Рунее магілёўская “Рунь”

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

Віктар Папоў — адзін з найбольш прыкметных сучасных прадстаўнікоў беларускай культуры ў сферы самадзейнага харэаграфічнага мастацтва. Арганізатар і цягам вось ужо 25 гадоў нязменны кіраўнік Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, харэаграфічнага ансамбля “Рунь” Дома культуры адкрытага акцыянернага таварыства “Магілёўскі тэкстыль”, В.Папоў здолеў стварыць моцны творчы калектыў і ўзняць яго да ўзроўню аднаго з лепшых самадзейных харэаграфічных ансамбляў рэспублікі.

Сярод іншых гуртоў гэтага накірунку ансамбль “Рунь” вылучаецца тым, што ў ім шчасна спалучаюцца прафесіяналізм і ідэя беражлівага, адказнага стаўлення да аўтэнтычнага народнага танца менавіта свайго рэгіёна. У гэтым — моц творчай устаноўкі мастацкага кіраўніка і прычына непаўторнасці аблічча ансамбля.
Перафразаваўшы вядомыя словы Р.Шырмы, сказаныя ім пра народную песню, можна адзначыць, што В.Папоў таксама імкнецца вывесці бытавы народны танец на канцэртную эстраду з’явай высокага культурнага свету.

 /i/content/pi/cult/157/1286/Runj.jpg

Сцэнічныя варыянты “Лявоніхі”, “Таўкачыкаў”, “Жабкі”, “Варатынскай кадрылі” ў пастаноўцы В.Папова робяць моцнае мастацкае ўражанне, бо арганічна аб’ядноўваюць лепшыя якасці сцэнічнага і побытавага танцаў, калі бліскучая тэхніка, касцюмы і сцэнаграфія не толькі не зацямняюць, але, наадварот, раскрываюць, падкрэсліваюць глыбінныя якасці аўтэнтычнага танца: то непасрэднага, то цнатліва-стрыманага, то поўнага гумару, разняволенага і ярка эмацыянальнага. Таму заслужанымі з’яўляюцца спецыяльныя прызы, якімі быў узнагароджаны Віктар Аляксеевіч за лепшыя і арыгінальныя апрацоўкі беларускіх народных танцаў, ягоныя неаднаразовыя лаўрэацтвы на конкурсах балетмайстарскіх работ у галіне народна-сцэнічнага танца.
Папулярызатар беларускай народнай харэаграфіі не абмяжоўваецца адной нацыянальнай традыцыяй. У рэпертуары “Руні” — шэраг танцаў народаў свету, кожны з якіх у арыгінальных пастаноўках балетмайстра ператвараецца ў незабыўнае відовішча: гэта харэаграфічная карцінка па матывах рускіх гульняў “Зімачка”, калмыцкі народны танец “Чычырдык”, балівійскія “Сараро” і “Куэка”, калумбійскі “Кумбія” і інш.
Высокае выканальніцкае майстэрства ансамбля “Рунь” надало яму вядомасць за межамі Беларусі. “Рунь” належыць да ліку тых нашых калектываў, якія садзейнічаюць умацаванню беларускага прэстыжу ў сусветнай культурнай супольнасці. Нездарма СМІ Польшчы і Балгарыі, Германіі і Францыі, Англіі, Італіі, Іспаніі, Партугаліі — краін, дзе пабываў (а ў некаторых — шматразова) ансамбль, — пасля кожнага яго выступлення поўняцца водгукамі, у якіх з захапленнем адзначаюццавыдатная і незвычайная харэаграфія, цудоўная прафесійная падрыхтоўка артыстаў, багацце і разнастайнасць праграм. А самі выступленні ацэньваюцца як “візуальны і музычны далікатэс”, “абсалютная вяршыня творчасці” і нават “фурор”. Ці трэба падкрэсліваць вядучую ролю ў гэтым поспеху мастацкага кіраўніка ансамбля?
Віктар Папоў знаходзіцца цяпер у росквіце сіл. За ягонымі плячыма — немалы творчы досвед, значныя дасягненні. Балетмайстар поўны новых задум і ідэй, якія, няма сумневу, знойдуць вартае ўвасабленне ў новых канцэртных праграмах.

Тамара ВАРФАЛАМЕЕВА,
кандыдат мастацтвазнаўства, старшы навуковы супрацоўнік
Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору
Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі