Пакуль — эскізы

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г

Люстэрка жыцця — мастацтва. І тое, што на чарнобыльскай тэме ў Беларусі пакуль што не паўсталі ні літаратурныя эпапеі, ні манументальныя мастацкія творы, можа сведчыць пра спецыфічнае успрыманне тэмы грамадою.

/i/content/pi/cult/580/12764/13-2.jpgПаводле логікі жыцця і законаў цывілізацыі менавіта пераадоленне крызісных варункаў, якое вымагае з’яднанасці, найбольшай мабілізацыі духоўных і фізічных сіл, здольнасці працаваць і змагацца, як кажуць, “праз не магу”, якраз і робіць чалавека асобай, а натоўп — грамадствам. У мінулым стагоддзі для Беларусі такімі лёсавызначальнымі падзеямі былі дзве сусветныя вайны і Чарнобыль. Урэшце, нарадзілася пакаленне, якое ўспрымае трагічныя падзеі 1986 года, як даўнюю гісторыю. А між тым, Чарнобыль — усё яшчэ надзённасць наша. Праўда, ўсведамляюць гэта хіба спецыялісты сферы аховы здароўя, эколагі, што вядуць маніторынг забруджаных тэрыторый, сацыёлагі і эканамісты, якія аналізуюць наступствы для краіны ў доўгатэрміновай перспектыве.

Так, не было у нашай краіне па вялікім рахунку з нагоды Чарнобыля шырокай творчай плыні, хіба толькі рэфлексіі асобных мастакоў і пісьменнікаў. Сярод найбольш удалых зваротаў да згаданай тэмы варта назваць жывапісны цыкл Міхаіла Савіцкага з відавочным ухілам у рэлігійную містыку, прасякнутыя болем за роднае Палессе карціны Гаўрылы Вашчанкі.

Запамінаецца філасафічнага зместу графіка Георгія Паплаўскага. Былі вартыя ўвагі дыпломныя работы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Ды ўсё ж тэма Чарнобыля ў мастацкім асяродку не набыла ў Беларусі гучання, якое б адпавядала маштабу падзеі. Сёння, калі мы згадваем, што трыццаць год назад выбухнуў Чарнобыль, і з гэтай нагоды ў сталіцы ладзяцца мастацкія імпрэзы, дык на іх дамінуюць дакументальныя карціны, створаныя мастакамі пад непасрэдным уражаннем ад пабачанага на зоне адчужэння адразу пасля выбуху і адсялення людзей.

Выстава ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва так і называецца — “Зямля адчужэння”. Прадстаўлены творы Віктара Шматава, Уладзіміра Кожуха і Віктара Барабанцава. Усе яны наведвалі з творчымі мэтамі раёны Гомельскай вобласці, знаходжанне ў якіх пасля красавіка 1986 года стала небяспечным для здароўя і жыцця. Немагчыма без болю глядзець на зафіксаваныя імі рэаліі зямлі, пакінутай жыхарамі. Жывапіс Шматава — гэта задакументаваныя факты. Мастак дакладна паводле вобразнага ладу і побытавых дэталяў пераводзіў на палатно тое, што бачыў на ўласныя вочы. Кожух трансфармаваў пабачанае ў сімвалічныя вобразы, у якіх, аднак, лёгка прачытваецца рэальная аснова. Барабанцаў жа, маючы схільнасць да метафарычнай выяўленчай мовы, засяродзіўся на абагульненых вобразах, дзе пра зыходную канкрэтыку можна толькі здагадвацца. Увогуле творы ўдзельнікаў так званых чарнобыльскіх пленэраў духам і зместам нагадваюць франтавыя замалёўкі 1941—1945 гадоў старэйшага пакалення мастакоў. Але з тых замалёвак потым нарадзіліся эпахальныя палотны, тым часам як чарнобыльская тэма ў нашым мастацтве засталася на стадыі фіксацыі фактаў.

У Мінскай абласной бібліятэцы імя Аляксандра Пушкіна адкрыецца выстава карцін Алеся Квяткоўскага “Чарнобыльская малітва” . Па словах мастака, яны рабіліся не да сумнай гадавіны. Але трыццацігоддзе катастрофы стала падставай для асэнсавання шляху, кропка адліку якога — Чарнобыль. Прадстаўленыя творы — свайго кшталту фрагменты роздуму пра лёс Радзімы ў трагічных варунках стагоддзя. Назву выставе дала вядомая кніга Святланы Алексіевіч.

Гэтымі ж днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстава “Чарнобыль. Выпрабаванне на трываласць”, дзе экспануюцца дакументы, з якіх відаць, як дзяржава і грамадства працавалі дзеля пераадолення наступстваў катастрофы непасрэдна пасля выбуху. Тут жа кіна- і фотадакументы; літаратура, датычная Чарнобыльскай праблемы, артэфакты, якія адлюстроўваюць эмацыянальны стан дзён. Адначасова са згаданым мерапрыемствам адбылася прэзентацыя новай рэдакцыі навукова-мастацкага альбома “Чарнобыль”. Аўтар-выдавец Дзяніс Раманюк, ён жа браў непасрэдны ўдзел у стварэнні альбома. Да таго ж да справы спрычыніліся эколаг і біёлаг Ігар Бышнёў і фотамастак Анатоль Кляшчук. У канцэптуальным сэнсе Дзяніс Раманюк доўжыць працу ягонага бацькі, выдатнага навукоўца-этнографа і фотамастака. У ягоных творчых работах адчуваецца і ўласны почырк, і эстэтыка Міхася Раманюка, у чыёй аснове — дакументалізм, які робіць фотаздымкі гістарычным дакументам, а таксама засяроджанасць на сутнасным, стрыжнявым чынніку з’явы ці аб’екта.

Не будзе памылкай далучыць, хай сабе і не наўпрост, да чарнобыльскага кантэксту выставу Васіля Зянько “Час як рэнтген” у сталічным Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Выявы на ягоных карцінах нібыта прасвечаныя рэнтгенаўскімі промнямі, так бы мовіць, да костак, да структуры, да сутнасці. На думку мастака, такім “рэнтгенам” для чалавека і ягонага свету з’яўляецца Час, які раней ці пазней ўсё расставіць па сваіх месцах, усяму дае сапраўднае найменне, вызначае цану. Прынамсі, такія думкі прыходзяць, калі глядзіш на выставу ў дні сумнай гадавіны.

Падсумоўваючы агляд мастацкіх акцый, так ці інакш прымеркаваных да трыццатых угодкаў Чарнобылю, магу сказаць, што сёння нам усё яшчэ цяжка асэнсаваць глабальны маштаб таго, што адбылося 26 красавіка 1986 года. Вялікае бачна здалёк. 30 гадоў у дадзеным выпадку — тэрмін невялікі. Ды і Чарнобыль мы, лічы, не аналізуем, а перажываем эмацыйна. А інакш і быць не можа, бо мы ўсе — удзельнікі і сведкі. Значыць не можам глядзець на сваю бяду староннім вокам.

І яшчэ. Я падзяляю думку пра тое, што катастрофа стала для нашай краіны выпрабаваннем на трываласць. Беларусы здалі гэты цяжкі іспыт як паўнавартасная нацыя — годна і мужна. Сёння наш чарнобыльскі досвед — гэта здабытак глабальнай цывілізацыі. Яго аналізуюць ва ўсім свеце, калі здараецца бяда ці ўзнікае падобнага маштабу пагроза.

Помніцца, Рыгор Барадулін назваў беларусаў “эксперыментальным народам у Бога”. Можа, якраз з чарнобыльскага попелу і паўстане новая цывілізацыя, абрысы якой толькі-толькі акрэсліваюцца. Мастакі часта бачаць далей навукоўцаў. Значыць, у перспектыве мы мусім чакаць ад беларускага мастацтва праз асэнсаванне Чарнобыльскай эпапеі новага далягляду і, адпаведна, эпахальных твораў. Пакуль жа мы маем толькі накіды, эскізы…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"