Мэта паездкі? Культура!

№ 15 (1245) 09.04.2016 - 15.04.2016 г

У Беларусі могуць увесці бясплатныя візы для наведвальнікаў фестываляў.

Тым замежнікам, хто плануе сёлета наведаць Дзень беларускага пісьменства, Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” альбо нават арт-пікнік “Freaky Summer Party” адкрываецца магчымасць атрымання беларускай візы без консульскага збору. Пра гэта паведаміў на адкрыцці Міжнароднага кірмашу турыстычных паслуг “Адпачынак-2016” міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, падзяліўшыся планамі аб увядзенні бясплатных візаў для турыстаў.

Для атрымання бясплатнай візы ў нашу краіну турыстам патрэбна будзе набыць квіткі на фестывалі, што ўключаны ў штогадовы каляндар турыстычных падзей, складзены Нацыянальным агенцтвам па турызме. Нагадаем, што ён утрымлівае не толькі спіс спартыўных мерапрыемстваў, але і культурных, пачынаючы ад буйных рэспубліканскіх форумаў да маленькіх рэгіянальных святаў. Па-сутнасці, гэта вялікі падарунак для тых, хто любіць падарожнічаць, і, калі ініцыятыву ўдасца ажыццявіць, падстаў наведаць Беларусь для замежнага люду станецца, сапраўды, багата.

Карэспандэнт “К” прагартаў каляндар турыстычных падзеяў. У ім — ХХVII Міжнародны музычны фестываль імя Івана Салярцінскага ў Віцебску, Міжнародны ваенна-гістарычны фестываль, прысвечаны падзеям Першай сусветнай вайны “Скокі-2016”, ХХІ Міжнародны фестываль арганнай музыкі “Званы Сафіі” ў Полацку, Фестываль сярэднявечных традыцый і культуры “Меч Лідскага замка”, экалагічнае свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”, фестываль міфалогіі “У госці да Лепельскага Цмока”, Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Покліч Палесся” ў аграгарадку Ляскавічы, свята “Вішнёвы фестываль” у Глыбокім… Цікавостак у дакуменце на любы густ! Вядома, не забытыя ў ім і буйныя культурныя форумы: ХІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродна, Рэспубліканскі фестываль-кірмаш рамёстваў “Вясновы букет” у Мінску, XXVI Міжнародныя Шагалаўскія чытанні ў Віцебску, XXIX Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі IFMC у Віцебску, Міжнародная акцыя “Ноч музеяў”, Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва “Белая вежа” ў Брэсце, Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”… І ёсць нават такія, якія можна назваць паспяховай “прыватнай ініцыятывай”: да прыкладу, IV Міжнародны караоке фестываль “Зорка караоке”, які ладзіцца сталічным тэатрам-караоке “Багема”.

Тым не менш, усе разам яны садзейнічаць прытоку турыстаў у Беларусь. А кожны месяц каляндар утрымлівае некалькі падзеяў, на якія можна скіравацца турысту з мэтай паездкі “культура”.

Дастаткова ў каляндары і спартыўных мерапрыемстваў. Нагадаем, удзельнікі апошніх могуць і сёння атрымоўваць бясплатныя беларускія візы проста ў аэрапорце. Ну а звычайны консульскі збор за аднаразовую кароткатэрміновую візу ў Беларусь складае ад 25 да 60 еўра. (Выключэнне  — 18 краін, паміж якімі і Беларуссю дзейнічае бязвізавы рэжым, а таксама дзяржава Катар, грамадзяне якой могуць атрымліваць візу ў нашу краіну бясплатна ў аднабаковым парадку).

Нягледзячы на тое, што пакуль новаўвядзенне Міністэрства спорту і турызму на стадыі абмеркавання, падобны рух сведчыць пра чарговы крок у разуменні культурнага патэнцыялу краіны.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"