Чакаем палажэння

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

Людміла ЧАТОВІЧ, супрацоўнік Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна
На семінары работнікаў Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна (аб’яднаў ён 16 клубных устаноў і Пастаўскі дом рамёстваў) разглядалася дзейнасць аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах. Былі абмеркаваны тэндэнцыі і перспектывы развіцця аматарскай творчасці, патрэба ў дапрацоўцы шэрагу дакументаў...

/i/content/pi/cult/582/12843/5-1.jpgРаботнікі культуры пазнаёміліся з вопытам клуба “Сучаснікі” Пастаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі і з дзейнасцю клуба калекцыянераў Пастаўскага РДК. Гаворка ішла пра развіццё больш рэдкіх для Пастаўшчыны і вобласці кірункаў дзейнасці клубаў па інтарэсах: гісторыка-краязнаўчага, калекцыйна-збіральніцкага, аздараўленча-партыўнага, інтэлектуальнага… Абмяркоўвалася неабходнасць дэманстрацыі вынікаў работы аматарскіх аб’яднанняў для шырокай аўдыторыі, як гэта робіцца ў народным жаночым клубе “Юнчанка” Юнькаўскага СДК і народным клубе нацыянальнай кухні, гульні і абраду “Традыцыя” пры Курапольскім СДК. Па пытаннях работы ветэранскіх аб’яднанняў удзельнікі семінара выехалі ў аддзяленне дзённага знаходжання грамадзян сталага веку Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва. Для пенсіянераў тут створаны магчымасці не толькі па аздараўленні, але і для авалодання камп’ютарнай пісьменнасцю, дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, спевамі.

З 24 аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах Пастаўшчыны 16 працуюць на сяле, 8 з іх маюць грамадска-культурны і сямейна-бытавы кірункі работы. Астатнія — клубы традыцыйнай культуры і мастацтва, прыродазнаўчыя (экалагічныя), а таксама шматпрофільныя і культурна-забаўляльныя для дзяцей. Гэта абумоўлена як жыццёвымі інтарэсамі вяскоўцаў, так і існаваннем аб’яднанняў ў натуральным асяродку Дома культуры, амаль без дадатковых прыстасаванняў і складанага інструментарыя.

У былым СССР дзейнічала Палажэнне аб аматарскіх аб’яднаннях і клубах па інтарэсах (1986 года), дзе было сфармулявана іх ёмістае азначэнне: “арганізаваная форма грамадскай самадзейнасці насельніцтва, створанай на аснове дабравольнасці, агульных творчых інтарэсаў і індывідуальнага членства ўдзельнікаў, з мэтай задавальнення разнастайных духоўных запатрабаванняў і інтарэсаў людзей у сферы вольнага часу”. Характэрнымі асаблівасцямі такіх аб’яднанняў з’яўляюцца іх добраахвотны характар арганізацыі, зліццё асабістага і грамадска-значнага інтарэсаў, уключэнне кожнага ўдзельніка ў працэс дзейнасці, самакіраванне, адносна стабільны склад групы, разнастайнасць формаў дзейнасці.

Практыкаў радуе, што ў больш падрабязным у параўнанні з Законам “Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь” праекце Кодэкса аб культуры (глава 25, артыкул 231) узгадваецца і работа па арганізацыі культурнага адпачынку насельніцтва “па краязнаўчых, навукова-тэхнічных, культурна-бытавых, калекцыйных і іншых інтарэсах”, а ў артыкуле 236 сярод клубных фарміраванняў называюцца і аматарскія аб’яднанні (клубы па інтарэсах). Але відавочна, што мэты, сістэма работы і справаздачнасць такіх аб’яднанняў не ўкладваюцца ў рамкі Палажэння аб непрафесійным (аматарскім) калектыве мастацкай творчасці ў Рэспубліцы Беларусь (2008). Сістэматычная рэпетыцыйная і канцэртная дзейнасць могуць увогуле адсутнічаць, калі кірунак аб’яднання не засяроджаны на мастацкай творчасці. Формы работы клуба па інтарэсах, якія могуць быць пазначаны ў яго статуце, вызначаюць і адрозненні ў раскладзе заняткаў (пасяджэнняў), і ў колькасці наведвальнікаў у параўнанні з гуртком мастацкага жанру. Да прыкладу, можна заўважыць, што і ў Наменклатуры дзяржаўных і муніцыпальных паслуг/работ, якія выконваюцца арганізацыямі культурна-дасугавага тыпу Расійскай Федэрацыі (2009), выкладзена даволі падрабязная класіфікацыя аматарскіх аб’яднанняў. Хочацца выказаць пажаданне, каб у Год культуры было зацверджана падобнае Палажэнне, якое б адлюстравала і кірункі аматарскага руху па інтарэсах, і рэгламентавала работу гэтых суб’ектаў культурнай дзейнасці.