Каб памножыць глядацкі патэнцыял…

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

Творчая суполка “Традыцыя” Беларускага саюза мастакоў зладзіла выставу ў сталічным Палацы мастацтва. Суполка аб’ядноўвае мастакоў рэалістычнага кірунку. У канцэптуальным плане яны доўжаць традыцыі савецкай жывапіснай школы. Іх можна нават назваць спадкаемцамі сацрэалізму, але трэба пры гэтым браць да ўвагі тое, што сябры “Традыцыі”, захаваўшы амаль нязменнымі стылістыку позняга, ужо разняволенага, сацрэалізму, адмовіліся ад той ідэалагіі, на грунце якой згаданая з’ява калісьці паўстала, якую эстэтычна аздабляла, несла ў народ і праектавала на грамадства.

/i/content/pi/cult/582/12834/8-1.jpgЭкспазіцыя “Традыцыі” займае ўвесь другі паверх Палаца мастацтва і паводле ахопленай выставачнай плошчы ды колькасці ўдзельнікаў можа адпавядаць імпрэзе рэспубліканскага міаштабу. А першы паверх аддадзены двум персаналіям. Гэта жывапісцы Ала Каласенцава з Мінска (яна, дарэчы, сябра “Традыцыі”) і Мікалай Кухарэнка са Светлагорску. Старшыня саюза мастакоў Рыгор Сітніца, выступаючы на вернісажы, спецыяльна засяродзіўся на асобе светлагорскага творцы, адзначыўшы, што горад, у якім плённа працуе мастак, ужо нельга лічыць правінцыйным. Культурная прастора ўвогуле не ведае такога разумення “правінцыя”. У гэтым сэнсе Светлагорск і Мінск — у адным шэрагу. Прынамсі, тэарэтычна… Працуе Мікалай Кухарэнка ў традыцыйных жанрах жывапісу: краявід, партрэт, нацюрморт. Прадстаўлены ў экспазіцыі таксама і сюжэтныя карціны. Творчасці жывапісца ўласцівая лірычнасць. Сваімі карцінамі ён гаворыць пра звыклыя жыццёвыя каштоўнасці, пра простыя радасці быцця. На персаналіі ж Алы Каласенцавай пераважаюць творы, што з’явіліся нядаўна. А на выставе суполкі яна прысутнічае раннімі карцінамі, напісанымі яшчэ за савецкім часам. Іх супастаўленне дазваляе ўбачыць стылёвую і сэнсавую эвалюцыю, якая адбылася ў творчасці мастачкі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Напачатку Алу вабіла шматпланавая пабудова палатна, складаная колеравая гама і важкі мазок. Сёння ў алейным жывапісе яна прыйшла да лёгкасці і празрыстасці, уласцівай акварэлі. А ў немудрагелістых сюжэтах, краявідах, нацюрмортах адчуваецца ўплыў філасофіі імпрэсіянізму, згодна з якой у кожным імгненні можна пражыць цэлае жыццё.

Мастакі суполкі мелі магчымасць выставіцца некалькімі творамі. Такім чынам вялікую экспазіцыю фарміруюць шэраг малых. Хтосьці здолеў скарыстаць гэтую зручнасць для прэзентацыі сябе як асобы, хтосьці — не. Мне запоўнілася стылёвай і сэнсавай цэльнасцю падборка карцін Уладзіміра Гардзеенкі, а ў ёй — надзвычай выразны, моцны ўнутранай сілай партрэт ветэрана Вялікай Айчыннай ў ваеннай форме часоў ягонай маладосці. Прыгожы партрэт Адама Міцкевіча на фоне Свіцязі прадставіў Георгій Паплаўскі. Відаць моцную, упэўненую руку майстра. Хоць, як па мне, гэта і не жывапіс увогуле, а вялікіх памераў графічны аркуш.

Увогуле ад экспазіцыі “Традыцыі” ў мяне засталося ўражанне, што пры наяўнасці ў ёй бадай усіх жанраў жывапісу дамінуе краявід. Я падзяляю захапленне творцаў прыгажосцю роднай прыроды і экзотыкай замежжа. Нагадаю ў гэтай сувязі імёны Уладзіміра Ткачэнкі, Леаніда Гоманава, Дзмітрыя Сарокі, Веры Асядоўскай. Асобна вылучу карціну Антона Вырвы “Мароз і сонца” як удалую візуальную інтэрпрэтацыю вядомых вершаваных радкоў. Але такое дамінаванне ў згаданым кантэксце самага, так бы мовіць, бесканфліктнага, бяскрыўднага жанру жывапісу можа сведчыць пра жаданне мастакоў суполкі не абцяжарваць сябе асэнсаваннем шматквецця і шматзначнасці падзей, што адбываецца ў сацыяльнай прасторы. Між тым як традыцыі савецкага мастацтва, на якіх стаіць суполка, вымагала ад творцаў акрэсленай грамадскай і грамадзянскай пазіцыі, акрэсленага стаўлення да рэчаіснасці.

Прыйдуць гледачы на ваенныя карціны Уладзіміра Уродніча, на вясковую настальгію Леаніда Дударанкі (“Час касіць”), на успамін Аляксандра Асядоўскага пра трыумфы савецкага спорту. Мяне асабіста расчуліў дзіцячы партрэт работы Юрыя Крупянькова (“На музыку”). І ўсё ж ад суполкі, якая ў сваім сегменце культурнай прасторы прэтэндуе на ролю нацыянальнага лідара, дэкларуе гатоўнасць шчыраваць на карысць дзяржаўнай ідэалогіі, гледачы маюць права чакаць і большага. А тое, што такія амбіцыі ў лідараў суполкі ёсць, я неаднаразова пераконваўся і ў час прыватных размоў з імі, і слухаючы іх публічныя выступленні.

Я шаную людзей творчых прафесій. Яны сутнасна аднаасобнікі, праца ў камандзе, у суполцы для іх — вялікае выпрабаванне. Мне, зрэшты, папросту можа быць цікава аналізаваць эвалюцыю асобных мастакоў, назіраючы, што новага намалявалі людзі, чыя творчасць ужо не адно дзесяцігоддзе навідавоку. А публіка, якая на выставах, як прынята казаць, “галасуе нагамі”. Мне пасля святочнага натоўпу, што віраваў у Палацы мастацтва ў дзень вернісажу, па кантрасце было вельмі самотна ў тых жа залах мастацтва наступнымі днямі, калі людзей там можна было пералічыць па пальцах адной рукі.

Большасць удзельнікаў згаданай мастацкай імпрэзы могуць зладзіць прыстойную персаналію. Што пераканаўча засведчыла хоць бы выстава Алы Каласенцавай. Чаму ж, сабраўшы разам шэраг творцаў, экспазіцыя не памножыла глядацкі патэнцыял на колькасць экспанентаў? Прынамсі, канструктыўнай ідэі гэтай выставы, складзенай з якасных у сэнсе прафесіяналізму работ, не пабачыў.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"