“Паралельны” Чэхаў

№ 2 (768) 13.01.2007 - 19.01.2007 г

Нягледзячы на сваю назву і адмысловасць колішняга статуса тэатралабараторыі, сёння Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі практычна страціў імідж “кузні айчыннай п’есы” і паступова ператвараецца ў звыклы рэпертуарны тэатр з яго будзённымі клопатамі пра запаўняльнасць залы і платныя паслугі. Смуткуючы аб немагчымасці весці нармальную лабараторную дзейнасць і займацца развіццём-прасоўваннем твораў айчынных драматургаў, як гэта некалі задумвалася і было, і ў рэпертуарнай палітыцы тэатр свядома адыходзіць ад фарміравання афішы адно толькі з беларускіх назваў. Напачатку “іншанацыянальныя” пастаноўкі фігуравалі ў афішы ў рамках праекта пад умоўнай назвай “Сучасная драматургія краін свету на эксперыментальнай сцэне”, потым — без усялякіх каментарыяў. Маўляў, не варта замыкацца і абмяжоўваць сябе адной-адзінай, нават самай высакароднай ідэяй, неабходна спрабаваць выходзіць на новыя ўзроўні...

/i/content/pi/cult/109/128/st14_1.jpgПерачакаўшы пэўны час пасля правалу “патэнцыяльнага хіта” — “Караля Ліра” У.Шэкспіра ў пастаноўцы запрошанага з Іркуцка рэжысёра, В.Анісенка бярэцца за ўвасабленне на сцэне Чэхава. Балазе, нядрэнны драматург... Вось толькі чамусьці амаль пасля ўсіх папярэдніх асваенняў Чэхава на нашай сцэне ніяк не пакідае пытанне: навошта трэба гарод гарадзіць?..

Сцэнаграфічны вобраз спектакля відавочным чынам імкнецца пазбавіць дваранскага флёру зыходны драматургічны матэрыял: сціплая “лаканічная” мэбля, грубы заднік-пляцень, “някідкае” піяніна на другім паверсе — усё гэта стварае атмасферу не рускага дваранскага маёнтка, а, хутчэй, хаціны вясковага настаўніка (сцэнаграфія Алесі Снапок-Сарокінай). І гэта пэўным чынам разбурае той філасофска інтэлігенцкі настрой, на які на пачатку дзеі настройвае нас партрэт самога Чэхава на паўпразрыстай супер-заслоне.

Абстрагаваўшыся ад пытання “навошта?”, на якое я на працягу спектакля так і не знайшла для сябе ўцямнага адказу, задалася пытаннем “што ж я бачу?”. Найперш, канешне, увага запынялася на галоўным героі — Іванаве. У выкананні Ігара Сігова дамінантай, што характарызуе гэты вобраз, становіцца жыццёвая разгубленасць чалавека, які ў сталыя гады прыходзіць да думкі, што ўвесь папярэдні час жыў “не так”. Яго эмацыянальны стан адпавядае старому прыслоўю: “я ведаю, што я нічога не ведаю”— аніякай канкрэтыкі, аніякага асэнсавання ўласнага жыцця, адно толькі разгубленасць і адчуванне “няправільнасці”. Але асноўная адметнасць Іванава - Сігова ў тым, што на працягу спектакля ён, па сутнасці, не здзяйсняе ніводнага ўчынку, не прымае аніякага рашэння. Своеасаблівы антыпод Дон Жуана, які не можа не спакушаць жанчын, Іванаў нічога не робіць для таго, каб тыя былі з ім — яны самі вешаюцца яму на шыю, адмаўляюцца ад веры, родных, ад былога жыцця толькі дзеля таго, каб быць побач з ім. А ён слабавольна і спакойна прымае гэтыя ахвяры, заспакойваючы сябе тым, што “яны самі”.

/i/content/pi/cult/109/128/st14_2.jpgА побач — свет суседзяў, што жывуць “так як усе”. І гэты “клан”: Аўдоцця Назараўна (Таццяна Мархель), граф Шабельскі (Валерый Ласоўскі), Зінаіда Савішна (Галіна Чарнабаева), Бабакіна (Ганна Арыніч-Анісенка) — існуе ў спектаклі ў той жа манеры, у якой мы прывыклі бачыць іх у нацыянальных камедыях. Смешна. Дакладна. Але ж не надта нова і, здаецца, крыху з іншай “оперы”. А іх каментарыі адносна Іванава выглядаюць не асуджэннямі таго, хто жыве сваім розумам, а, хутчэй, як вымушаныя анекдоты пра персанажа-суседа. І, здаецца, на самой справе яго асоба мала каго цікавіць. Так і атрымліваецца: “заганны” свет жыве ў сваім мілым асяроддзі, Іванаў — у сваіх душэўных пакутах, і, па сутнасці, на працягу спектакля яны так і не ўступаюць у канфлікт, таму што па-сапраўднаму і не перасякаюцца. Бо дзеля гэтага неабходны як мінімум “канфлікт інтарэсаў”. У спектаклі ж, здаецца, усе захоплены толькі адным жаданнем: каб Іванаву было добра і каб ён не лез да нас са сваімі пакутамі сумлення...

 

Таццяна КОМАНАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА