“Лічбавы” шлях Скарыны

№ 14 (1244) 02.04.2016 - 09.04.2016 г

Алесь СУША, намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

/i/content/pi/cult/581/12771/2-1.jpgМабыць, амаль усе ведаюць, што выданні пачынальніка беларускага кнігадрукавання Францыска Скарыны сёння захоўваюцца ў многіх краінах і бібліятэках свету. На жаль, з прыблізна 500 вядомых экзэмпляраў толькі 10 знаходзяцца на сённяшні дзень у нашай краіне. Таму першачарговай задачай для нас з’яўляецца выяўленне, апісанне, вывучэнне, а пры магчымасці — і вяртанне гэтых унікальных помнікаў кніжнай культуры на радзіму першадрукара — у Беларусь.

У сувязі з гэтым надзвычай важнай сталася падзея, што адбылася напрыканцы сакавіка. Так, пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Пасольства нашай краіны ў Аб’яднаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі з Кембрыджа, дзе ў бібліятэцы мясцовага Траецкага каледжа захоўваецца выданне Францыска Скарыны, у Мінск, у Нацыянальную бібліятэку Беларусі, перададзена яго лічбавая копія./i/content/pi/cult/581/12771/2-4.jpg

На здымках, прадастаўленых Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, інтэр’еры і экстэр’еры будынка, дзе размяшчаецца бібліятэка Траецкага каледжа ў Кэмбрыджы; форзацны аркуш з экслібрысам каледжа, прычым да самой кнігі маюцца вельмі цікавыя тлумачэнні даўніх супрацоўнікаў бібліятэкі: напрыклад, "Bible: White Russian".

Гэта акцыя стала вынікам доўгіх — амаль што трохгадовых — перамоваў, што адбываліся спачатку падчас майго візіту ў Аб’яднанае Каралеўства, а таксама дзякуючы актыўнай дзейнасці беларускага дыппрадстаўніцтва ў гэтай краіне і Міністэрства замежных спраў нашай краіны. Таксама, безумоўна, гэта можна лічыць і актам добрай волі з боку кіраўніцтва Траецкага каледжа Кембрыджскага ўніверсітэта, паколькі лічбавая копія зроблена і перададзена ў Беларусь абсалютна бясплатна.

У гэтай вельмі паважанай установе з багатай гісторыяй захоўваецца “Першая кніга Царстваў”, выдадзеная Францыскам Скарынам у Празе ў 1518 годзе. Экзэмпляр не поўны, гэта толькі фрагмент выдання. Але, пагадзіцеся, сёння кожная старонка, кожнае слова беларускага асветніка ўспрымаецца намі як нацыянальная святыня.

Гэта, лічу, значны здабытак для нашай краіны. Справа ў тым, што пра бібліятэку Траецкага каледжа ў Кембрыджы на Беларусі ведалі ды і сёння ведаюць даволі мала, а даследчыкі з нашай краіны, я ў гэтым перакананы, да гэтага часу проста не мелі магчымасці пагартаць той экзэмпляр скарынаўскай Бібліі, які мы цяпер займелі хай сабе і ў лічбавым варыянце.

Да слова, пасля алічбоўкі і перадачы гэтай кнігі ў Беларусь Траецкі каледж змясціў названае выданне ў сваёй электроннай бібліятэцы, у рубрыцы “Кніжныя рарытэты”. Акрамя кнігі Скарыны, там можна знайсці ўсяго некалькі кніг: адно выданне Ісака Ньютана і дзве кнігі Уільяма Шэкспіра. Так што выданні нашага першадрукара сёння цэняць і далёка за межамі айчыны.

На гэты момант адбываюцца перамовы пра магчымасць і пра ўмовы атрымання гэтага выдання для часовага экспанавання ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Бясспрэчна, каб нам удалося давесці гэтую справу да канца, тое сталася б адной з важных падзей у культурным жыцці нашай краіны, асабліва напярэдадні 500-годдзя з часу выдання кніг Бібліі Скарынам у Празе ў 1517 годзе. Але ўжо сёння айчынныя даследчыкі могуць пазнаёміцца з амаль недасяжным для іх раней кніжным помнікам.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"