Навучымся rubato?

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

Вадзім ЯКАНЮК, доктар педагагічных навук, прафесар, галоўны рэдактар часопіса “Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі”
Уступленне Беларусі ў Балонскі працэс прыўносіць шмат новага для асэнсавання развіцця вышэйшай музычнай школы ў нашай краіне. На гэты конт нярэдка выказваецца нямала скептыцызму.

/i/content/pi/cult/579/12801/5-1.jpgАле, мяркую, улік рэкамендацый Балонскай дэкларацыі і іншых дакументаў гэтай дыскусійнай платформы дазволіць надаць новы імпульс развіццю нацыянальнай сістэмы музычнай адукацыі, не страчваючы самабытнасці яе першаасноў.

Найперш маю на ўвазе змест адукацыйных стандартаў, вучэбных планаў і праграм. Трэба пазбавіцца ад “залішніх” вучэбных прадметаў, якія не маюць дачынення да прафесійнай падрыхтоўкі музыкантаў. Пры цяперашняй сітуацыі, калі студэнт будзе імкнуцца максімальна поўна выканаць патрабаванні вучэбнага плана, ён будзе вымушаны выбіраць: граць на раялі — ці рыхтавацца да заліку па “Асновах энергазберажэння”. А што рабіць у такой сітуацыі выкладчыку?

Аднак справа не толькі ў колькасці вучэбных дысцыплін і аўдыторных заняткаў. Неабходна перабудоўваць вучэбны працэс у адпаведнасці з патрабаваннямі і магчымасцямі інфармацыйных тэхналогій. Асноўнай формай адукацыйнага працэсу павінны станавіцца не лекцыі, а семінары, прысвечаныя абароне студэнтамі індывідуальных праектаў. У вышэйшай школе проста вучыць — позна. Тут студэнты павінны — вучыцца. Гэта падобна на авалоданне манерай ігры rubato, што азначае больш вольнае выкананне, адхіленне дзеля выразнасці ад роўнага тэмпу і строгага рытму. Навучыць граць rubato — немагчыма. Але можна — навучыцца, спазнаючы гэтую манеру ў час выканальніцтва. У гэтым сэнсе ўсе заняткі ў класе па спецыяльнасці (гэта можа быць фартэпіяна, скрыпка, спевы, дырыжыраванне — што заўгодна) уяўляюць сабой унікальную мадэль самаразвіцця музыканта: творчая задача натхняе на пошук яе рашэння, і вынікам становіцца прэзентацыя выканання публіцы.

Вышэйшая музычная школа — гэта частка агульнай сістэмы музычнай культуры. Яна можа паспяхова функцыянаваць толькі ва ўмовах шчыльнага ўзаемадзеяння з музычным мастацтвам: кампазітарскай творчасцю і музычным выканальніцтвам. Але ж прастора такога ўзаемадзеяння ў сучасных умовах вельмі абмежаваная: адзін оперны тэатр, адзін сімфанічны аркестр (у аркестра тэлерадыёкампаніі і ў астатніх інструментальных калектываў — іншыя задачы), адна харавая капэла… І гэта ў Мінску. А што ў абласных цэнтрах, не кажучы пра раённыя? Не дзіва, што на канцэртнай афішы сёння дамінуе “папса”, часцяком не самай высокай якасці.

Тым не менш, дастаткова зірнуць на тое інтэнсіўнае развіццё Акадэміі музыкі і ўсёй культуры, што ўласціва апошнім дзесяцігоддзям, асабліва калі Беларусь атрымала дзяржаўны суверэнітэт. Змяніліся вучэбныя планы і праграмы, былі распрацаваны адукацыйныя стандарты, адкрытыя магістратура і аспірантура, створаны савет па абароне дысертацый, у якім абаронена ўжо каля сотні кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, што ў разы павялічыла навуковы патэнцыял ВНУ. Знакавай падзеяй стала стварэнне кафедры беларускай музыкі. Быў пакладзены пачатак нотна-выдавецкай дзейнасці, у 2001-м быў заснаваны навукова-тэарэтычны часопіс, дзе знайшлі ўсебаковае адлюстраванне дасягненні беларускага музыказнаўства. Істотнае развіццё атрымала канцэртная выканальніцкая практыка. З’явіліся новыя калектывы — аркестры і ансамблі. Упершыню ў Беларусі пачалі праводзіцца міжнародныя конкурсы музыкантаў-выканаўцаў. Творчая моладзь атрымала магчымасць удзелу ў прэстыжных міжнародных спаборніцтвах, з’явілася безліч лаўрэатаў, што сведчыць пра міжнароднае прызнанне беларускай нацыянальнай выканальніцкай школы. У нас пачалі вучыцца замежныя студэнты, многія з якіх пазней закончылі аспірантуру БДАМ і паспяхова абаранілі кандыдацкія дысертацыі. Ну, а цяперашні Год культуры ўвогуле выклікаў масу ініцыятыў ва ўсіх сферах! І паказаў, як многа залежыць не толькі ад дзяржавы, але і ад кожнага.