Каму вяселле, а каму і нявесела

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

13 красавіка спаўняецца 45 гадоў, як была адкрыта Канцэртная зала Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Сімвалічна, што гэтая дата будзе адзначана не толькі выступленнем старэйшага філарманічнага калектыву — Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі, але і… “Вяселейкам” І.Стравінскага. Прычым не першым яго выкананнем у Беларусі (твор, які ўзрушыў Еўропу 85 гадоў таму, гучаў у нас ужо двойчы), а прэм’ерай арыгінальнай сцэнічнай пастаноўкі, што спалучае расійскую і беларускую музычна-харэаграфічныя традыцыі.

— Наша версія, — гаворыць кіраўнік фольк-мадэрн-тэатра “Госціца”, кампазітар Ларыса Сімаковіч, якая выступіла рэжысёрам-пастаноўшчыкам і харэографам дзеі, названай “СвадZебка”, — будзе дзёрзкай, нечаканай, авангардна-экспрэсіўнай і рытуальна-аўтэнтычнай.
Партытура будзе не проста сыграна, а ўвасоблена, паводле аўтарскай задумы, як “харэаграфічныя сцэны са спевамі і музыкай”. Акрамя “Госціцы”, на сцэне змесцяцца чатыры раялі (на іх будуць іграць лаўрэаты міжнародных конкурсаў Сяргей Мікулік, Кацярына Матох, Аркадзь Чубрык, Ірына Аўдзеева), вялікая колькасць ударных (ансамбль “Grig-percussion”), Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы, якой кіруе народная артыстка Беларусі Людміла Яфімава, салісты Беларускай оперы Аляксандр Жукаў (тэнар) і Андрэй Марозаў (бас). Суладдзе паміж імі забяспечыць малады дырыжор Яўген Хахлоў з Санкт-Пецярбурга — нядаўні выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
Толькі ўявіце: побач з прызнанымі асамі акадэмічнага вакалу, уключаючы салістку капэлы Валянціну Дабравольскую (мецца-сапрана), будзе саліраваць артыстка “Госціцы” Аляксандра Грахоўская. Неверагодна складаную партыю сапрана ёй давядзецца спяваць на памяць, адначасова з гэтым пластычна ўвасабляючы Нявесту. А ў ролі Сяброўкі нявесты выступіць былая выхаванка “Госціцы”, знакамітая актрыса Купалаўскага тэатра Святлана Зелянкоўская.
— У “Госціцы” я з 14-ці гадоў, — кажа Святлана, — і, нягледзячы на сваю акцёрскую кар’еру, ніколі не страчвала з ёй стасункаў. Для мяне гэта не проста гурток, а сапраўдная школа жыцця, бо тут я нарадзілася як асоба. Гэта тэатр заходнееўрапейскага ўзроўню іў той жа час выразна нацыянальны — тэатр найвышэйшай якасці, які ўвесь час развіваецца, эксперыментуе, бязмежна пашырае свае творчыя далягляды.
Эксперыментам трэба лічыць і тое, што пасля шматлікіх, цалкам аўтарскіх, музычна-пластычных дзей Л.Сімаковіч прыйшла да ўвасаблення чужога музычнага матэрыялу, да якога ў свой час звярталіся такія сусветна вядомыя харэографы, як Дж.Робінс, М.Бежар, І.Кіліян, акцэнтуючы трагічную сутнасць твора. Ідэя механічнай, сляпой падначаленасці лёсу была ўласціва і пастаноўцы Таццяны Баганавай з Екацерынбурга, чыя трупа “Правінцыйныя танцы” атрымала за гэты балет Першую прэмію на Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (1999). Аўтарам жа самай першай пастаноўкі, што адбылася ў Парыжы падчас чарговых “Рускіх сезонаў” С.Дзягілева, якому І.Стравінскі прысвяціў сваю партытуру, выступіла Браніслава Ніжынская — ураджэнка Мінска.
Дарэчы, перад пачаткам “Вяселейка” ў гонар 100-годдзя з дня заснавання тых дзягілеўскіх “сезонаў” на сцэне ўзнікне пластычна-драматычнае ўвасабленне вобраза легендарнага танцоўшчыка Вацлава Ніжынскага — брата Браніславы.
Яшчэ адной “уверцюрай” да архаічна-авангарднай прэм’еры стане выстаўка маладых беларускіх фотамастакоў, што разгорнецца ў фае. Усё гэта дапаможа публіцы настроіцца на нервова-экстатычны, вострасучасны танцавальны малюнак, эмацыйна-пластычную экспрэсію цела, гарманічна паяднаную з жывым гукам, народжаным быццам на вачах у гледачоў, а таксама задумацца пра філасофскі сэнс першабытна-паганскай абрадавасці: лёс нявесты дыктуецца жорсткім і няўмольным рытуалам, ён цалкам падпарадкаваны чужой звышволі — і нельга сысці з таго ахвярнага шляху…

Святлана УЛАНОЎСКАЯ