Масавікі-забаўнікі?.. Так. Але...

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г

Рэцэпты ад “шэф-кухара” ельскай культуры: ці застанецца сяло, “вёскаўтрымліваючыя” спецыялісты і спроба адказу на пытанне “Куды мы коцімся?”
Ён нарадзіўся ў Ельску і працуе ў сферы мясцовай культуры вось ужо 43 гады. Скончыў Гомельскае музычна-педагагічнае вучылішча па спецыяльнасці “Культурна-асветніцкая работа”. Пасля вучобы ў мінскім Інстытуце культуры ўдасканаліў веды ў арганізацыі і методыцы клубнай дзейнасці. Пачынаў з інструктара РДК, кіраўніка эстраднага калектыву, потым быў метадыстам, дырэктарам ГДК. З 1995 года кіруе аддзелам культуры, які займеў у дадатак цяпер ідэалогію і справы моладзі. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, з’яўляецца заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь… Час ад часу з ім раяцца калегі з іншых раёнаў і абласцей. Яму заўжды ёсць, што ім сказаць і паказаць. Нягледзячы на такую запатрабаванасць Валерый ГЕЙХМАН не лічыць, што ад памылак ён раз і назаўжды застрахаваны. Проста навучыўся іх своечасова выпраўляць.

/i/content/pi/cult/580/12766/6-1.jpg— Калі стаў начальнікам, паўтара года літаральна жыў на раёне. У адзін і той жа дом культуры мог прыехаць два дні запар і без папярэджання. Інакш не даб’ешся, каб даручэнні выконваліся якасна і своечасова. Інакш кажучы, да дысцыпліны трэба прывучваць. Ёсць дысцыпліна — ёсць і праца.

— Эфектыўнасць работы начальніка аддзела вызначаецца наяўнасцю ананімак на яго ці іх адсутнасцю?

— Бывае, што тэлефануюць з вёсак: ці з бібліятэкай штосьці не так, ці дыскатэка не спадабалася. Рэагую. Ананімак жа, звязаных з, так бы мовіць, унутраным жыццём аддзела, не было. Значыць, працэс — адладжаны і крыўд-пытанняў у калег не выклікае.

— Няўжо вам ніколі не хацелася працягнуць кар’еру ў абласным цэнтры ці ў сталіцы? Што вас трымае шмат гадоў на адным месцы? І не толькі вас, але і жонку, двух сыноў?

— Калі ажаніўся, працаваў метадыстам ГДК, жонка — бухгалтарам у рыбсаўгасе. Ёй прапанавалі пасаду ў Мазыры, і мне нібыта месца знайшлося. Не “клюнулі”. І ў вобласць у свой час не пагадзіліся пераязджаць… Я ў Ельску нарадзіўся, тут бацькі былі, брат з сястрой. Гэта вельмі важна: адчуваць дабрыню родзічаў, землякоў, аднадумцаў… Як я не ваяваў за дысцыпліну, а ворагаў так і не нажыў, абраз не чуў і сам нікога не абражаў. Вельмі крыўдна глядзець, як менталітэт людзей мяняецца. Не на карысць дабрыні. І найперш — у вялікіх гарадах. А я прывык быць шчаслівым.

— І што, ніколі туга не прыціскае?

— Не. Выхадныя не люблю. Быццам штосьці і робіш па гаспадарцы, але ўсё роўна аб працы думаеш… Калі кіраваў Домам культуры, жонка мяне ўвогуле амаль не бачыла. Але я яе папярэджваў, замуж выходзіш за культработніка. У маі будзе сорак гадоў, як мы разам жывём.

— Адну праблему “К” амаль не закранае. А звязана яна з тым, што ў асяроддзі работнікаў культуры многія шлюбы аказваюцца скасаванымі з-за непаразумення, што адзін член сям’і — публічны чалавек і мала бывае дома. Ці не таму ў нас шмат сямейных дынастый у культуры? Прынамсі, у такой пары — заўжды прафесійнае паразуменне.

— Наконт дынастый пагаджаюся. Аднак спыніцца хачу на іншым. Галоўны работнік культуры — жанчына (хоць у нашым раёне каля 25 працэнтаў работнікаў сферы мужчыны). Калі яна разумная, яна свайго мужчыну робіць, негалосна і незаўважна накіроўвае… Я б не сказаў, што ў нашым раёне такіх разводаў шмат. Так, творчыя людзі — вельмі няпростыя. З-за таленту ім даруецца многае. Але гэта не падстава забывацца на дысцыпліну.

Памятаю, калісьці работнікаў культуры называлі час ад часу “пенсіянерамі”, бо, маўляў, нічога сур’ёзнага яны не робяць. Цяпер так не кажуць, бо мы адказваем не толькі за сваю непасрэдную працу. Заўжды ідзём насустрач сельсаветам — добраўпарадкоўваем тэрыторыю, даглядаем за помнікамі, сельскагаспадарчым арганізацыям — бульбу перабіраем, да прыкладу. І гэта натуральна! Калі не будзеш дапамагаць камусьці, хто дапаможа табе?

— Давайце згадаем вашы першыя крокі ў прафесіі. Хтосьці вёў за руку?

— За савецкім часам існавала настаўніцтва. Але не прыносіла яно асаблівага плёну, калі малады чалавек сам не хацеў хутчэй паказаць сябе са станоўчага боку. Ды і вучыць трэба ўмець… Цяпер, калі я аналізую сваю дзейнасць, калі даводзіцца рыхтаваць досыць маштабныя мерапрыемствы, іншым разам дазваляю сабе і паганарыцца тым, што атрымліваецца. Творчы калектыў (ад вядучага да рэжысёра) у нас даўно ўжо склаўся, я магу і не ўмешвацца ў ягоныя дзеянні. І калі прымаеш вось такі гатовы прадукт, дык грэе душу тое, што ў свой час прапанаваў калегам адзіна правільны рэцэпт культурнай “стравы”… Вельмі радуюся, што здолеў навучыць тых маладых спецыялістаў, якія ў нашай культуры па дзесяць — пятнаццаць гадоў ужо адпрацавалі. А колькі давялося ўгаворваць асобных стаць завочнікамі Універсітэта культуры і мастацтваў. У нас і цяпер вучыцца вельмі шмат людзей.

— Па чым вызначаеце якасць мерапрыемства?

— Па дакладнасці спалучэння ягоных складнікаў. (Выканальніцкае майстэрства самадзейных артыстаў пад увагу не бяром — яно не выклікае сумненняў.) Скажам, дзея на сцэне адна, а на экране слайд-паказ зусім іншы. Быў такі ляп у маёй практыцы. Альбо вядучы канцэрта спазніўся з падводкай нумара. Таму даводзіцца пастаянна хвалявацца і за ўсім сачыць. Кожная хвіліна павінна быць пралічаная. Урэшце, калі шэф-кухар далёка ад варыўні, пірог не такі смачны атрымліваецца. Так заўжды было і будзе.

— Давайце цяпер пра “як было” і “як ёсць”. Лепей было тады ці цяпер?

— Гаворка пра тры эпохі: савецкую, “перабудовачную” і сённяшнюю. За савецкім часам гаворка пра недастатковае фінансаванне не ішла. Я на базе атрымліваў камплект імпартнай апаратуры, а ў нагрузку мне баяны, духавыя інструменты давалі. Будавалі клубы-гаргары, асабліва пасля чарнобыльскай бяды. Сродкі ніхто не лічыў і будучую сітуацыю не пралічваў. А будавалі калгасы, кожны навыперадкі хацеў паказаць, што ён лепшы. І па сёння з гэтымі гмахамі не можам разабрацца… У 1990-я разлад усеагульны распачаўся: у клубах размарозілі кацельні, спынілася фінансаванне. Але самадзейнасць, хоць і хісталася, а не знікала. Мяняўся менталітэт людзей. Раней, скажам, хары на энтузіязме дзейнічалі, а потым спевакі пачалі сутачныя патрабаваць. Мне і цяпер незразумела, чаму спартсменам-аматарам, да прыкладу, падчас спаборніцтваў нават талоны на харчаванне выдаюцца, а ад нашых артыстаў патрабуюць ранейшага энтузіязму, на выязных канцэртах — ніякіх сутачных. Мы ездзім у Расію, Польшчу за свой кошт. Словам, удасканаленне прававой базы культуры заўжды было і застаецца адным з актуальных пытанняў…

 — Ну а трэцяя эпоха калі для вас распачалася?

— З 2005 года, з Дзяржпраграмы адраджэння сяла. Упершыню пра неабходнасць стварэння на Беларусі аграгарадкоў Прэзідэнт краіны выказаўся падчас знаходжання менавіта ў нашым раёне… Мы напоўніцу выкарысталі магчымасці гэтай Дзяржпраграмы. Цяпер у нас у кожным сельскім доме культуры — камп’ютары, някепская апаратура. Гэта стала падзеяй для нашага сяла.

— Яно застанецца?

— Застануцца аграгарадкі.

— Хто апошнім павінен сыходзіць з неперспектыўнай вёскі, яе стараста ці яе бібліятэкар?

— Бібліятэкар. Ён будзе прыязджаць сюды на бібліобусе, пакуль у гэтым паселішчы не знікне апошні чытач.

— Культура можа спыніць адток вясковай моладзі ў гарады?

— Калі ў вёсцы няма працы, ніякая культура не дапаможа. Так, вучні агульнаадукацыйных школ паступаюць вучыцца далей і ў вёску ўжо не вяртаюцца. Але не ўсё так змрочна. У раёне шмат маладых работнікаў культуры. У Кочышчах — дзве дзяўчыны, якія пасля двухгадовай адпрацоўкі засталіся на пасадах. У Скародным працуе дзяўчына з Зашыр’я, мае жытло. Спецыяльна для яе адкрылі летась клас баяна. А клас цымбал там з’явіўся пасля таго, як маладая настаўніца з Ельска пагадзілася ездзіць у Скароднае. Нават паспявае да вучняў у суседнюю вёску патрапіць… Я такія кадры называю “вёскаўтрымліваючымі”.

— Вобраз работніка культуры ці не пастаянна атаясамліваецца з гэткім масавіком-забаўнікам, які адказвае толькі за адпачынак людзей…

— І я з гэтым цалкам пагаджаюся. Няхай хоць блазнамі нас называюць! Блазен, як вядома, быў не апошнім у свіце караля. А яго менавіта світа робіць. Інакш кажучы, блазен адначасова і смяшыў і выхоўваў… Калі ж сур’ёзна, дык спажывец культуры чакае ад нас менавіта якаснага адпачынку. Але адпачынак адпачынку — розніца. Мы павінны любым рухам сваім выхоўваць, спакваля, незаўважна, ненавязліва. На чым выхоўваць? На нашай нацыянальнай традыцыі, на беларускай мове, на танцах і песнях. Беларуская ідэалогія — у нацыянальнай культуры.

/i/content/pi/cult/580/12766/7-1.jpg— Яна не знікне пад уплывам з аднаго боку — Расіі, з другога — Еўропы?

— Работнікі культуры для таго і існуюць, каб не знікла. Як ні спрабавалі цягам стагоддзяў вынішчыць наша спрадвечнае, а яно застаецца насуперак усяму. Ці сустрэнеце вы ў Расіі такія замкі, як у нас? Ці можа пахваліцца тая ж Амерыка адметнымі нацыянальнымі стравамі? А ў нас яны ў кожнай вёсцы розныя. Беларусь, да таго ж, можна назваць фестывальнай краінай. Адна толькі “Берагіня” чаго вартая! А “Залатая пчолка”? На ельскі фестываль гарманістаў прыязджаюць музыканты з замежжа. Вельмі шмат фэстаў дзіцячай творчасці. Вось вам і адказ на пытанне. Ёсць традыцыя, ёсць яе пераемнікі. Няма за што перажываць!

— Вы кажаце, застануцца аграгарадкі. Як павінна развівацца там культура пры адсутнасці належнага фінансавання?

— У нас цудоўны прыклад маецца: Зашырскі культурна-спартыўны цэнтр, якім кіруе Яўгенія Шадрына. Пры падтрымцы мясцовых уладаў тут, лічы, вуліца рамёстваў з’явілася. Калі ісці па ёй ды ў акенцы заглядваць, дык і каваля можна пабачыць, і ганчара… Я што маю на ўвазе? Людзей неабходна здзіўляць. І не толькі народнай творчасцю, але і паўнавартаснымі культурна-масавымі мерапрыемствамі… Так, камп’ютары ў бібліятэках ужо састарэлі, мяняць іх трэба. Шчыра скажу: некалькі разоў спрабавалі займець гранты. Не заўжды гэта атрымліваецца. Ды пракладу, фінансаванне ПРААН атрымалі на стварэнне цэнтра доступу да інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Дапамог праект “Развіццё міжнароднай і інфармацыйнай сеткі па Чарнобылю”. Разумею, што трэба далей рухацца ў напрамку грантатворчасці. Але справа — вельмі няпростая. Тут нам трэба вучыцца і вучыцца. Аднак іншага выйсця няма. У Расіі, да прыкдладу, фінансаванне культуры ажыццяўляецца толькі пад канкрэтныя творчыя праекты. Я проста перакананы, што эканамічныя форумы, што звычайна ладзяцца ў Гомелі, трэба рабіць выязнымі, каб інвестары на ўласныя вочы пераконваліся ў прывабнасці нашых прапаноў. А ў нас ёсць, скажам, этнаграфічны маршрут, дзе ўвязаны магчымасці нашых самадзейных калектываў, майстроў-рамеснікаў і гаспадароў аграсядзіб, які можна развіваць бясконца.

— Ельск вядомы яшчэ і рэгіянальным фестывалем “Грай, гармонік!” Інструмент, як вядома, папулярны ў славян, але па нашых СМІ пра гэта і не скажаш. Мо і ў ДШМ скарачаецца колькасць тых, хто жадае навучыцца граць на акардыёне і баяне? Ці патрэбна тут медыйная рэклама? Альбо баян — інструмент фестывальны, нават сакральны?

— Ідэя фестывалю прыйшла ў 1991 годзе. Памятаеце расійскую праграму Генадзя Завалокіна? Падумалі, а чым мы горшыя. Спачатку быў фэст раённы. Вызначыліся з сіламі. Іх хапіла для фестывалю рэгіянальнага з удзелам дзвюх соцень выканаўцаў. Узняўся такі пласт народнага мастацтва! Значна павялічылася і доля дзіцячага ўдзелу. Так што нам рэклама не надта патрэбная, на Ельшчыне гармонік быў, ёсць і будзе… Што ж тычыцца ДШМ, у нас 20-працэнтны ахоп навучэнцаў агульнаадукацыйных школ.

 — Паказчык большы за абласны. Якім чынам яго дасягнулі?

— Трымаем сітуацыю пад кантролем. Конкурс — строгі, набор — якасны, выпуск — таксама. Пазалетась ДШМ заняла першае месца на Гомельшчыне па паступальнасці. Словам, вучыцца стала прэстыжна. У нас ёсць дзіцячы і дарослы камерныя аркестры, ансамбль народных інструментаў, духавы калектыў. Усе яны маюць званні, свайго слухача. А “Грай, гармонік!” стаў брэндам раёна. З баяністамі ж на сяле няма ніякага дэфіцыту.

— Выканальніцкае майстэрства фальклорнага калектыву Казлоўскага клуба прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Ці ёсць у вёсцы моладзь, гатовая пераняць гэтую традыцыю?

— Многія яльчане вучацца ва ўстановах, дзе ў заўсёднай пашане фальклор. І ўсе яны не мінаюць Казлоўскі клуб, бо пішуць рэфераты, рыхтуюць курсавыя, дыпломныя працы. Гэта адзін аспект. Другі ў тым, што нашы іншыя ансамблі апрацоўваюць і выконваюць песні па-казлоўску. Манера выканання — бурбонная: менавіта такія гукі чуюцца пры спеве. Усё ёсць на дысках, якія і ў замежнікаў карыстаюцца попытам.

 — Пасля катастрофы на ЧАЭС з карты Ельшчыны знікла сем населеных пунктаў. Ці былі ў гэтых вёсках арыгінальныя народныя рамёствы? Што было зроблена для іх адраджэння?

— У цэнтральнай раённай бібліятэцы сабрана і ў асобнай зале выстаўлена больш за трыста экспанатаў: фрагменты нацыянальнага касцюма, ручнікі, фартухі, посцілкі, накідкі з адселеных вёсак. І калекцыя пастаянна папаўняецца, бо папулярнасць імправізаванага бібліятэчнага музея расце, а людзі, прыязджаючы на Радуніцу, штосьці абавязкова ахвяруюць бібліятэцы. Экспазіцыя адкрылася пяць гадоў таму. А ў вёсцы Шышкі было развіта ганчарства, нават цэх адпаведны працаваў. У Славечне цяпер працуе музейчык, дзе сабрана калекцыя мясцовай керамікі. У Зашыр’і таксама прэзентуюцца творы рамеснікаў, якіх ужо няма з намі. У нашым краязнаўчым музеі прадстаўлена ткацтва.

— Асобныя “канапныя” аналітыкі перакананы, што рэгіянальная культура сёння — у заняпадзе. Ваша меркаванне на гэты конт?

— Я спачатку адзін факт згадаю: дзесьці ў 1970-я ладзіўся першы Усесаюзны фестываль народнай творчасці. У кожным паселішчы быў харавы калектыў, процьма танцавальных і вакальных. Іх касцяк на сяле складала, натуральна, інтэлігенцыя. Сёння яе амаль няма. У многія сельскія школы прывозяць настаўнікаў з Ельска, бо так выгадна рабіць. Цяпер колькасны склад творчых калектываў — на парадак меншы. Падаецца, можна казаць пра нейкі заняпад. Але… Мы цяпер не колькасцю ансамбляў бяром, а якасцю іх выканання. Іншым разам нават прафесіяналы адстаюць ад аматараў. А вось колькасць фестываляў істотна павялічылася. І, паўтаруся, у мастацкай самадзейнасці стала больш дзяцей. Самі мяркуйце, заняпад гэта ці не.

— А такія работнікі культуры, як Яўгенія Шадрына з Зашыр'я, адчуваюць на ўласным кашальку, што яны — адны з лепшых у раёне?

— Стараемся нікога не пакрыўдзіць. Сродкі бяром і з пазабюджэту.

— Каб магчымасць была, што б вы ўдасканалілі ў «пазабюджэтнай» бухгалтэрыі?

— Зменшыў бы памеры камунальных паслуг. У Дабрынінскім культурна-спартыўным цэнтры займаецца дзіцячая секцыя прафсаюзаў (хочацца, каб спартыўная зала заставалася запоўненай), я з яе камуналку браць не маю права. Але ж свет узімку паліцца, і плаціць за яго аддзел. Прафсаюзная спартыўная школа і наш культурны цэнтр — не на роўных умовах. Гаворка зноў пра заканадаўчую базу. І не менш істотнае яшчэ вось што. Пры складанні планаў па аказанні платных паслуг насельніцтву ніхто чамусьці не ўлічвае аптымізацыю ў галіне культуры ды дэмаграфічную сітуацыю, якая не надта паляпшаецца. Як зарабіць пры гэтым грошы? Выйсце, відаць, толькі ў пошуку новых форм працы.

— Ваша стаўленне да аптымізацыі?

— Мы, напэўна, адзіны раён, які да мінулага года амаль нічога не зачыніў. А летась давялося закрыць пяць устаноў культуры. Мімаволі згадваю часіны, калі на сяле бібліятэкі і клубы знаходзіліся на балансе сельсаветаў. Чаму? У Новай Рудні, да прыкладу, мы яшчэ не паспелі знесці свой будынак, там ёсць дзе сабрацца людзям з любой нагоды. Ну, скажам, калі канцэрт да іх прыехаў ці раённае кіраўніцтва. У іншых выпадках вяскоўцы змушаны збірацца ля крамы, дзе і паветкі няма, і святла. А калі крамы ўжо няма? І ад дажджу не схаваешся… Я б зачыненыя ўстановы культуры перадаваў на баланс сельскіх саветаў. Гэта было б па-гаспадарску.

— Не баіцеся пераступіць рысу, якая аддзяляе культуру ад камерцыі?

— Мы яе пераступілі ўжо. І я не лічу, што адбылося штосьці кепскае. У нас ёсць, да прыкладу, ліцэнзія на перавозкі. Для таго, каб зарабіць, набіраем групу і вязём яе ў Жыровічы. Гэта што, не камерцыя? Ці ў аддзеле выпісваецца аўтобус або замаўляецца тамада на вяселле. У нас увогуле шмат платных паслуг.

— Калі развіваць вашу думку, праз пару гадоў установы культуры павінны будуць змагацца за самаакупнасць?

— Усё правільна. Прынамсі, да гэтага трэба імкнуцца. Глядзіце, знізіліся датацыі кінавідэапрадпрыемстваў, значыць ім давядзецца станавіцца больш самастойнымі ў фінансавым плане… Калі дырэктару СДК патрэбны тры мікрафоны агульным коштам у тры мільёны, ён іх зарабляе, а мы — купляем. Іншага выйсця няма. Пастаянна даводзіцца чуць, што наша насельніцтва — неплацёжаздольнае. Як? Вунь хлопец піва п’е ды курыць (гэта 60 тысяч прыкладна), значыць і на білет грошы мае.

— Што з савецкага часу вы вярнулі б? Дабрыню чалавечых зносін, з якой мы гаворку пачалі?

— Сістэму кіравання. А гэта не толькі фінансаванне. Калісьці не было метадычных цэнтраў. Хапала абласнога ці рэспубліканскага дома народнай творчасці, які завальваў раёны сцэнарыямі. Было ўсесаюзнае выданне “Культурна-асветніцкая работа”, дзе акамуляваўся метадычны досвед неабсяжнай калісьці краіны. А цяпер мы не ведаем у поўнай меры, што ў культуры, напрыклад, Брэстчыны робіцца, ніяк са штатным раскладам разабрацца не можам. І такое ўражанне, што сітуацыя не зменіцца ніколі.

— У Ельскім раёне пражывае больш за 15 тысяч чалавек. Дзевяць тысяч знаходзяцца ў групе пра Ельск у вядомай сацыяльнай сетцы. Ці выкарыстоўваеце вы яе для зваротнай сувязі па пытаннях культуры?

— Выкарыстоўваем. Анонсы канцэртаў пастаянна даем у “Аднакласніках”. Вельмі шмат абмеркаванняў па выніках нашых мерапрыемстваў. Нашы спецыялісты прысутнічаюць пастаянна і “Вконтакте”.

— Якім чынам вызначаеце якасць мастацкіх твораў, якасць работы вашых устаноў культуры?

— Чатыры салісткі з Санюкоў на сцэне спяваюць так, як мама вучыла і як самі ўмеюць спяваць. І на той жа сцэне выступае сталічная зорка. Як ацаніць якасць іх выканання? Крытэрыі розныя. Чысціня голасу, правільнае дыханне — гэта не пра нашых кабет, якія займаюцца фальклорам. Галоўны крытэрый тут — шчырасць. Таму тыя салісткі ў параўнанні з высокімі, падавалася б, прафесіяналамі, збіраюць часам большыя залы. Цяпер — пра клубы і бібліятэкі. Я казаў, што працуе тут каманда. Але на адным якасным мерапрыемстве можа быць аншлаг, на другім, не менш якасным, — лічаныя дзясяткі, нават у ГДК. Тут справа ў тым, што мы недапрацоўваем у плане маркетынгавых даследаванняў. Не ведаем часам, якой аўдыторыі што патрэбна. Не робім рэкламу адраснай. Не прагназуем сітуацыю на заўтра, пасляўзаўтра. Нават калі гаворка пра бясплатныя акцыі. І гэта, падаецца, хіб не толькі нашага раёна. А гледача трэба было моцна ў руках трымаць. А сёння яго вярнуць неймаверна цяжка. Ёсць, безумоўна, бяспройгрышныя рэцэпты. Дапусцім, у канцэрце бяруць удзел толькі дзеці. На мерапрыемства з ахвотай ідуць мама, тата, бабуля, дзядуля, цёткі, дзядзькі, суседзі і сябры. Вось вам і аншлаг. Вось вам і выкананне плана… Карацей, вельмі сур’ёзнае анкетаванне неўзабаве арганізуем на ферме ў Дабрыні, каб высветліць, што запатрабавана насельніцтвам, а што — не. Там часам па 100 — 150 чалавек на платныя канцэрты збіраюцца. І нам гэтую тэндэнцыю трэба пераўтварыць у правіла. У нашай справе ледзь што з-пад кантролю выйдзе, рады потым не даш.

— У чым будучыня прафесійнага і самадзейнага мастацтва? Куды мы ідзём?

— Яна залежыць, я перакананы, ад рэпертуарнай палітыкі. Нельга дапускаць таго, што цяпер робіцца. Не лічу сябе старамодным, бо люблю нечаканыя рашэнні, сучасныя мастацкія плыні, да прыкладу — харэаграфію. Аднак на сцэне не павінна весці рэй пошласць. Масавая культура — гэта калі дыктуем не мы, а калі дыктуюць нам. Я — не за цэнзуру, а за мастацкі адбор. Адну і тую ж сцэну можна па-рознаму ўвасобіць: брыдка і па-мастацку. І пытанне “Куды мы коцімся?” — пытанне вечнае і актуальнае ва ўсе часы. А што стрымлівае гэты негатыўны рух? Высокі густ, чытай — сапраўдныя культура і мастацтва. Так што вечны бой кепскага з добрым працягваецца. У ахвяры трапляюць нашы дзеці і ўнукі.

— Ці запатрабаваная гаспадарчая група аддзела?

— Вельмі. Але ж яе неабходна камплектаваць тэхнічнымі сродкамі: грузавым транспартам, станкамі і прыстасаваннямі, чаго пастаянна бракуе. Не стае на заробак два з паловай мільёны рублёў і прафесійных будаўнікоў.

— Ці можаце назваць ельскі музей мультымедыйным комплексам?

— Пасля таго, як мы набылі мультымедыйную апаратуру, лічбавыя фотакамеру і дыктафон, магу. Але ці ў назве справа? Галоўнае, каб раённая ўстанова выхоўвала падлеткаў і моладзь. Наш краязнаўчы музей з гэтай функцыяй спраўляецца. Праз маё акно ён бачны. І сюды пастаянна прыводзяць школьнікаў з горада і раёна. А ёсць яшчэ камерцыйны маршрут “Дарогамі вайны”. Возім дзяцей па Ельшчыне, паказваем помнікі і мясціны, дзе былі вёскі, спаленыя фашыстамі. Бацькі вельмі задаволеныя. Зменныя экспазіцыі пастаянна прапаноўваюць штосьці новае. Цяпер чакаем работы Міхаіла Савіцкага.

— Якой бачыце сферу беларускай культуры праз некалькі гадоў?

— На гэтае пытанне цяжка адказаць. Ведаю добра адно: нацыянальная культура — самадастатковая, яна неўміручая і будзе развівацца насуперак усяму. Мяркую, больш распаўсюджанай стане «культура на колах», нават для аграгарадоцкіх патрэб. Будзе развівацца пазабюджэтная дзейнасць. Але не абыдзецца і без дзяржаўнай падтрымкі. Сама па сабе культура добра сябе пачувае толькі ў багатых краінах з багатымі жыхарамі.

— Эканоміка культуры можа ўзмацніць эканоміку краіны?

— Калі маюцца на ўвазе грошы, што мы сёння зарабляем, дык пра істотнае ўзмацненне гаворкі не можа весціся. З дзяржаўнага бюджэту на культуру адлічваецца ад трох да васьмі працэнтаў. Нават калі мы кампенсуем гэтыя ўкладанні, ніхто з жыхароў Беларусі гэтага не заўважыць.

Пытанні задавалі Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ, Пётра ВАСІЛЕЎСКІ, Алег КЛІМАЎ, Настасся ПАНКРАТАВА, Яўген РАГІН, Вольга РОПАТ, Аліна САЎЧАНКА, Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Фота аўтара

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"