклікана тым, што за дастаткова доўгі перыяд нікога не прыцягвалі за парушэнне аўтарскага права да крымінальнай адказнасці. Суды мелі магчымасць прызначаць штраф ці турэмнае заключэнне. Звычайна абіралася ніжэйшая планка. З майго пункту гледжання, такія змены не зусім добрыя. Чым больш жорская юрыдычная адказнасць, тым мацнейшы стымул не здзяйсняць такога кшталту ўчынак. І наадварот… Аднак усё роўна нельга выдаваць сябе за аўтара чужога твора! Тое будзе пакарана (хоць і адміністрацыйна). Калі ж нехта будзе рабіць адпаведныя заявы неаднаразова, то ў праваахоўных органаў з’явіцца падстава завесці і крымінальную справу.

Гутарка са спадаром Бічурыным хутка выйшла за рамкі тэарэтычных выкладак. Далей мы прапанавалі візаві жыццёвыя сітуацыі, з якімі падчас сутыкаюцца (ці ў якія могуць патрапіць) работнікі ўстаноў культуры краіны, і іх магчымае развіццё з юрыдычнага пункту гледжання.

— У цэнтрах пазашкольнай адукацыі падчас школьных канікул, у санаторыях ці ў звычайных дамах культуры часам дзейнічаюць кіназалы. Наколькі законная іх дзейнасць?

— Кінапракатная дзейнасць адпачатку нясе вялікія выдаткі. Утрыманне памяшкання, набыццё праў на дэманстрацыю, закупка фільмакопіі годнай якасці, неабходнасць больш-менш актыўна абнаўляць рэпертуар, каб хадзілі гледачы… Чым раз-пораз падмяняецца ўся гэтая дзейнасць? Установа культуры спампоўвае сабе дзясятак — другі фільмаў і ладзіць кіназалу. Па-мойму, кожнаму зразумела, што такога роду дзейнасць з’яўляецца незаконнай, вядзе па змаўчанні да адказнасці за яе здзяйсненне.

Я разумею, чаму так адбываецца: неадладжаная практыка прыцягнення да адказнасці размывае дакладнае ўяўленне непазбежнасці пакарання. Культработнік бачыць, што падобныя паказы ладзяцца ў суседнім раёне, сам спрабуе — і ў выніку замацоўваецца ўспрыманне, што гэтая мадэль паводзінаў дапушчальная і не надта незаконная. Ды нельга ж крыху парушыць закон: ты яго альбо парушыў, альбо не. Установам культуры, арганізацыям сістэмы адукацыі ці сацыяльнай сферы важна зразумець, што ў той ці іншай ступені яны ўсе пад рызыкай прыцягнення да адказнасці. Прынамсі адміністрацыйнай. А вось для ўстановы (бо не сам жа сабе прыдумаў занятак кінамеханік) такога кшталту дзеянне прадстаўляе сабой адміністрацыйнае правапарушэнне ў самым яго “апагеі”: парушэнне аўтарскіх правоў юрыдычнай асобай. І ніхто не будзе слухаць аргументы, маўляў, мы бюджэтная арганізацыя, не маем фінансавання, у нас няма кінаперасоўкі, якая б да нас прыехала і паказала кіно… Гэта роўна таму, як заявіць ДАІ, што перавысіў хуткасць на 20 кіламетраў, бо вельмі спяшаўся да цешчы: “сур’ёзнасць” прычыны не дае права ехаць з хуткасцю, большай за ўстаноўлены ліміт.

Нельга паказваць фільмы без дазволу праваўладальніка. Нават калі за дэманстрацыю не бяруць грошы, а сам паказ ладзіцца ў самых добрых, сацыяльна-значных мэтах. Усё роўна наступае грамадзянская адказнасць непасрэдна перад праваўладальнікам, адміністрацыйная адказнасць, а калі будзе даказаны факт сталай кінапракатнай дзейнасці — то магчымая нават крымінальная адказнасць для дырэктара ўстановы… Упэўнены, менавіта з выпрацоўкі асабістага стаўлення да падобнага кшталту дзеянняў і фарміруецца прававая культура разумення пытанняў інтэлектуальнай уласнасці.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"