Шпалера з Готфрыдам і крыжык рыцара Сіроткі

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

Якая ж падзея на творы ў Міры?
У адной з залаў Мірскага замка экспануецца старадаўняя шпалера, набытая музеем восенню 2013 года ў прыватнай асобы. Перад купляй спецыялістамі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь была Зроблена экспертыза, якая ўстанавіла, што хутчэй за ўсё сюжэт звязаны з Індыйскім паходам Аляксандра Македонскага (у фонды музея шпалера паступіла як “Аляксандр Вялікі”). Аднак з часам высветліліся дадатковыя абставіны для дакладнай атрыбуцыі.

/i/content/pi/cult/582/12828/14-1.jpgДа нас трапіла гравюра “Трыумф Готфрыда Булёнскага і здача Альтамора” італьянца Антоніа Тэмпеста, якая служыла ілюстрацыяй да паэмы Торквата Таса “Вызвалены Ерусалім”. На гэтым творы “занатаваны” момант, калі Альтамор, кароль Самарканда, які ваяваў з крыжакамі на баку егіпцян, просіць пра літасць Готфрыда Булёнскага і здае яму Ерусалім. Дык вось, паміж гравюрай і шпалерай можна ўбачыць шмат падобных рыс. У цэнтральным полі — вершнік ва ўрачыстай паставе, убраны ў парадныя даспехі, які горда трымае ў правай руцэ аголены меч, прыхілены да пляча. На фоне пейзажу паказаны тры фігуры ва ўсходніх вопратках. Мужчына, які знаходзіцца ў цэнтры, працягвае вершніку меч рукаяццю наперад, што можна трактаваць як прапанову міру. На другім плане паказаны архітэктурныя збудаванні, але з некаторым адрозненнем: на гравюры намалявана магутная крэпасная сцяна Ерусаліма, а на шпалеры паказаны гарадскія збудаванні, увянчаныя мусульманскім паўмесяцам. Але ж гаворка пра Ерусалім, ці не так?! Аднак мастак не памыліўся: у 638 годзе горад быў заваяваны арабскім халіфам, і Ерусалім паступова пачаў набываць мусульманскае аблічча. Многія храмы былі ператвораны ў мячэці. У 1099 годзе ўдзельнікі Першага крыжовага пахода пад кіраўніцтвам Готфрыда Булёнскага захапілі горад і знішчылі ўсё яго мусульманскае насельніцтва. Месца сталася цэнтрам Ерусалімскага каралеўства. Такім чынам, нягледзячы на пэўныя адрозненні, падабенства работ відавочнае.

Пра падзеі тых дзён, выяўленыя на творы, і апавядае рыцарская паэма Торквата Tacа “Вызвалены Ерусалім”. Да яе стварылі нямала ілюстрацый. Антоніа Тэмпеста з’яўляецца аўтарам некалькіх дзесяткаў гравюр да паэмы, выкананых паміж 1603 — 1630 гадамі. (У прыватнасці, у фондах Луўра захоўваецца малюнак мастака — накід да гравюры “Трыумф Готфрыда Булёнскага і здача Альтамора”.) Наогул, коні сталі ўлюбёнай тэмай мастака, таксама ён атрымаў поспех у адлюстраванні паляванняў, баёў, шэсцяў, кавалькады. Яго малюнкі, асабліва гравюры, вылучаюцца магутнасцю задумы, але, у той жа час, яны грубыя і цяжкія, нават нядбайныя ў выкананні. У асноўным мастак ствараў у невялікім фармаце, аднак часам Тэмпеста рыхтаваў вялікія кардоны для шпалер. Мабыць, адзін з такіх і стаў кропкай адліку для шпалеры, што цяпер знаходзіцца ў Міры. Сукупнасць дэталяў дазваляе выказаць здагадку, што на шпалеры адлюстраваны менавіта трыумф Готфрыда Булёнскага і здача Альтамора. У якасці ж мадэлі былі выкарыстаны гравюры Антоніа Темпеста, сцэна тая была апісана ў XX песні паэмы “Вызвалены Ерусалім”.

І яшчэ адна дэталь. Пасля таго, як войскі Булёнскага ўзялі Ерусалім, Готфрыд быў абвешчаны кіраўніком тамтэйшага каралеўства. Аднак граф адмовіўся прымаць залатую карону ў горадзе, дзе, паводле падання, Хрыста каранавалі цярновым вянком. Ён пажадаў называцца проста “Абаронцам Труны Гасподняй” і для свайго фамільнага герба абраў «ерусалімскі крыж» — крыж, акружаны чатырма меншымі крыжамі. Пазней крыж Готфрыда Булёнскага (чырвоны крыж на белым фоне, паміж канцамі якога былі размешчаны яшчэ чатыры маленькія роўнаканцовыя крыжыкі) стаў эмблемай ордэна Рыцараў Труны Гасподняй, заснаванага яшчэ ў эпоху крыжовых паходаў. У якасці знака адрознення рыцары насілі “ерусалімскі крыж” на шыі на ланцугу або на стужцы. Падобны крыж ёсць і на партрэце Мікалая Крыштофа Радзівіла “Сіроткі”, аднаго з уладальнікаў Мірскага замка.

Прыналежнасць да ордэна ў XVI стагоддзі мела выключна сімвалічнае значэнне. Але падчас наведвання Труны Гасподняй ерусалімскія манахі-францысканцы высвяцілі Радзівіла і яго таварышаў ў Рыцараў Труны Гасподняй. Гэта было ўжо амаль традыцыяй, што кожны шляхціч або магнат, які наведваў магілу Хрыста, атрымліваў такі пачэсны тытул. Гэты сімвал і (альбо) тытулатура “Sancti Sepulchri Eques” або “Miles Hierosolymitanus” будуць з’яўляцца на ўсіх партрэтах Радзівіла, зробленых пасля 1584 года. Ерусалімскі крыж фігураваў таксама на пячатках, ужыванымі ім у пазнейшыя гады, замяняючы сабой часам нават родавы герб “Трубы”. Пра тое, што Радзівіл надаваў асаблівае значэнне свайму рыцарскаму тытулу, сведчыць і такі факт, што ён завяшчаў пахаваць сябе з ерусалімскім крыжыкам на шыі.

Крысціна БЯРНАЦКАЯ, малодшы навуковы супрацоўнік музея "Замкавы комплекс "Мір"