Далягляды мініпрынту

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

Сталічная галерэя “Універсітэт культуры” вядомая як арт-пляцоўка, дзе звычайна дэманструецца перспектыўнае мастацтва — маладзёжнае альбо эксперыментальнае. Звыклымі для наведвальнікаў галерэі сталі экспазіцыі работ навучэнцаў мастацкіх каледжаў і студэнтаў мастацкіх ВНУ Беларусі і сумежных краін, а таксама сталых творцаў, што шчыруюць у кірунках і стылях, якія ў беларускай культурнай прасторы трактуюцца як не надта ўласцівыя. Нядаўна ў галерэі адбылася выстава сучаснай эстонскай графікі “Miniprint Tallinn”. Гэта культурная акцыя, прэзентацыя якой адбылася ў 2011 годзе, мае, як мне падаецца, папулярызатарскі чыннік.

/i/content/pi/cult/579/12757/13-1.jpg“Miniprint…” не першы год гастралюе па блізкім для Эстоніі замежжы. Пазалетась яна экспанавалася ў Пскове, у 2015-м — у Маскве. Нагадаю, што ў Савецкім Саюзе да эстонскай школы графікі ставіліся з павагай і, дадам — з пэўнай доляй зайздрасці. Справа ў тым, што краіны Балтыі ўвогуле і Эстонія ў прыватнасці былі заходняй вітрынай СССР, тамтэйшым творцам дазвалялася пэўная разняволенасць. Гэтай акалічнасцю эстонцы карысталіся напоўніцу, каб прадэманстраваць сваю псіхалагічную адасобленасць і, калі хочаце, хутарскую ментальнасць, якую яны супрацьпастаўлялі ўніфікацыі, увасобленай у сацыялістычным рэалізме. Такім чынам баранілі ў гэтай рэспубліцы сваю нацыянальную тоеснасць. І, прычым, даволі паспяхова. Так што паважаць іх насамрэч было за што. Падобна на тое, што сёння Эстонія хоча аднавіць на постсавецкай прасторы сваю славу савецкай пары.

Мінская экспазіцыя складаецца са 107 твораў 44 аўтараў. У асноўным гэта графічныя мініяцюры памерам 35 на 30 сантыметраў. Але ёсць і аркушы вялікага памеру. Іх, каб пазбегнуць дысанансу, які візуальна “заб’е” мініпрынты, не развесілі па сценах, а расклалі гарызантальна ў шкляных вітрынах. У кантэксце выставы вялікія аркушы ўспрымаюцца як выніковая мэта, дзеля якой мастакі і ладзяць на малых фарматах эксперыменты з фактурамі, формамі і фарбамі. Цікавая экспазіцыя найперш для тых, хто займаецца друкаванай графікай прафесійна. У залах галерэі падчас работы выставы можна было б нават праводзіць лекцыі для студэнтаў мастацкіх ВНУ на тэму тэхналогій эстампа, традыцыйных і новых. Бо праект насамрэч успрымаецца як прэзентацыя выразных магчымасцей і тэхнічнага патэнцыялу мастацкага друку.

Але, зразумела, гэта не адзіная іпастась дадзенай імпрэзы. Часам хапае эпізоду, фрагменту, каб мець уяўленне пра з’яву ці тэндэнцыю. Гэта выстава, на маю думку, і ёсць такі фрагмент, у якім адбіўся далягляд немалой культурнай прасторы. Тэхнічныя практыкаванні эстонскіх графікаў, якія мы бачылі ў экспазіцыі, наўрад ці можна лічыць паўнавартаснымі творамі. Мабыць, невыпадкова яны групуюцца ў тэматычныя нізкі, бо паасобку аркушам не стае змястоўнасці. Па іх, аднак, відаць, што суб’ектывізм, шматсэнсоўнасць, мудрагельства і рэфлексіўнасць застаюцца важнымі чыннікамі ў творчасці эстонскіх мастакоў. Яшчэ я дадаў бы падкрэсленую скіраванасць на модныя эстэтычныя трэнды. Усё гэта памятна з савецкіх часоў. Можна зрабіць выснову, што прынцыповых, канцэптуальных змен за часы незалежнасці ў гэтым сегменце мастацтва не адбылося; што ў эстонскім мастацтве дамінуе плынь, якая акрэслілася яшчэ ў 1970 гадах. Тады гэта быў знак адметнасці, раскручаны брэнд, свайго роду “фірменны стыль”. Сёння ж у лепшым выпадку — настальгічнае рэтра. Прытым, што сумаваць па СССР у Балтыі не прынята.

Вось я і думаю: гэта праява інерцыі мыслення, альбо напрацоўкі савецкай эпохі так глыбока ўкараніліся ў свядомасць эстонцаў, што сталі для іх знакам нацыянальнага менталітэту і пазачасовай рэчаіснасці? Я, магчыма, памыляюся, але мне падаецца, што арганізатары выставы не ўлічылі тую акалічнасць, што за апошнюю чвэрць стагоддзя мусіла змяніцца не толькі Эстонія, але і ўся прастора, якую, згодна завядзёнцы, усё яшчэ называюць постсавецкай. Таго, што можна было пабачыць на выставе, сёння і ў нас багата. Прычым брэндам ці трэндам яно не лічыцца.

Яшчэ з прагляду эстонскай выставы можна зрабіць выснову, што і ў нашым мастацтве, і ў мастацтве нашых бліжэйшых суседзяў адбіваюцца акалічнасці спантаннага пошуку сваёй дзялянкі ў глабальнай прасторы, віртуальнай і наяўнай. Каб мы зараз павезлі на Захад выставу свайго мастацтва, канцэптуальна аналагічную згаданай эстонскай экспазіцыі, дык нас бы там, хутчэй за ўсё, прынялі за сваіх, але пытанне — ці ўспрынялі б як беларусаў?

Так што цалкам магчыма, што досвед захавання сваёй нацыянальна-культурнай тоеснасці, назапашаны ў эпоху, што скончылася ў 1991 годзе, будзе не лішнім і ў новым часе…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"