Стаць бы моднай. Толькі як?

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

Дзяніс МАРЦІНОВІЧ, літаратуразнаўца, журналіст, пісьменнік
У нас існуе праблема: літаральна адсутнічае рынак айчыннай літаратуры. Выдавецтва можа ўзяць рукапіс, падрыхтаваць кнігу, але часцей за ўсё яно не цікавіцца лёсам тыражу, што выйшаў з друку. Ніхто не хоча займацца рэкламай. Каб пра назву яго твора стала вядома, аўтар павінен выступаць у якасці менеджара. Маўляў, сам напісаў, сам і прасоўвай...

/i/content/pi/cult/579/12802/5-2.jpgКаб айчынныя аўтары мелі попыт у сваёй краіне, неабходна старанна распрацаваная піяр-кампанія вакол кожнай новай назвы. Відавочна, што ў нас пра гэта амаль ніхто не клапоціцца. Звычайнай справай становіцца сітуацыя, калі пісьменнік вымушаны забіраць тыраж у выдавецтве, а потым самастойна ладзіць сустрэчы з публікай. Часам тыя прэзентацыі становяцца галоўным спосабам распаўсюджвання твораў…

Асабіста ў мяне проста няма часу выступаць у ролі менеджара. Таму, калі нехта просіць выступіць, я імкнуся не адмаўляць. Дзякуючы такім запрашэнням я змог сустрэцца з чытачамі ў Маладзечна, Віцебску, Гродна. Зрэшты, у апошнім горадзе папярэдне была праведзена рэкламная кампанія, аб’явы аб сустрэчы з’явіліся ў мясцовых газетах, былі расклеены на вуліцах. Я сапраўды да зямлі кланяюся людзям, якія маюць час, жаданне нешта арганізоўваць і запрашаць!

Звычайна на творчых сустрэчах дарослыя слухаюць і задаюць пытанні з вялікай зацікаўленасцю, бо прыходзяць на іх свядома, а вось школьнікі нават у маленькай аўдыторыі часам не могуць адарвацца ад гульняў на мабільных тэлефонах. У гэтай сувязі згадваю размову з адной настаўніцай інфарматыкі, якая ўпэўнена казала, што неабходна забараняць дзецям сядзець за камп’ютарам, бо сучасныя гаджэты адштурхоўваюць ад кніг. Не ведаю, наколькі слушная яе прапанова, але для мяне сапраўды вялікая загадка, што чытаюць сённяшнія падлеткі. У прыклад прывяду сустрэчу ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі. У межах праекта “Чытаем сваё. Класіка” разам з аўтарам ідэі Ганнай Севярынец мы імкнуліся па-новаму зірнуць на жыццё і творчасць Уладзіміра Караткевіча, а таксама зразумець, якія творы класіка выбіраюць сучасныя падлеткі. Са здзіўленнем пачуў, што многія школьнікі і студэнты нават не адкрывалі ні “Каласы пад сярпом тваім”, ні “Чорны замак Альшанскі”! Калі не чытаюць Караткевіча з яго дэтэктыўна-прыгодніцкай літаратурай, дык хто ім будзе цікавы? На мой погляд, тэматыка твораў Мележа і Быкава яшчэ больш далёкая ад сучаснага падлетка.

Верагодна, каб моладзь пачала чытаць сваё, беларуская літаратура мусіць стаць моднай. У гэтым кірунку ёсць некалькі шляхоў. Адна з магчымых стратэгій зацікавіць аўдыторыю — пайсці ад асобы пісьменніка. Людзі, як вядома, любяць паспяховых, таму можна стварыць піяр-вобраз моднага, стыльнага, упэўненага ў сабе пісьменніка. Праўда, трэба разумець, што тут абавязкова паўстане пытанне якасці літаратурных твораў, бо складана сумясціць работу над іміджам з сур’ёзнай творчай працай.

Мяркую, залішняя сціпласць з’яўляецца адной з бед нашых творцаў. Напрыклад, ёсць цудоўны пісьменнік, мой улюбёны аўтар Андрэй Федарэнка. Я падыходзіў да яго, прапаноўваў зрабіць з ім інтэрв’ю, але спадар Андрэй заўсёды адмаўляецца. Усё ж, мяркую, літаратар павінен быць публічным чалавекам. Адмова ж ад з’яўлення ў інфармацыйным полі пойзе толькі ў мінус…

Як журналіст, я добра ведаю, што нацыянальная літаратура можа патрапіць у поле зроку нашых мас-медыя толькі ў тым выпадку, калі ўзнікае гучная інфармацыйная нагода. Здавалася б, чаго прасцей, але… Летась у Шчучыне назвалі імёны лаўрэатаў першай Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Мне было вельмі прыемна, што мая кніга “Жанчыны Уладзіміра Караткевіча” стала пераможцам у намінацыі “Крытыка”. Аднак ці шмат рэцэнзій на творы лаўрэатаў бачылі вы ў друку, ці чыталі інтэрв’ю з узнагароджанымі, ці чулі пра тое, каб ладзіліся творчыя сустрэчы з лідарамі творчага спаборніцтва? На жаль, сітуацыя вакол маёй кнігі, як, відавочна, і твораў іншых пераможцаў, не змянілася… Шкада, але пакуль тэндэнцыя іншая: пра пісьменніка напішуць усе выданні толькі тады, калі ён публічна пасварыцца з кім-небудзь ці патрапіць у іншы скандал…

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"