Пад знакам “Берагіні”

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

2 — 3 красавіка ў гарадскім пасёлку Акцябрскі, што на Гомельшчыне, прайшла IV Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання”. Канферэнцыя, якая ладзіцца пры падтрымцы міністэрстваў культуры і адукацыі, упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама, Акцябрскага райвыканкама, Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, Беларускага фонду культуры, з’яўляецца часткай праекта “Берагіня”. Дарэчы, заключныя мерапрыемствы V Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва пад гэтай назвай запланаваны ў Акцябрскім на 19 — 22 чэрвеня...

 /i/content/pi/cult/157/1280/Beraginya.jpg

Унёсак “Берагіні” ва ўмацаванне і развіццё традыцыйнай культуры Беларусі — неацэнны. Гаворка не толькі пра сацыяльна-педагагічныя і маральна-этычныя аспекты пераемнасці традыцый, не толькі пра этнакультурнае выхаванне ў дзіцячых фальклорных гуртах і захаванне этнаэкалогіі. Менавіта “Берагіня” падштурхнула ў свой час да стварэння ў БДУКіМ спецыялізацыі “этна-фоназнаўства”, якое на абсягах СНД вывучаецца пакуль толькі ў Беларусі.
Менавіта “Берагіня” паспрыяла развіццю раённага краязнаўства ў сістэме школьнай адукацыі, падштурхнула грамадскасць да пераасэнсавання ролі этнавыхавання ў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, сацыялізацыі моладзі, ашчадным стаўленні да аўтэнтычнага мастацтва. Таму натуральным падаўся той факт, што тром фальклорным гуртам Любанскага раёна Міністэрства культуры РБ надало статус дзяржаўнай духоўнай каштоўнасці не за рэпертуар, а за “кананічны” стыль выканання. Словам, як зазначыў галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь І.Галабурда, і фестываль, і канферэнцыя ў Акцябрскім даўно сталі знакавымі для рэспублікі.
Як і заўжды, у рабоце канферэнцыі бралі ўдзел вядучыя навукоўцы Беларусі, дасведчаныя ў сферы традыцыйнай культуры: вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі, доктар філасофскіх навук У.Конан, прафесар кафедры тэорыі і гісторыі культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка, кандыдат філалагічных навук А.Рагуля, дэкан факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, кандыдат культуралогіі В.Калацэй, дактарант Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Л.Ракава, дацэнт кафедры этналогіі і фалькларыстыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка, кандыдат філалагічных навук А.Лозка, старшы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры М.Козенка...
Поруч з навукоўцамі праблемы этнаадукацыі абмяркоўвалі работнікі культуры, педагогі і выхаванцы этнашкол Міншчыны, Гомельшчыны, Брэстчыны і Віцебшчыны. Абмеркаванне гэтае доўжылася і пад час работы чатырох секцый “Народная культура ў адукацыйна-выхаваўчым працэсе”, “Сацыяльна-педагагічны і маральна-этычны аспекты народнай культуры”, “Народнае мастацтва ў лакальных культурах”, “Народная культура ў работах дзяцей”, і за “круглым сталом” з канкрэтна вызначанай тэмай “Традыцыйная культура і сучаснасць: Школа. Дзеці. Будучыня”.
Аддзел культуры Акцябрскага райвыканкама на чале з начальнікам С.Беразоўскай, гасціннай і абаяльнай гаспадыняй, прымеркаваў да канферэнцыі канцэрт аўтэнтычных і аматарскіх фальклорных калектываў Рудабельшчыны “Край ад калыскі дарагі”...
Больш падрабязная гаворка пра праблемы этнавыхавання — у наступным нумары “К”.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ
На здымку: у час
IV Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання”.
Фота аўтара