У чаканні Скарынавага юбілею

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

7 — 8 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы краіны прайшлі чарговыя, ХІI па ліку Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні “Кніжная культура Беларусі: погляд праз стагоддзі”.

Як адзначыў, адкрываючы форум, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі, на канферэнцыю прыбылі больш за 200 удзельнікаў як з Беларусі, так і з Літвы, Латвіі, Украіны, Расіі, Польшчы, Венгрыі і Славакіі. Па словах намесніка міністра культуры Аляксандра Яцко, які выступіў з прывітальным словам, кнігазнаўчыя чытанні — важная навукова-даследчая пляцоўка, што гуртуе вакол сябе вучоных і спецыялістаў з розных краін свету, тых людзей, якія даследуюць беларускую кніжную культуру і прадстаўляюць калегам вынікі самых новых даследаванняў па гісторыі нашай рукапіснай і друкаванай спадчыны.

Асаблівую значнасць, сказаў намеснік міністра культуры, гэтае мерапрыемства набывае ў кантэксце святкавання налета 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Як вядома, сёння Міністэрствам культуры краіны распрацоўваецца праграма мерапрыемстваў да святкавання названага юбілею, каб правесці яго на самым высокім і прадстаўнічым узроўні...

Як неаднаразова адзначалася падчас канферэнцыі, цікавасць да кнігі ў беларусаў не змяншаецца, нягледзячы на ўсеагульнае распаўсюджванне ў Беларусі найноўшых інфармацыйных тэхналогій. Менавіта на гэты факт звярнуў увагу ў сваім слове першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі. У пацвярджэнне свайго меркавання ён прывёў статыстыку сёлетняй Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, што прайшла ў беларускай сталіцы з 10 па 14 лютага бягучага года. Так, за пяць дзён працы выставу наведалі больш за 42 тысячы чалавек.

На секцыйных пасяджэннях даследчыкі прадставілі свае навуковыя даклады. Тэмы выступленняў былі самыя розныя, напрыклад, датычныя рукапіснай кніжнасці Беларусі, спадчыны Францыска Скарыны і яго паслядоўнікаў, гісторыі беларускіх друкарняў пачатку XX стагоддзя ды іншыя. Натуральна, закраналіся і праблемы сучаснага кнігадрукавання. Акрамя таго, прагучалі даклады на тэму ролі і месца кнігі ў сучасным інфармацыйна-камунікацыйным асяроддзі, а таксама паведамленні, у якіх закраналіся футурыстычныя прагнозы адносна друкаваных выданняў…

А 7 красавіка ў рамках канферэнцыі ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася выстава “Францыск Скарына і наш час”. На ёй экспанаваліся матэрыялы са збораў галоўнай бібліятэкі краіны, а таксама з філіялаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь — Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры і Музея гісторыі беларускага кіно, Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і іншых устаноў сферы адукацыі і культуры краіны ды прыватных калекцыянераў.

Акрамя таго, у рамках прадстаўнічага форуму 8 красавіка прайшоў “круглы стол” “Еўрапейская дакументальная спадчына”, арганізаваны пры падтрымцы Інфармацыйнага пункта Савета Еўропы ў Мінску. Як адзначыў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, гэта першая падобная акцыя з названай арганізацыяй, але, цалкам магчыма, што ў самай бліжэйшай перспектыве адбудзецца цэлы шэраг сумесных мерапрыемстваў, а кантакты з еўрапейскімі калегамі выйдуць на больш высокі і якасны ўзровень.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"