Аўдыя-відэа-24

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

Лютаўскія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць аўтар песень, спявачка, кліпмэйкер Таццяна КУШНЕР (A) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B).

/i/content/pi/cult/579/12790/8-2.jpgАўдыя

Allя, міні-альбом “Кава/Мокрыя/Пакаштуй мяне”

А.: Тры кампазіцыі, запісаныя гранічна мінімалістычна і як бы па-за часам, толькі голас, фартэпіяна ды трохі камп’ютарных эфектаў. Ці то гэта вынік апрацоўкі, ці то сам вакал такі спецыфічны, але слухача наганяе... кагнітыўны дысананс: дарослыя жаночыя песні выконваюцца нібы голасам з тэлевізійнай... "Калыханкi".

"Эратычна і смела" — так апісваецца міньён у прэс-рэлізе, што больш характарызуе работы, напрыклад, Мадоны. У Allя песні мяккія ды хатнія, трохі адстароненыя, не дзеля масавай аўдыторыі. Усё вельмі асабіста, любоўна, вытанчана ды на беларускай мове, што парадавала.

Не сутыкалася раней ні з адным праектам Аляксандры Грахоўскай, а іх аказалася нямала. Тут і фольк, і рок, і тэатр, і дзіцячыя песні. Апошнія, дарэчы, асабліва гарманічна гучаць у яе выкананні. Жадаю ствараць далей!

В.: Allя — гэта Аляксандра Грахоўская, знаёмая меламанам па гуртах “Госціца”, “Агатка” ды “By Cry”, гэта значыць па калектывах, у творчасці якіх прыкметнае месца займае фольк. Дадзены ж праект да яго адносінаў не мае. Мы чуем фартэпіянную музыку з у меру пачуццёвым, нягучным вакалам. Дазволю сабе пазначыць трыпціх тэрмінам “эратычны мінімалізм”. Слухаць работу больш-менш цікава роўна да таго моманту, пакуль Аляксандра ў трэку “Мокрыя” не пачынае сексуальна прыдыхаць… Тут мяне разабраў смех і сур’ёзнасці на фінальны акорд не засталося.

Гурт “Ягорава гара”, альбом “Ягорава гара”

A.: Апрацоўка бабулiных песень — справа тонкая. Лепшыя ў гэтым “жанры” транслююць магію і прыгажосць музычных знаходак, не загрувашчваючы твор дэталямі і відавочнай асабістай прысутнасцю.

Канцэптуальна альбом атрымаўся неаднародны. Тут і пранізлівыя атмасферна-медытатыўныя трэкі, тут жа і вясковая весялуха з немудрагелістай электроннай падкладкай.

На мой погляд, галоўны поспех альбома — наяўнасць кампазіцый, аранжыраваных без мітусні ў духу world music, з мінімалістычным трансавым разгойдваннем, дзе практычна губляецца паняцце “сёння і тут”. Хай яны трохі цёмныя, але менавіта ў іх нараджаецца тое містычнае пачуццё, калі становішся часткай часу, Сусвету і таго, што за iм.

Гурту жадаю больш упэўненасці ў падачы матэрыялу і пошуку свайго ўнікальнага гучання. Пры пэўным дадатку густу і ўдачы ў нас можа з’явіцца новая “Троіца” — з жаночым вакалам, а можа, і беларускія “Dead Can Dance”.

B.: Яшчэ адзін айчынны праект, якi сінтэзуе архаічную песенную спадчыну (у асноўным Гомельшчыны — калектыў прадстаўляе гэты край) ды сучаснае гучанне. Я аднёс бы яго да звяна-злучніка паміж нейкімі эксперыментальнымі работамi ў гэтым кірунку і тэлевізійным, радыйным фолькам для ўсіх: і чыстага авангарду тут шмат, і адкрытай папсовай этнікі. Баланс — "і нашым, і вашым” — вытрыманы: нашым — вакал, пададзены ў народных традыцыях; вашым — фарматны саўнд, створаны і аўтэнтычнымі інструментамі. Так што з формай ды зместам у гурта ўсё нармальна, але асабіста мне хацелася б большага драйву з “качам”, якія ў такога роду музіцыраванні нараджаюцца не выключна пры дапамозе знешняй агрэсіўнасці, а транслююцца літаральна “ў слухача” на метафізічным узроўні. А, можа, са мной нешта не так, батарэйкі ў маім прыёмнiку варта замяніць?..

Гурт “ТТ-34”, альбом “Падаючы і задыхаючыся, дамагаешся адзінай мэты”

A.: На альбомнае вяртанне герояў нулявых гомельскіх вясёлых “металістаў” ніхто не разлічваў. Здаецца, нават самыя гарачыя фанаты расчаравана перанеслі гэты гурт у раздзел "былыя". Праз 12 гадоў пасля выпуску дэбютнага студыйніка, прайшоўшы праз трыумф і страты, каманда выдала другі поўнафарматнік. Да якасці запісу, сыгранасці, “дарослых аранжыровак” пытанняў няма. Дыхтоўна, выразна, "люта". Мяркуючы па ўступленнях да трэкаў “Аэрастаты” і “Я ведаю”, гэта цалкам магла б быць новая работа “Tool” або “KoЯn”.

Музыка ёсць, каманда ёсць. Як прызнаюць і самі музыканты, у новым альбоме адсутнічае галоўная “фішка” калектыву — хуліганскі напор і пірацкі “гумар шыбеннікаў”, тое, што і зрабіла “ТТ-34” у свой час з’явай. Пазітыўная цяжкая музыка перастала быць пазітыўнай.

Гэты рэліз мне ўдалося паслухаць “жыўцом” у Мінску. Публіка, так бы мовіць, слэмiлася, “адрывалася”, як магла. У другім настальгічным аддзяленні на сцэну выйшлі былы фронтмэн Аляксандр Пацёмкін і іншыя знакавыя ўдзельнікі “ТТ-34” мінулых гадоў. З гэтай хвіліны ў зале пачаўся сапраўдны экстаз. Цяперашняму інтэлігентнаму фронтмэну Любаміру Крыжаноўскаму, пры ўсіх яго вартасцях, не хапае бязбашаннай харызмы Пацёмкіна. Скласці бы іх разам!

Што я ўбачыла падчас адроджанага сеансу метал-дыскатэкі? Доўгачаканы рэюніён, “бiсоўкi” і шчаслівых барадатых дзецюкоў. Усе ачысціліся. Любоў, радасць, урачыстасць, новая надзея там, дзе яе ўжо не было. Хай так і застанецца: у Беларусі мала паспяховых і верных сабе андэрграўндных гуртоў.

B.: Дні суцэльнага ўгарнага балагана, якім “ТТ-34” у пачатку-сярэдзіне 2000-х пабілі сярэднестатыстычнага меламана і ўвялі ў задуменны транс “олдскульных” металхэдаў, мінулі даўно. Не, з канцэртнага рэпертуару “тэтэшнікаў” не зніклі іх адвечныя баевікі кшталту “Джэк” альбо “Бум!”, але з нейкага часу каманда пераарыентавалася на тэксты, так скажам, сацыяльныя ды ўхілу філасофскага. Выйграў бэнд ад гэтага ці прайграў? На мой погляд, мікст арганічны, бо якасць сур’ёзнага слоўнага матэрыялу не саступае раздзяўбайскаму. Але “разыначкі” (гэта тычыцца i аранжыровак, i тэкстаў), якімі так здзівілі хлопцы пры сваім старце, мабыць, ужо сатлелі: арыгінальных знаходак у цяперашнім музычным навале — мінімум, а новымі тэкстамі склад цяпер мала чым адрозніваецца ад іншых “надзённых” калег-цяжкавагавікоў. Тыя “ТТ-34” скончылася. Шкада.

Дыск склалі песні, якiя публікуюцца ўпершыню, тыя, што ўжо выдаваліся інтэрнэт-сінгламі, ды іх свежыя версіі. Прагназую, што вялікую частку старадаўніх фэнаў гурта работа не расчаруе (для іх ёсць адмысловыя “вішанькі”, як, напрыклад, удзел у запісе аднаго з былых фронтмэнаў “ТТ-34” Аляксандра Пацёмкіна). Ці здабудзе ансамбль новых прыхільнікаў? Здабудзе. А чарговы поўнафарматнік выдасць гадоў гэтак... ну праз 10.

Відэа

Гурт “Iowa”, кліп на песню “Тры дні холаду”

А.: Шкада, мне не дастаўся на рэцэнзію папярэдні кліп гэтага гурта на песню "Б’е біт", які мяне парадаваў. Дадзеная работа, зрэшты, таксама вельмі якасная.

Досыць простае, вобразнае, мінімалістычнае відэа. Гурт рэпеціруе, дзяўчына перажывае. У “Тытаніку” вочы гераіні служылі для рэжысёра парталам у мінулае. Тут — гэта дзверы ва ўнутраную зіму. У вельмі спакойнай манеры, праз лятаючую камеру, як у фільмах Іньярыту, нас праводзяць туды і назад. Дзе мінус тысяча па Цэльсіі і безаблічныя мужчыны. Страчанасць ды бездапаможнасць, пазбаўленне усякай надзеі. Спадзяюся, пры праглядзе гэтага кліпа ні ў аднаго гледача не ўзмацнілася зімовая дэпрэсія, і што ў песні сапраўды зашыфравана надзея на добры зыход, як сцвярджаюць аўтары.

Не магла не заўважыць, нават наводзіла даведкі, ці не стаў Андрэй Хлывнюк супрацоўнічаць з “Iowa”, надта ўжо тэкст ды музыка так падобны да яго “Бумбокса”. Можа, проста такi моцны ўплыў гурта?..

В.: Паўнамоцныя прадстаўнікі беларускай папулярнай музыкі ў Расіі пладавітыя далей няма куды. Разнастайныя рэлізы ідуць ад іх адзін за адным, а ў лютым гурт адзначыўся кліпам. У ім вакалістка Кацярына Іванчыкава пакутуе ў дымным тумане; ускудлачаныя кветкі, як разбітае сэрца; мужчынская натура, што знікае; фігуры маладых людзей, сярод якіх няма таго, якога шукае, чакае гераіня песні. Не знойдзе і, напэўна, змерзне, і спевы не выратуюць. Усе памерлі! І кампазіцыя ўся ў міноры, ледзь трывожная і безнадзейная па сэнсе. Так і хочацца падбадзёрыць дзяўчыну: “Ды плюнь ты на яго, Кацюха! Вунь колькі маршрутак вакол і колькі ў іх выдатных хлопцаў — шафёраў ды пасажыраў! Усё ў цябе будзе добра, як у лепшым фільме!”...