Вакол Дня тэатра

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

27 сакавіка — Міжнародны дзень тэатра

/i/content/pi/cult/579/12800/2-2.jpgБез конкурсу, ды з выйгрышам

Заўтра ў Магілёве завяршаецца ХІ Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М.@rt.кантакт”. Канчатковыя яго вынікі яшчэ будуць падведзены, але папярэднія відавочныя ўжо цяпер.

— Вельмі радуе, — адзначыў міністр культуры нашай краіны Барыс Святлоў у прывітанні, агучаным падчас урачыстага адкрыцця, — што форум год ад году ўмацоўвае свае пазіцыі галоўнай пляцоўкі для маладых таленавітых дзеячаў тэатра Беларусі і замежжа, дзе можна ўбачыць самыя сучасныя і арыгінальныя спектаклі, а таксама абмеркаваць вострыя і актуальныя для тэатральнай моладзі пытанні.

Барыс Святлоў адзначыў такія важкія асаблівасці “М.@rt.кантакту-2016”, як “багатая жанравая і тэматычная палітра спектакляў, прадстаўленых на форуме, разнастайнасць творчых форм і метадаў сцэнічнага ўвасаблення”. Не меншую ролю, на думку міністра, адыгрывае і асветніцка-адукацыйны складнік фэсту: “Шырокая праграма творчых лабараторый, абмеркаванняў, “круглых сталоў” і іншых мерапрыемстваў, якія заўсёды іграюць вельмі важную ролю ў прафесійным станаўленні пачынаючых творцаў і адкрыцці шырокай дарогі ў чароўны свет мастацтва тэатра”.

Калі раней на форуме працавалі два журы — прафесійнае і маладзёжнае, дык летась ад першага адмовіліся. Сёлета вырашылі канчаткова: няхай “М.@rt.кантакт” застаецца фестывальным, а не конкурсным па духу. Дарэчы, такі падыход уласцівы апошнім часам і сусветнай тэатральнай супольнасці: на міжнародныя фестывалі збіраюцца лепшыя калектывы са сваімі лепшымі пастаноўкамі, ужо само запрашэнне становіцца прызнаннем мастацкіх якасцей, спаборніцтву ж перашкаджаюць як арганізацыйныя пытанні (спектаклі трэба развесці ў часе, каб журы паспела паглядзець абсалютна ўсё), так і мастацкія (дык хто з даўно прызнаных класікаў ды авангардыстаў “самы-самы”?). Таму конкурс звычайна праводзіцца ў нацыянальных межах: вызначаюцца лепшыя калектывы, пастаноўкі, асобныя творчыя працы за пэўны перыяд. Ну, а кропкі над "і” на “М.@rt.кантакце” расстаўляюць крытыкі: штодзень адбываецца абмеркаванне ўчарашніх паказаў. Захаваны і прыз глядацкіх сімпатый: за яго можна галасаваць як у зале пасля кожнага з праглядаў, так і праз Інтэрнэт.

Яшчэ адной адметнасцю сёлетняга форуму стала яго большая скіраванасць на гледача. Калі ранейшыя фестывалі, як заўважыў дырэктар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Андрэй Новікаў, арыентаваліся на знаўцаў ды спецыялістаў, дык цяпер форум будзе пазіцыянавацца як свята для горада. Выйгрыш відавочны: калі раней на “М.@rt.кантакт” прадавалася каля дзвюх тысяч білетаў, дык цяпер — чатыры з паловай.

Сярод заўзятых гледачоў, як адзначыла на прэс-канферэнцыі тэатральны крытык, прафесар Таццяна Арлова, і кіраўніцтва абл- і гарвыканкамаў, якое “любіць тэатр, разумее, што фестываль дапамагае расці нацыянальнаму мастацтву”. Дададзім, што таго ж Валерыя Малашку, намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама, можна бачыць ледзь не на кожным спектаклі. Форум “М.@rt.кантакт” ужо ў адпаведнасці з назвай “аб’ядноўвае, вучыць дабрыні, прыгажосці, гуманнасці”, падкрэсліла крытык з Германіі Ніна Мазур.

/i/content/pi/cult/579/12800/2-1.jpgПрэмія на новы лад

У Нацыянальным прэс-цэнтры першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга ад імя Міністэрства культуры краіны павіншавала прадстаўнікоў тэатральнай супольнасці з Міжнародным днём тэатра.

“Гэта свята з’яўляецца не толькі добрай нагодай уручыць узнагароды і сказаць адзін аднаму прыемныя словы, але і падсумаваць нейкія вынікі развіцця тэатральнага працэсу”, — падкрэсліла спадарыня Дрыга.

На прэс-канферэнцыі былі агучаны некаторыя паказчыкі. Прынамсі, летась дзяржаўныя прафесійныя тэатры паказалі 8 685 спектакляў, якія наведала каля двух мільёнаў чалавек. Прамоўца зазначыла, што мінулым годам беларусы пабачылі каля 120 прэм’ер. Прыемна, што трыццаць пастановак былі пастаўлены паводле п’ес айчынных аўтараў. Нашы калектывы змаглі выступіць перад гледачамі ў Азербайджане, Аўстрыі, Германіі, Італіі, Іспаніі, Кітаі, Латвіі, Літве, Польшчы, Расіі, на Тайвані, ва Украіне, у Францыі, Чэхіі і іншых краінах свету. У самой жа Беларусі, нягледзячы на няпростае фінансавае становішча, былі зладжаны 6 міжнародных тэатральных фестываляў. Асаблівы акцэнт прамоўца зрабіла на аднаўленні ў Бабруйску Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. “Па-рознаму ставіліся мас-медыя да гэтага форуму, але галоўнае, што наша нацыянальная драматургія патрапіла ў цэнтр увагі журналістаў, крытыкаў, шырокай тэатральнай грамадскасці,” — адзначыла Ірына Дрыга.

Рэальным вынікам актыўнай дзейнасці айчынных калектываў стала тое, што адразу тры тэатры былі адзначаны спецыяльнымі прэміямі Кіраўніка дзяржавы дзеячам культуры і мастацтва: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага і Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр. Яшчэ адной значнай падзеяй сталася адкрыццё пасля пяцігадовага капітальнага рамонту будынка Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. А ўвосень слынны калектыў будзе адзначаць 60-гадовы юбілей, да якога падрыхтавана нямала цікавых імпрэз.

Па словах прамоўцы, галоўнай падзеяй тэатральнага жыцця ў гэтым годзе стане абноўленая Нацыянальная тэатральная прэмія. Як вядома, было вырашана праводзіць яе адзін раз на два гады, каб тэатры мелі магчымасць вылучыць на конкурс больш прэм’ер. Палажэнне ўжо дапрацавана і хутка з’явіцца ў афіцыйных крыніцах. З 1 красавіка пачнецца прыём заявак ад калектываў, які завершыцца 1 мая, а пасля 1 чэрвеня павінен з’явіцца шорт-ліст намінантаў на прэстыжную ўзнагароду. На лістапад — пачатак снежня запланаваны прагляды лепшых пастановак у рамках Нацыянальнага тэатральнага тыдня. Прафесійнае журы павінна вызначыцца са сваім выбарам напрыканцы каляндарнага года.

Было вырашана захаваць у межах прэміі падзел на секцыі: заяўкі прымаюць у напрамках “драматычны тэатр”, “музычны тэатр”, “тэатр лялек”, “тэатр для дзяцей і юнацтва”. У апошнім выпадку свае працы, разлічаныя на юную аўдыторыю, змогуць прадставіць любыя тэатры. Улічваючы магчымую разнастайнасць форм і жанраў, у гэтай секцыі мяркуецца сабраць сінтэтычнае журы.

Змяненні закрануць і намінацыі. Так, было вырашана адмовіцца ад намінацыі “Лепшая рэжысёрская праца”. Пры гэтым Ірына Дрыга падкрэсліла, што прыз у кожнай з секцый за лепшы спектакль застанецца. А вось колішнюю намінацыю “Лепшая роля” вырашылі ўзбуйніць: асобна вызначаць лепшую жаночую і мужчынскую ролі. “Без купюр” застаюцца ганаровыя прэміі за мецэнацкую дзейнасць і ўклад у тэатральнае мастацтва.

У Міжнародны дзень тэатра адбудуцца ўрачыстасці ў Купалаўскім тэатры. На сцэне лепшыя дзеячы тэатра па выніках мінулага года будуць узнагароджаны ад імя Міністэрства культуры. “Для нас прыемна, што сярод узнагароджаных акажуцца прадстаўнікі не толькі сталічных, але і рэгіянальных тэатраў”, — падкрэсліла Ірына Дрыга.

Злучыць два берагі

На новую прыступку выйшла амаль дзесяцігадовае супрацоўніцтва Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі з Міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Тэатро” і французскай тэатральнай асацыяцыяй “Demain le Printemps” (“Заўтра вясна”). Сёлета партнёры распачынаюць праект “Тэатральная арка”.

На слыху адукацыйныя праекты “Demain le Printemps”. Як кажа мастацкі кіраўнік апошняй Фабрыс Карэй, за часы дзейнасці на майстар-класах у Беларусі пабывала 890 удзельнікаў. Да выбітных беларускіх педагогаў едуць з замежжа як прафесійныя акцёры, так і студэнты, якія хочуць адкрыць для сябе класічную тэатральную школу, заснаваную на спадчыне Станіслаўскага, Неміровіча-Данчанкі, Меерхольда… У Мінск на дзевяцімесячныя праграмы, а таксама на экспрэс-стажыроўкі прыязджалі амаль з двух дзясяткаў краін. “Мы змаглі пасеяць у іх сэрцах зярняткі любові да Беларусі, — падкрэслівае спадар Фабрыс. — Летась я наведаў знакаміты тэатральны фестываль у Авіньёне, дзе на працягу месяца паказваюць каля 1200 спектакляў з мэтай “прадаць” іх на бліжэйшы сезон добраму імпрэсарыа. Было вельмі прыемна сустрэць там шмат нашых выпускнікоў! Многія cа стажораў выраслі ў акцёраў, рэжысёраў, менеджараў, некаторыя заснавалі свае тэатры ці пачалі ладзіць адукацыйныя праграмы”.

Лагічным развіццём супрацоўніцтва стала франка-беларуская шматгадовая праграма супрацоўніцтва “Тэатральная арка”. Яна прадугледжвае "навядзенне мастоў" у гастрольнай дзейнасці. Прынамсі, на згаданым авіньёнскім фестывалі дырэктар РТБД Уладзімір Карачэўскі заключыў дамову з тамтэйшым камерным тэатрам. П’есу ў выкананні трох французскіх акцёраў мінчане пабачаць у снежні падчас традыцыйнага ўжо “Каляднага рандэву”.

У сваю чаргу, распрацоўваецца сапраўднае турнэ РТБД па гарадах Францыі. “Часцей за ўсё беларускія тэатры выязджаюць за мяжу з разавымі паказамі. Мы ж прапанавалі спектакль “Тры Жызелі” Аляксандра Гарцуева сур’ёзным імпрэсарыа. Тамтэйшыя спецыялісты зацікавіліся нашай пастаноўкай і зараз шукаюць магчымасці выйсці на значныя тэатральныя пляцоўкі Францыі. Зараз ствараецца сінхронны пераклад, рыхтуюцца праграмкі, рэкламныя буклеты. Некаторыя рэчы даводзіцца перарабляць, бо зразумелае нам не ўспрымаецца французамі з-за розніцы ў менталітэтах”, — распавёў спадар Карачэўскі.

Новым фарматам стаў праект “Teatro club”, які намеснік старшыні “Тэатро” па камунікацыях Ірына Русанава назвала ўнікальным у тэатральнай прасторы. У гэты клуб уваходзяць як беларусы, якія любяць радзіму Эйфелевай вежы, імкнуцца вывучыць яе мову, так і французскія дыпламаты і бізнесмены, што жывуць і працуюць у Беларусі. Штомесяц гэтую суполку запрашаюць на спектаклі РТБД, якія, па меркаванні прадстаўнікоў тэатра, найбольш яскрава раскрываюць спецыфіку абедзвюх культур. Пасля паказу ўжо ў нефармальнай абстаноўцы члены клуба могуць пагутарыць з акцёрамі, рэжысёрамі ды іншымі творцамі, заглыбіцца ў гісторыю і культуру абедзвюх краін, знайсці сяброў сярод франкафонаў і франкафілаў.

“Тэатральная арка” адкрывае бясплатныя інтэрактыўныя майстар-класы для ўсіх ахвотных. Удзельнікам “Teatro box” прапануюць бліжэй пазнаёміцца з асновамі акцёрскага майстэрства, засвоіць тэмпарытм, асновы біямеханікі і іншыя акцёрскія тэхнікі, каб пазнаць сцэнічнае мастацтва знутры. Майстар-класы ладзяцца на пляцоўцы Цэнтра беларускай драматургіі. Іх будуць весці выбітныя дзеячы мастацтваў Беларусі і Францыі.

Прэміі сцэнографам

24 сакавіка адбыліся ўрачыстасці з нагоды ўручэння сёлетняй прэміі імя заслужанага дзеяча мастацтваў краіны Івана Ушакова.

Лідарам 16-га па ліку конкурсу, заснаванага па ініцыятыве Зоі Ушаковай, удавы мастака-сцэнографа, сумесна з Музеем гісторыі тэатральнай і музычнай культуры і грамадскім аб’яднаннем “Беларускі фонд культуры”, стала Марына Шуста за сцэнаграфію да спектакля “Як я стаў…” Новага драматычнага тэатра. Ганаровай граматай Беларускага фонду культуры была ўзнагароджана Юлія Карымава за афармленне пастаноўкі “Каралева прыгажосці з Лінэна” ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа.

Журналіст Вольга Савіцкая атрымала дыплом UNESCO за дзейнасць па прапагандзе беларускага тэатральнага мастацтва ў СМІ.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"