Людзі з камерамі

№ 14 (1244) 02.04.2016 - 09.04.2016 г

Калекцыянер савецкай паўсядзённасці
Прывітаўшы мяне ў сваёй мінскай кватэрцы, архівіст Андрэй Скуратовіч адразу дзеліцца апошняй знаходкай. Па сутнасці, гэта новы, нікому не вядомы і зусім нечаканы твор знакамітага скульптара Аляксея Глебава. Як выявілася, народны мастак БССР, які адышоў у лепшы свет без малога паўстагоддзя таму, здолеў — свядома ці не — прадвызначыць важны трэнд ужо нашага часу: адлюстраванне паўсядзённасці. Героі яго фотасерыі — мінчане. Так, проста мінчане. Менавіта такія, якімі яны былі ў пачатку 60-х, прычым у тыя моманты, калі нават і не здагадваліся, што іх фатаграфуюць.

/i/content/pi/cult/581/12812/15-1.jpg“Шпіёнскія здымкі” Мінска

— Я знайшоў старыя бацькавы стужкі, аднёс негатывы Андрэю, той іх алічбаваў, і менавіта такім чынам гэтыя фота “выйшлі на святло”, — распавёў сын скульптара Аляксандр Аляксеевіч. — Напэўна, раней іх увогуле ніхто не бачыў. Бацька здымаў выключна “для сябе”, яму проста было цікава фіксаваць на стужку сваіх сучаснікаў.

Здымкі “звычайных савецкіх грамадзянаў” прафесійныя фатографы рабілі тысячамі, але… нават лішне казаць, што большасць гэтых кадраў у той ці іншай меры з’яўляюцца пастановачнымі. Тут жа — фіксацыя рэчаіснасці без ўсялякага ідэйнага ўмяшальніцтва аўтара.

— Бацька называў гэтыя здымкі “шпіёнскімі”, — апавядае сын скульптара. — У яго быў тэлеаб’ектыў, і ён мог фатаграфаваць покрадкам, незаўважна для сваіх герояў. Гэта дазваляла ўнікнуць лішніх пытанняў: хто здымае, навошта, куды? Савецкія людзі ставіліся да чалавека з камерай даволі насцярожана.

Непрычасаныя эмоцыі, непараднае адзенне, нелакіраваны побыт… Прыкладам, сучаснікі могуць са здзіўленнем даведацца, што недзе ў дварах пафаснага праспекта тоілася калонка з вадой, дзе маладзіцы пралі свае рэчы. Месца дзеяння многіх здымкаў лёгка пазнаецца: ваколіцы Плошчы Перамогі. Гэта ўдвая больш цікава, калі ўлічыць, што да стварэння яе аблічча непасрэдна спрычыніўся сам Глебаў — суаўтар знакамітага манумента.

— Аляксей Канстанцінавіч рабіў гэтыя фота з вакна сваёй кватэры, — тлумачыць Андрэй Скуратовіч. — Відавочна, яму вельмі важна было дасягнуць поўнай натуральнасці паставаў і мімікі мінчан. А навошта? Магчыма, хацелася сёе-тое падгледзець для сваіх твораў.

Але гэта, вядома, толькі здагадкі. Галоўнае, што самі негатывы захаваліся і прычакалі свой час. Без сумневу, для гісторыкаў беларускай фатаграфіі гэта знаходка стане сапраўднай сенсацыяй. Зрэшты, такі лёс можа напаткаць і многія іншыя экспанаты незвычайнай калекцыі Андрэя Скуратовіча, што захоўваецца на хард-дыску звычайнага камп’ютара.

Балерыны на суботніку

Ужо ў шасцідзясятыя “Зеніты” і “ФЭДы” былі ледзь не ў кожным доме, а найбольш заможныя і апантаныя маглі нават выкласці пару соцень рублёў за аматарскую кінакамеру з васьміміліметровай стужкай. Вось і ў сям’і яшчэ аднаго легендарнага Глебава — Яўгена Аляксандравіча — стаў з’яўляцца свой візуальны архіў. Сын кампазітара Радзівон у падлеткавым веку захапіўся кінааматарствам. Зразумела ж, здымаў ён пераважна “тое, што бачыў”: бацькоў, сваякоў, а таксама гасцей.

Што заканамерна, кола сяброў кампазітара складала пераважна тагачасная творчая інтэлігенцыя. У прыватнасці, Васіль Быкаў. Класік зафіксаваны на стужцы ў цалкам неафіцыйнай абстаноўцы  — з кілішкам у руцэ падчас удумлівай сяброўскай бяседы.

— Гэта ўнікальныя кадры, — перакананы Андрэй Скуратовіч. — Быкаў ніколі не быў чалавекам багемным, ён вёў даволі замкнёны лад жыцця. Ды і здымацца не надта любіў. Але калі яго фільмаваў на маленькую камеру нейкі падлетак, пісьменнік на гэта проста не звяртаў увагі ды пачуваўся зусім натуральна. А вось знайсці хаця б пару секундаў “нефармальнага” Караткевіча мне пакуль не ўдалося, нягледзячы на ўпартыя пошукі. Як вядома, Уладзімір Сямёнавіч таксама не любіў ні пазіравання, ні пазёрства.

Затое на старых бабінах адшукалася нямала іншых цікавых фрагментаў. Напрыклад, “купалаўцы” па-за сцэнай (здымаў іх, між іншым, тагачасны малады акцёр тэатра Генадзь Давыдзька) альбо артысты Опернага на суботніку…

Пра тое, якія знаходкі пыляцца дзесь “на гарышчах”, ніхто і не здагадваецца. Зазвычай, пра змест “бацькоўскіх стужак” не ведаюць нават іх цяперашнія ўласнікі. Ды і як тут даведаешся, калі апаратура для іх прагляду стала сапраўднай экзотыкай? Аптымальнае выйсце з гэтай сітуацыі — перавесці матэрыял у звыклы для цяперашняга часу лічбавы фармат. Але ёсць адна праблема: нехта павінен гэтым заняцца. На шчасце, чалавек знайшоўся.

 — Мне ўдалося істотна збіць мінскую цану на алічбоўку 8-міліметровай стужкі, — пахваляецца Андрэй Скуратовіч. — Калі фірмам сталі прапаноўвацца заказы на дзясяткі гадзін, тыя былі проста агаломшаныя.

Зразумела ж, далёка не ўвесь гэты матэрыял мае вялікую каштоўнасць. Выкалупванне сапраўдных перлінак са шматгадзіннага масіву прыватных архіваў — яшчэ адна важная справа, якой таксама займаецца калекцыянер. Зрэшты, нават сямейныя здымкі могуць уяўляць не абы-якую цікавасць. Бо апрача твараў “родных і блізкіх” недзе на ўскрайку кадра адлюстроўваўся таксама і своеасаблівы “фон эпохі”.

— Прыкладам, дзякуючы аматарскай кінахроніцы можна літаральна па гадах прасачыць эвалюцыю жаночых фрызураў, — тлумачыць Андрэй Скуратовіч. — Не кажучы ўжо пра паступовую змену аблічча Мінска…

Гісторыкі адшукаюць тут нямала карыснай інфармацыі. Але самае важнае, бадай, тое, што гэтыя матэрыялы дазваляюць нам занурыцца ў рэальную атмасферу свайго часу. А па меры нашага ад яго аддалення ён усё болей міфалагізуецца ды сплюшчваецца да двух банальных набораў стэрэатыпаў: ад ідэалізацыі да поўнага адпрэчвання.

Яшчэ адзін цар

Незвычайнае хобі з’явілася ў Андрэя Скуратовіча бадай выпадкова. Гадоў дзесяць таму ён стаў шукаць кінаархівы, звязаныя з мінскімі бардамі, а далей… пайшло-паехала. Урэшце, уладальнікі “рэтра-стужак” сталі самі выходзіць на калекцыянера, бо менавіта ён ведае, што з гэтым матэрыялам можна рабіць.

Менавіта такім чынам да яго патрапіла бабіна, што пылілася ў адной з шафаў колішняга Інстытута этнаграфіі і фальклору. Артэфакт быў настолькі даўні, што нават інстытуцкія старажылы ўжо не памяталі, адкуль ён узяўся і што на гэтай стужцы ўвогуле можа быць.

Вынік “ускрыцця” пераўзыйшоў усе чаканні: у культурны ўжытак удалося вярнуць фільм 1962 года, дзе адлюстравана пастаноўка народнага спектакля “Цар Максімільян” — аднаго з “блізкіх сваякоў” знакамітых цяпер “Калядных Цароў”. Дзякуючы адшуканай дакументацыі, энтузіясты са Студэнцкага этнаграфічнага таварыства плануюць аднавіць даўно страчаную традыцыю. Пра гэта “К” у свой час пісала.

Ратаванне аматарскіх кінафотаархіваў на сённяшні дзень — гэта дзялянка выключна энтузіястаў. Ні музеі, ні “сапраўдныя” архівы такіх калекцый у сябе не ствараюць. Хаця цалкам відавочна, што цана падобных артэфактаў будзе расці год ад года. А вось верагоднасць знайсці новы матэрыял змяншаецца ў адваротнай прагрэсіі.

Па-першае, старыя стужкі знікаюць самі сабою: пры пераездах, рамонтах ды іншых нагодах “развітацца з мінулым”. А па-другое — іх фізічны век даволі нядоўгі.

— Жыццё кінастужкі доўжыцца прыблізна столькі ж, колькі і жыццё чалавека, — кажа Андрэй Скуратовіч. — Гадоў сто — гэта амаль максімум, прычым пры вельмі спрыяльных умовах захоўвання. Адпаведна, нам трэба спяшацца…