Музейны прадукт для адукацыі

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

“Круглы стол” пад назвай “Патэнцыял музейнай педагогікі ў выхаванні асобы” адбыўся 22 сакавіка ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Удзельнікі сустрэчы надалі ўвагу пытанням супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі з дзяржаўнымі музеямі.

/i/content/pi/cult/579/12793/6-1.jpgСустрэча ўдзельнікаў “круглага стала” — членаў Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намесніка дырэктара па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце сталічнай гімназіі № 37 Юліі Скадорва, а таксама выкладчыка кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў Белдзяржуніверсітэта Вольгі Мірончык пачалася з таго, што супрацоўнікі музея на чале з дырэктарам Аленай Ляшковіч паказалі на жывым прыкладзе работу ўстановы: на інтэрактыўны музейны занятак “Гуканне вясны” прыйшлі школьнікі. Пасля прагляду пачалося абмеркаванне праблемных пытанняў музейнай педагогікі.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Наталля Кучынская падкрэсліла, што ў музейнай педагогікі вялікая будучыня: калі сто гадоў таму пра яе казалі як пра культурную дзейнасць, то зараз яна становіцца навукова-практычнай дысцыплінай, і ў гэтым працэсе трэба задзейнічаць, у тым ліку, нашу эмацыйнасць. Балазе музейная педагогіка знаходзіцца на стыку музеязнаўства, педагогікі і псіхалогіі. Старшыня камісіі Аляксандр Сягоднік у сваю чаргу адзначыў, што музейная педагогіка — складнік сістэмы адукацыі. Канешне, не кожная школа мае магчымасць стварыць музей або музейны пакой, але чаму б установам адукацыі не рухацца ў гэтым кірунку. Іншы шлях дэманструе Дзяржаўны літаратурны музей імя Янкі Купалы, які зараз выходзіць на іншы ўзровень працы, — праграмнае супрацоўніцтва. (Алена Ляшковіч, дарэчы, падкрэсліла, што ўстанову ў 2015 годзе наведала амаль 125 тысяч чалавек, з якіх 75% — школьнікі, а за апошнія сем гадоў колькасць наведвальнікаў наогул павялічылася амаль у два разы.) Так, распрацавана праграма доўгатэрміновага ўзаемадзеяння са сталічнай гімназіяй № 37. Юлія Скадорва прывяла прыклад: прысвячэнне ў гімназісты адбылося на базе музея, а ўжо на тэматычны тыдзень “Гуканне вясны”, арганізаваны гімназіяй, прыехаў музей.

Загадчык аддзела культурна-адукацыйнай работы музея Вольга Пархімовіч дадала, што выкарыстанне мультымедыйных тэхналогій стала новым узроўнем падачы інфармацыі. У барацьбе за свайго наведвальніка купалаўцы больш увагі надаюць музейна-педагагічным інтэрактыўным праграмам. Так, напрыклад, на мерапрыемства “У пошуках Папараць-кветкі” спачатку прыйшоў толькі адзін клас гімназіі № 16, а потым — усе вучні: з першага па адзінаццаты класы. Музей праводзіць музейна-педагагічныя заняткі на базе ўстаноў адукацыі: распрацаваны 4 тыпы заняткаў для вучняў малодшых класаў і дзевяць — для 5 — 11 класаў. У 2015-м у супрацоўніцтве з IT-спецыялістамі быў створаны шрыфт “PIASNIAR”, які змешчаны ў Сеціве ў вольным доступе і ўзнаўляе почырк беларускага паэта. А ідэю прапанаваў чалавек, які не мае ніякага дачынення да музея.

Затым Вольга Пархімовіч акрэсліла тэму якасці музейных паслуг, а таксама ўзаемадзеяння паміж школамі і музеем. Названыя аспекты ацанілі педагогі і вучні сталічных школ у час анкетавання, у якім прымалі ўдзел 100 чалавек.

Як высветлілася, аглядавай экскурсіяй як музейным прадуктам карыстаюцца 49 % настаўнікаў. Да ўсяго, 37 % педагогаў выказалася за тое, што найбольш запатрабаваныя школай менавіта тэматычныя экскурсіі. На пытанне “Якія музеі Мінска вы ведаеце?” большасць школьнікаў адказала: Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (38 %), Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы (22 %) і Нацыянальны мастацкі музей (11 %). Ад музеяў навучэнцы чакаюць атрымання карыснай інфармацыі (30 %) і атрымання задавальнення ад убачанага і пачутага (23 %).

Вольга Мірончык вылучыла асноўныя тэндэнцыі развіцця культурна-адукацыйнай дзейнасці замежных музеяў. Па яе назіраннях, недзе пяць гадоў таму ў беларускім грамадстве наведвалі музей дзеля таго, каб даведацца штосьці новае. Але Вольга Уладзіміраўна пераканана, што ў музей людзі павінны прыходзіць па тое, каб “перажыць” гісторыю, падзеі эмацыйна, атрымаць уражанне ад убачанага. Яна падкрэсліла: беларускія музеі не адстаюць ад музеяў заходніх. Работнікі фондаў, зразумела, — эліта прафесіі, таму і функцыя дакументавання лічылася асноўнай. Але ў ХХІ стагоддзі культурна-адукацыйная функцыя выходзіць ужо на першыя пазіцыі.

Якія асноўныя тэндэнцыі заходніх музеяў вылучае даследчыца? Па-першае, вывучэнне ўласнай аўдыторыі. “Нашы калегі зразумелі: для таго, каб эфектыўна працаваць з публікай, яе трэба добра ведаць. Вывучэннем складу наведвальнікаў, акрамя саміх супрацоўнікаў, займаюцца ахвотныя на спецыяльных універсітэцкіх курсах. Сегменты музейнай аўдыторыі на Захадзе — школьнікі, мясцовыя дарослыя, дарослыя з рэгіёнаў, сем’і, дарослыя турысты. Акрамя гэтага звяртаецца пільная ўвага на студэнтаў, пенсіянераў (якія ўсё больш заваёўваюць папулярнасць як катэгорыя гасцей тамтэйшых устаноў), маладых прафесіяналаў, беспрацоўных, этнічныя меншасці”, — падкрэсліла Вольга Уладзіміраўна.

Уласна, дадае яна, роля музея паступова змяняецца: ён становіцца месцам дыскусій і творчай дзейнасці. Прычым на Захадзе ўстанова пачынае выконваць усё большую ролю ў адукацыі дарослага насельніцтва праз спецыяльна распрацаваныя праграмы. У 1970-я заходнія музеі пачалі надаваць увагу людзям з асаблівасцямі. Сёння, напэўна, няма такога музея, які не працаваў бы з інвалідамі.

Сучасны музей пачынае адмаўляцца ад традыцыйнай мадэлі “эксперт — публіка”. Бо апошні складнік названай мадэлі выступае абсалютна раўнапраўным партнёрам, тым больш аўдыторыя і стварае музейны працэс. Заходнія музеі працуюць з настаўнікамі. Галоўнае — навучыць педагога дзейнічаць “па-музейнаму” праз адукацыйныя семінары, курсы павышэння кваліфікацыі, летнія курсы, адмысловыя цэнтры, праграмы… На Захадзе аддалі перавагу формам работы з індывідуальным наведвальнікам, тым, хто сам адкрыў дзверы ўстановы культуры.

Як на падвядзенні вынікаў “круглага стала” адзначыла Юлія Скадорва, “хочацца, каб і іншыя музеі перанялі вопыт супрацоўніцтва з установамі адукацыі. Над якой тэмай яшчэ можна працаваць? На маю думку, над тэмай сям’і”.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст