Наўмысна несугучны

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

Перачытваючы “Сабор парыжскай Божай Маці” Віктора Гюго, запомнілася думка святара Фрало, катэгарычная, але праўдзівая: кніга заб’е будынак. І сапраўды, маленькі друкарскі станок упэўнена адсунуў манументальнае мастацтва — архітэктуру, якая да XV стагоддзя была галоўнай інфармацыйнай, ідэалагічнай, выяўленчай крыніцай. Папяровыя асобнікі сталі сімвалам новай эпохі.

/i/content/pi/cult/582/12846/4-18.jpgМагчыма, далёкім продкам падавалася, што так будзе заўсёды, але сёння слова, услед за дойлідствам, паступова страчвае сваю ўладу. У ім, як у ніякім іншым мастацтве, нешта недагаворваюць, кагосьці "баняць". Урэшце, спадзяюся, мы зараз становімся сведкамі перадачы эстафеты больш алегарычнаму, сінтэтычнаму мастацтву — канцэптуальнаму, у якім шыфроўка і счытванне інфармацыі адбываецца больш складана.

Пацверджанне — выстава мастака Руслана Вашкевіча “Канал Культура”, што доўжыцца ў мінскім “Доме карцін”. Няма сэнсу пісаць рэцэнзію на праект Вашкевіча, бо гэта ўжо зрабілі дзясяткі журналістаў (з матэрыяламі можна і нават трэба азнаёміцца ў Сеціве). Мо больш важна заахвоціць публіку наведаць выставу, каб стаць часткай культурнага працэсу, але не сугучнага з рэальнасцю, а перпендыкулярнага, правакацыйнага, наўмысна некласічнага. “Канал Культура” — шарж на тое, што прынята лічыць нормай, гэткі інтэлектуальны выклік.

Праект уяўляе з сябе некалькі серый работ, метадам пазла сабраных у адну гаваркую кампазіцыю. “План уцёку”, “Канец свету”, “Шкала Рыхтара”, “Нягледзячы ні на што” — работы, якія дазваляюць сягнуць у мора метафізікі і барахтацца там, чакаючы выратавання. Дапамогі ад мастака дакладна не будзе: задача Вашкевіча — справакаваць наш розум на дзеянні, рашэнні, рэфлексіі. І тады адкрыецца другое дыханне, партал, той самы канал, што мы называем культурай. Сапраўдная і прамалінейная. Эфект дасягнуты з дапамогай палоцен, фотаздымкаў, інтэр’ерных дэталяў і, здавалася б, выпадковых прадметаў, а таксама пастаянных сустрэч у кантэксце “Канала…” з запрошанымі гасцямі праекта, лектарамі, музыкантамі, куратарамі.

Вашкевіча прынята лічыць мастаком наўзбоч ад усіх. Але гэта не зусім так. За ім вялікая каманда людзей, якая дапамагае ажыццявіць яго мастацкія планы. Акрамя смеласці, можна ў яго павучыцца і гэтаму: здольнасці працаваць у калектыве, прыслухоўвацца да людзей. Дарэчы, шмат у чым дзякуючы яго памочнікам, многія праекты Руслана пабачылі рэгіёны рэспублікі. Не кожны творца захоча мяняць свае сталічна-канапавыя звычкі на частыя падарожжы па краіне. Улічваючы тое, што наш чытач у абсалютнай большасці якраз рэгіянальны, прапаную зрабіць і зваротны візіт да Вашкевіча ды яго творчасці, каб натхніцца ці, наадварот, выказаць адмаўленне, але адчуць хаця б унутры сябе тое, што больш не дорыць нам простае слова.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст