Каласіяна на сцэне

№ 14 (1244) 02.04.2016 - 09.04.2016 г

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа адзначыў Міжнародны дзень тэатра святочным вечарам, на які былі запрошаны знакамітыя артысты з чатырох рэспубліканскіх тэатраў.

На тэатральных падмостках розныя калектывы рабілі ўласныя ўвасабленні напісанага класікам. Узяць хаця б легендарнага “Сымона-музыку”, якога ставілі Коласаўскі і Купалаўскі тэатры, Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, ансамбль пантамімы “Рух”, Нарачанскі ўзорны дзіцячы лялечны тэатр “Ялінка”… У гэты святочны вечар гасцям Коласавага дома была прадастаўлена магчымасць пабачыць лепшыя моманты з розных спектакляў па творах Песняра ў выкананні акцёраў тэатраў рэспублікі.

Добрай традыцыяй сталі выступленні ў музеі артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Плённае супрацоўніцтва з віцябчанамі працягваецца не адно дзесяцігоддзе. Народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс, рэжысёр-пастаноўшчык тэатра Міхаіл Краснабаеў і вядучыя майстры віцебскай сцэны (сярод якіх — Віктар Дашкевіч і Пётр Ламан) зноў завіталі ў музей. А летась толькі Тэатр імя Якуба Коласа прыняў удзел у святкаванні Міжнароднага дня чытання паэмы “Сымон-музыка”, паказаўшы ўрывак пастаноўкі згаданага твора. Таксама ў вечарыне прыняў удзел заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў, які доўгія гады працаваў у тэатры імя Якуба Коласа, апошнім жа часам — у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.