Не час “Троіцы”?

№ 14 (1244) 02.04.2016 - 09.04.2016 г

Музыканты этна-трыа “Троіца” б’юць у званы: на бліжэйшы мінскі канцэрт калектыву білеты прадаюцца так сабе...

/i/content/pi/cult/581/12782/2-1.jpgГорш калектыў спяваць ды граць не стаў, кожны яго альбом — падзея ды адкрыццё, на замежных фэстах народ на сэтах ансамбля “каўбасiцца” так, што дзесьці ў гэты момант Мік Джагер ікае. А вось на айчыне, з якой “Троіца” звязана і прыналежнасцю музычна-спеўнага матэрыялу, цікавасць да творчасці каманды... Няўжо ўсё ж такі падае? І калі так, то чаму?

— Мо не наш час, не час нашай музыкі?.. — задумваецца лідар трыа Іван Кірчук. 

— Чаго ж тады, бы грыбы пасля дажджу, растуць у краіне ансамблі — эстрадныя ды альтэрнатыўныя, якiя выконваюць фольк і этна? — палемізую з ім. — Праўда, пераважная іх большасць ніколі аншлаг на пляцоўцы ў 300 месцаў не збярэ…

— Можа, слухач не гатовы ўспрымаць нашы новыя песні? — варожыць Кірчук. — Не троххвілінныя, а пяці-, дзесяці хвілінныя?.. Або крызіс вінаваты і 280 — 350 тысяч рублёў за білет для людзей сума непад’ёмная? Альбо мы сапраўды дрэнна рэкламуем свае канцэрты?

Адказу ён не знаходзіць, не знаходжу і я, а таму звяртаюся па кансультацыю да тых, хто калісьці шчыльна супрацоўнічаў з гуртом. Першы з іх папрасіў не называць яго. Інкогніта ў якасці адной з версій таксама спыніўся на той, што цэннік па цяперашніх часах аказаўся высакаватым. І накідаў яшчэ некалькі меркаванняў: нецікавая (?) для публікі зала Маладзёжнага тэатра эстрады; адсутнасць нагоды (гм…) накшталт прэзентацыі новай праграмы, альбома; этна-музыка не карыстаецца сёння такім попытам, як раней (а чаго ж тады, бы грыбы, калектывы растуць?). “Але гэта ўсё “вяршкі”, — рэзюмаваў мой суразмоўца. — Хутчэй за ўсё, з “карэньчыкамі” нешта не так, з самой “Троіцай”, з тым, як яна вядзе свае справы ў названым кірунку. Напрыклад, я быў здзіўлены таму, што абедзве свае кнігі (для шырокага кола чытачоў) Іван Кірчук выдаў толькі на рускай мове. Частка накладаў, на маю думку, павінна была быць на беларускай”.

І меркаванне другой асобы — у мінулым выпускаючага прадзюсара некалькіх альбомаў “Троіцы” Дзмітрыя Безкаравайнага. На яго думку, гаворка ідзе пра негатыўную дынаміку: за 5 гадоў гурт з вялікай аўдыторыі канцэртнай залы “Мінск” (1350 месцаў) праз Белдзяржфілармонію (650) перайшоў у Маладзёжны тэатр эстрады (250). Прытым, што рэпутацыя ў “Троіцы” па-ранейшаму ёсць, а ўзровень музыкі — тым больш. Праблема заключаецца ў слабым менеджменце, характэрным для многіх беларускіх артыстаў. Няма прасоўвання, няма якаснай працы ў сацсетках. Трыа тут досыць пасіўнае. Так, яно грае канцэрты час ад часу, але распавесці, чым адзін выступ адрозніваецца ад іншага, прыдумаць ідэю, данесці яе да шырокай аўдыторыі каманда не спрабуе. Выйсцяў два: знайсці патрэбных людзей ды аргументы для іх удзелу ў праекце альбо ўсё ж пачаць больш сур’ёзна ставіцца да гэтых справаў самім. Самаменеджмент — нармальная з’ява для калектываў, у якіх, як у “Троіцы”, гэткая ж актыўнасць з канцэртамі, але тады патрэбен “апгрэйд” па гэтай частцы. “Веру, што ўсё павінна скончыцца добра”, — заключыў Дзмітрый.

У этна-трыа “Троіца” паўсталі вытлумачальныя цяжкасці. Ёсць такая фраза: “Падтрымаем айчыннага вытворцу!” Музыканты — вытворцы твораў розных формаў. Я не заклікаю падтрымаць усіх нашых музыкантаў. Але заклікаю падтрымаць сапраўды выбітны беларускi гурт, песень і канцэртаў якого шмат не бывае. Афішы па Мінску расклееныя, месца і час на іх пазначаныя.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"