...І “Маленькі прынц” у “Зорным гарадку”

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

… Ад самага цэнтра Масквы да “Зорнага гарадка”, які знаходзіцца на паўночны ўсход ад расійскай сталіцы, — усяго гадзіна аўтобусам. Дакладней, у нас не адзін аўтобус, а цэлыя тры, ды яшчэ наперадзе — міліцэйская машына з “мігалкай”. У суцэльных маскоўскіх аўтамабільных “пробках” гэта — адзінае выйсце. Мы едзем уздоўж Чаркізаўскага рынку, праз Балашыху і далей, па Падмаскоўі…

У аўтобусах — больш чым 100 юнакоў і дзяўчат, маладых музыкантаў з Масквы і Мінска. Усе яны — удзельнікі майстар-класаў для навучэнцаў мастацкіх навучальных устаноў Расіі і Беларусі. Едуць са сваімі канцэртнымі касцюмамі і сваімі інструментамі— скрыпкамі, віяланчэлямі, кларнетамі і флейтамі ў футаралах.
З расійскага боку ў майстар-класах удзельнічалі навучэнцы ці не самай прэстыжнай музычнай навучальнай установы Расіі— Цэнтральнай музычнай школы Масквы, што існуе пры Маскоўскай кансерваторыі імя П.Чайкоўскага.

 /i/content/pi/cult/157/1281/Kosmas2.jpg

А з беларускага — лепшыя навучэнцы Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Сярод нашых 25 музыкантаў шмат неаднаразовых лаўрэатаў прэстыжных міжнародных конкурсаў. Майстар-класы ладзяцца ў межах праграмы “Саюзная дзяржава — маладым талентам ХХІ стагоддзя”. Іх правядзенне было б немагчымае без фінансавання Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.
З лепшых маскоўскіх і мінскіх юных музыкантаў утвораны Маладзёжны беларуска-расійскі сімфанічны аркестр, дырыжорам якога выступіў Аляксандр Якупаў, доктар мастацтвазнаўства і прафесар, дырэктар Цэнтральнай музычнай школы Масквы. Вынікам майстар-класаў сталіся тры справаздачныя канцэрты. Першы з іх і павінен адбыцца ў Доме касманаўтаў у “Зорным гарадку”.
… Шлагбаум. Вузкія заасфальтаваныя дарожкі, для міжнародных аўтобусаў зусім не прызначаныя. Пад елкамі дзе-нідзе яшчэ ляжаць лапікі снегу.
Пакуль юныя музыканты ладзяць рэпетыцыю на сцэне, прыслухоўваюцца да досыць складанай акустыкі залы, я разглядаю фае. Пасярэдзіне яго — стэнд з надпісам: “Цэнтру падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.Гагарына — 45 гадоў”. У фае шмат фатаграфій славутых артыстаў, якія выступалі на гэтай сцэне. У подпісах няма патрэбы, бо твары добра вядомыя: Аляксандра Пахмутава і Мікалай Дабранраваў, Іосіф Кабзон, Тамара Сіняўская і Муслім Магамаеў, Алена Абразцова. Побач з імі — і “нашы”: ансамбль “Сябры” на чале з Анатолем Ярмоленкам з Алесяй. Сапраўды, выступаць пасля такіх артыстаў — гонар немалы!
А зала паступова запаўняецца публікай. Тут і ветэраны, якія шмат гадоў свайго жыцця аддалі працы ў “Зорным гарадку”, і моладзь, і ваеннаслужачыя.
Услед за гімнамі Расіі і Беларусі, якія выканаў аркестр, будзе гучаць салідная праграма ў двух аддзяленнях, над якой аркестр старанна і штодня працаваў на рэпетыцыях. Пачалі з урачыстай, сапраўды святочнай Уверцюры М.Глінкі з оперы “Руслан і Людміла”. Далей гучыць П.Чайкоўскі — “Варыяцыя на тэму ракако для віяланчэлі з аркестрам”. Саліруе наш Іван Карызна, дзесяцікласнік Рэспубліканскай гімназіі-каледжа, вучань знакамітага прафесара Уладзіміра Перліна. Завяршае праграму аддзялення таксама твор П.Чайкоўскага — Уверцюра “1812 год”, надзвычай складанае сімфанічнае сачыненне, якое бяруць у работу нават не ўсе “дарослыя” аркестры.
У ІІ аддзяленні аркестр светла і зачаравана сыграў ІІІ частку славутага Першага канцэрта для фартэпіяна з аркестрам П.Чайкоўскага (тут саліраваў маскоўскі юны піяніст — Дзмітрый Майбарада, вучань 8 класа ЦМШ). Нязвыкла і надзвычай кранальна гучаў у зале Дома касманаўтаў не менш славуты твор Адажыо з балета “Маленькі прынц” беларускага класіка Яўгена Глебава: музыка сапраўды касмічная і надзіва чуллівая... А завяршыў канцэртную праграму твор, блізкі маладзёжнай частцы аўдыторыі,— раскавана-нечаканая “Рапсодыя ў стылі блюз”, дзе саліраваў вучань 11 класа ЦМШ Філіп Капачэўскі.
Пасля канцэрта дырыжор аркестра, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Аляксандр Якупаў заўважыў, што прыём публікі аказаўся надзвычай цёплым. Калі сімфанічныя праграмы выконваюцца ў праслаўленых сталічных канцэртных залах, яны звычайна збіраюць шмат прафесіяналаў. А тыя параўноўваюць інтэрпрэтацыі, заўважаюць і вартасці, і недахопы. Такая публіка, як у “Зорным гарадку”, не распешчаная частымі сімфанічнымі канцэртамі, успрымае музыку больш эмацыйна і трапятліва.
А пасля канцэрта юных музыкантаў чакала надзвычай цікавая экскурсія па некалькіх вялікіх залах Музея касманаўтыкі, які размяшчаецца ў тым жа будынку, па суседстве з канцэртнай залай.
У музеі ўражвала літаральна ўсё! Найперш сапраўдныя, “аўтэнтычныя” рэчы: першыя лятальныя апараты, скафандры касманаўтаў рознай канструкцыі — ад першых, найбольш простых, да апошніх, парашуты і схемы прызямлення, дакументы і пажаўцелыя ўжо выразкі з тагачасных цэнтральных савецкіх газет, дзе змешчаны паведамленні ТАСС пра першыя палёты. Кіцелі лётчыкаў-касманаўтаў са шматлікімі медалямі і ордэнамі, Зоркамі Герояў Савецкага Саюза — вышэйшай тагачаснай дзяржаўнай узнагародай. Ёсць тут і шматлікія трэнажоры, якія выкарыстоўваліся на Зямлі пад час падрыхтоўкі да палёту і на саміх арбітальных станцыях, рэдкія, сапраўды унікальныя здымкі, жывапісныя творы касманаўта Аляксея Ляонава, кнігі ўспамінаў, фатаграфіі касманаўтаў, якія, на жаль, загінулі у час палётаў…
Цікава было бачыць, як паступова ўскладняліся касмічныя апараты: ад тых, што разлічаны на аднаго чалавека, — да магутных арбітальных станцый. Урэшце, як самыя апошнія навуковыя тэхналогіі, адкрыцці ў медыцыне, тэхніцы дапамагалі падоўжыць час знаходжання ў космасе. Надзвычай моцнае ўражанне пакінуў і пакой музея, прысвечаны першаму лётчыку-касманаўту планеты Юрыю Аляксеевічу Гагарыну.
Сапраўдная музычная творчасць, кампазітарская або выканаўчая, — гэта таксама космас. Вялікі і неабсяжны. Але судакрананне з жыццём і дзейнасцю першых савецкіх касманаўтаў, далучэнне да таямніц асваення чалавекам касмічнай прасторы запомніцца юным музыкантам з Беларусі і Расіі надоўга. Калі не на ўсё жыццё…

 

Таццяна МУШЫНСКАЯ
На здымку: адзін з фрагментаў экспазіцыі
музея ў Доме касманаўтаў. Фота аўтара

 

P.S. Справаздачу нашага карэспандэнта, які пабываў у Маскве на майстар-класах юных беларускіх і расійскіх музыкантаў, чытайце ў бліжэйшым нумары “Культуры”.