Тыдзень дыйзану: паміж творцам і замоўцам

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

З 26 па 29 красавіка ў сталіцы пройдзе ўжо традыцыйны Тыдзень дызайну.

/i/content/pi/cult/582/12854/3-2.jpg

Адкрытая пляцоўка ў Траецкім прадмесці. / Фота са старонкі праекта ў Фэйсбуку

Упершыню мерапрыемства з такой назвай адбылося ў Мінску ў 2012 годзе. Ягоная мэта паспрыяць пашырэнню дызайну ў нашым побыце, дапамагчы спецыялістам знайсці замоўцаў, а апошнім — дызайнераў. Пад экспазіцыю малых архітэктурных формаў, якія могуць надаць утульнасці гарадскому асяроддзю, будзе задзейнічана прастора ў гістарычнай частцы горада. А тое, што можа на добры лад змяніць наша жытло — найперш, арыгінальнага дызайну мэбля, размесціцца у Футбольным манежы на праспекце Пераможцаў.

У рамках Тыдня пройдуць прэзентацыі, сумоўі, майстар-класы. Тыя, у каго будзе жаданне, змогуць прычыніцца да асноў, на якіх грунтуецца такая справа, змяніць свае ўяўленні пра рэчаіснасць. Зрэшты, стаць дызайнерам свайго жыцця.

Архітэктар Андрэй Каравянскі і дызайнер Юрый Таўбкін маюць непасрэднае дачыненне да арганізацыі Тыдня. Суразмоўцы распавялі карэспандэнту “К”, якім яны бачаць сёлетні праект. Так, па словах візаві, галоўная мэта Тыдня — паспрыяць падвышэнню агульнай культуры горада, нагадаць мінчанам пра высокія стандарты побыту, якія цалкам дасягальныя, калі толькі мець іх на мэце. Спажывец побытавага дызайну зыходна кіруецца даволі простымі крытэрыямі: “падабаецца — не падабаецца”, “прыгожа — не прыгожа”. Пэўныя якасці аб’екта раскрываюцца ў працэсе эксплуатацыі. На сёння ў нас з пэўных прычын дамінуе арт-дызайн, калі прыгожая рэч праектуецца як унікальная, робіцца ў адзінкавым экзэмпляры. Тыражаванне ўвогуле не прадугледжана. На Тыдні ж прадставяць грамадзе распрацоўкі, разлічаныя якраз на масавую вытворчасць.

Арганізатары лічаць не зусім нармальнай сітуацыю, калі стол, крэсла ці якая іншая побытавая рэч зыходна робяцца як музейны экспанат. Мэта дызайну не ў тым, каб ствараць унікальныя рэчы. Прынамсі, гэта не асноўная мэта. Дызайнер мусіць думаць пра прамысловы ўзор, эталон для тыражавання. Але, на думку маіх суразмоўцаў, усякая крайнасць — заганная. Суцэльная падпарадкаванасць праектавання тэхналагічнаму працэсу масавай вытворчасці — такой жа небяспечны ўхіл, як і засяроджанасць на элітарнасці. Эстэтычны і тэхналагічны чыннікі мусяць быць ураўнаважанымі, згарманізаванымі, а якасная рэч мае аказацца даступнай шырокай грамадзе.

Удзел у Тыдні можа ўзяць кожны дызайнер, які мае смеласць прадставіць сваю працу на суд гледачоў. Арганізатары ж чакаюць ад СМІ, а больш дакладна — ад таго сегмента журналістыкі, што прадстаўляе прафесійную крытыку, аб’ектыўнай, калі трэба — жорсткай, ацэнкі, як вулічнай экспазіцыі, так і прадметнага дызайну, што будзе экспанавацца пад дахам. Было выказана шкадаванне, што ў публікацыях, прысвечаных дызайну, паліткарэктнасць пераважае над аб’ектыўнасцю. Маўляў, як жа лекаваць хваробу, калі адсутнічае дыягназ?

У час гутаркі было згадана, што рэалізацыя буйных праектаў немагчымая без грашавітых спонсараў. Не здолеў бы Антоніа Гаўдзі стварыць новае аблічча Барселоны, каб не грошы роду Гуэль. Але ж, каб прасіць вялікія грошы, трэба прадставіць ідэю, якая аказалася іх вартая.

Зыходзячы з досведу мінулых Тыдняў дызайну, а таксама — леташняга Нацыянальнага архітэктурнага фестывалю, дзе былі скарыстаны пэўныя напрацоўкі Тыдняў, можна не сумнявацца: імпрэза будзе мець поспех у грамады.

Мае суразмоўцы, як мне падалося, някепска ўяўляюць, як зрабіць Мінск прыгажэйшым і больш ўтульным. Але па адным пытанні я маю з імі нязгоду. Калі я запытаўся, ці можа горад, прынамсі — Мінск, які мае сталічны статус менш за сто гадоў, прайсці пэўны этап у сваім развіцці паскораным тэмпам і годна стаць у адзін шэраг са славутымі еўрапейскімі сталіцамі, суразмоўцы адказалі: “Можа!” А як жа паціна часу, якую не заменіш ніякімі эфектнымі новатворамі? Калі трэба, збудуем гістарычныя дэкарацыі, быў адказ. Спрэчна… Але чым не тэма для прафесійнай дыскусіі на Тыдні дызайну?

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"