Гледачоў было малавата — у поўнай адпаведнасці з шырынёй распаўсюджвання інфармацыі пра гэту падзею (асабіста я даведалася пра трансляцыю ўсяго за некалькі гадзін да пачатку і пачала ліхаманкава перакройваць планы на вечар пятніцы). Як і дзе анансавалася тая кінатрансляцыя? На сайце кінатэатра “Масква” — гэтак жа, як і іншыя кінапрэм’еры: акцэнтаваўся найперш… “закручаны” сюжэт. Але ж на оперы ходзяць не з-за гэтага! Дый мала каму з меламанаў магло прыйсці ў галаву вывучаць рэпертуар кінатэатра, бо ўсе ранейшыя падобныя паказы былі ў “Цэнтральным”. Упэўнена, гледачоў было б куды больш, калі б ва ўсе трубы трубілі (у тым ліку, і праз навіны на сайце Вялікага тэатра Беларусі — а чаму б і не: папулярызацыя опернай культуры!), што ў пастаноўцы выкарыстаны абсалютна незнаёмыя нам фрагменты з іншай рэдакцыі гэтай оперы. Што аркестр грае на старадаўніх інструментах моцартаўскай эпохі, але без усялякага нафталіну. Што дырыжор Тэадор Курэнтзіс разбівае не толькі стэрэатыпы выканання, але і ўсё наша цяперашняе ўспрыняцце эстэтыкі музычнага класіцызму. А галоўнае, што адну з цэнтральных партый (і нават больш разгорнутую, чым самога Дон Жуана) спявае ўладальніца Гран-пры і прыза глядацкіх сімпатый нядаўняга Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў Надзея Паўлава. І што наша публіка можа ўбачыць яе цяпер не толькі ў канцэртных нумарах, але і ў цэласным спектаклі. І што менавіта наш тэатр, зладзіўшы той конкурс, адкрыў Надзею Паўлаву, вылучаную на “Залатую маску” за партыю доны Анны, не адно для мінчан, але і для сабраных у журы прадзюсараў з усяго свету.
Спектакль, пастаўлены аргенцінскім рэжысёрам Валянцінай Караска, аказаўся больш чым спрэчным. Да дробязяў “правільная” дона Анна ператварылася ў гэткую сцерву з прыкметамі маньяка-забойцы. Юная, цнатлівая сялянка Царліна — у спрактыкаваную спакушальніцу, апантаную помстай. Іх кавалеры — дон Атавіа і Мазэта — у інфантыльных даверлівых хлопчыкаў. Намёкі на такія характары мне даводзілася бачыць у адной заходняй пастаноўцы. Але ў пермскай версіі тонкасць псіхалагічных адценняў адышла на другі план, усе фарбы былі намаляваны плакатнай гуашшу. Бо на першым месцы аказаліся не людзі (а менавіта душэўныя памкненні лепш за ўсё падуладныя музыцы), а лозунг: “Няхай жыве свабода!”.
Нечаканым стаў і ўласна музычны складнік: Моцарт успрымаўся скрозь прызму эстэтыкі Франсіска Гоі, ад серыі афортаў “Капрычас” якога цягнуцца ніці да сучасных кінастрашылак. Класіцысцкі твор быў прачытаны як полістылёвы, з ахопам суцэльнага зрэзу традыцый — ад барока да позняга рамантызму і нават ледзь не джазавай энергетыкі ў асобных пасажах. Але ўсё гэта таксама было прачэрчана не тонкім пэндзлем, а літаральна малярнай кісцю — настолькі гіпертрафавана, каб заўважылі не толькі музыканты, а кожны, каму знаёмая творчасць Моцарта.
Ды толькі музыка ўсё роўна аказалася хіба часткай агульнай фонасферы, як гэта бывае ў драматычным тэатры ці кіно. Да партытуры ўвесь час далучаліся разнастайныя побытавыя гукі: скрыгат вялізных стэлажоў, набітых манекенамі, прарэзлівы “віск” пры размотванні скотча. Дый спевы оперных рэчытатываў часам пераходзілі ў акцёрскае маўленне, аркестравыя ж паўзы, што ірвалі музычную тканіну на кавалачкі-шматкі, успрымаліся тэатральнай цішынёй.
Абмеркаванне трансляцыі таксама можна было выкарыстаць для далейшай папулярызацыі нашага Вялікага тэатра. Увагу оперных заўсёднікаў прыцягнулі б выказванні пра ўбачанае заўважаных у зале нашых салістаў і іншых музычных дзеячаў (а можа, і ўбачаных на экране расійскіх крытыкаў, якія неаднаразова прыязджалі на Мінскі міжнародны Калядны оперны форум).
Відавочна адно: “АРТ Карпарэйшн” застаецца верны сваёй ідэі паказваць у Мінску не шараговыя спектаклі, а тыя, што адкрываюць новыя шляхі, прапаноўваюць прынцыпова іншае стаўленне да традыцыйных рэчаў. Не ўсялякая навінка можа стаць адразу дасканалай — наадварот, даўно заўважана, што шэдэўры ўзнікаюць звычайна не на старце, а на фінішы пэўнага мастацкага кірунку. Таму, як бы мы ні ўспрымалі тое ці іншае мастацкае ноу-хау — са знакам “плюс” ці “мінус”, у кожным ёсць сваё адкрыццё, якое можа і павінна натхніць нашых айчынных творцаў не на паўтор, а на далейшае развіццё самых цікавых закладзеных у яго зерняў. А гледачоў — прывучыць да таго, што тэатр, як і ўсё ў жыцці, можа быць розным. Гэта значыць, зусім не адно такім, якім мы яго сабе ўяўляем.