Хто дыктуе моду на кнігу?

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

Аддзел камплектавання бібліятэкі: незаўважны і неабходны
Гэтым разам “К” пагутарыла з тымі і пра тых, хто сапраўды застаецца ў ценю праз спецыфіку прафесіі. Аддзел камплектавання — найлепшы прыклад таго, як, здавалася б, нябачная дзейнасць становіцца трывалым падмуркам для магутнай кніжнай сістэмы. Дапамагла разабрацца з “кухняй” камплектавання Вольга ГІЛЬ — загадчык вышэйзгаданага аддзела Мінскай абласной бібліятэкі імя Аляксандра Пушкіна.

/i/content/pi/cult/579/12756/12-1.jpg— Асноўная наша функцыя — гэта камплектаванне бібліятэчнага фонду Мінскай абласной бібліятэкі рознымі відамі дакументаў на разнастайных носьбітах згодна з патрэбамі чытачоў. Акрамя гэтага, мы займаемся улікам дакументаў. Таксама знаёмімся з навінкамі, але, у асноўным, працуем па адной і той жа схеме, выконваем адны і тыя ж дзеянні, і з чытачамі непасрэдных кантактаў не маем. Хаця былі выпадкі, калі да нас прыходзілі карыстальнікі бібліятэкі з просьбай набыць тую ці іншую кнігу. Але часцей да нас звяртаецца з такімі пытаннямі загадчык пэўнага аддзела ўстановы. Таксама мы афармляем падпіску на перыядычныя выданні. Зноў жа праз наш аддзел праходзіць спісанне літаратуры, выключэнне дакументаў з фонду.

Калі ў Нацыянальнай бібліятэцы аддзел камплектавання падзяляецца на спецыялізаваныя пададдзелы, то мы адказваем за ўсе паступленні. Ствараюць бібліяграфічнае апісанне дакумента, сістэматызуюць літаратуру згодна стандарту ў аддзеле апрацоўкі літаратуры і арганізацыі каталогаў. Калі ж параўноўваць абласную ўстанову з раённымі бібліятэкамі, дык там аддзелы камплектавання займаюцца і набыццём літаратуры, і апрацоўкай.

— Як вы лічыце, ці патрэбен агульны аддзел камплектавання ў маштабе дзяржавы?

— Не, у гэтым няма асаблівай патрэбы. У Нацыянальную кніжную палату ўсе выдавецтвы, прыватныя і дзяржаўныя, дасылаюць абавязковыя асобнікі са свайго накладу, спецыялісты іх рэгіструюць і ўключаюць у сістэму дзяржаўных бібліяграфічных паказальнікаў.

— У такім выпадку, ці маюць супрацоўнікі аддзелаў камплектавання Беларусі кантакты паміж сабой?

— Як правіла, у межах вобласці. Паколькі мы Мінская абласная бібліятэка, то выступаем у якасці метадычнага і каардынацыйнага цэнтра для калег з усяго рэгіёна. Публічным бібліятэкам Міншчыны аказваем дапамогу ў пытаннях камплектавання і метадалогіі: улік, захаванасць, рэгістрацыя дакументаў.

— Кантэнт вашай бібліятэкі і любой з раённых у вобласці моцна адрозніваецца?

— Наш фонд — больш універсальны, а ў іх яны арыентаваныя на зону мясцовага абслугоўвання, на свайго жыхара. Сельскія бібліятэкі таксама адрозніваюцца — складам і велічынёй фонда. Кожная кніжніца мае індывідуальную сітуацыю. Напрыклад, калі параўноўваць аб’ём бібліятэчных фондаў (а ў Пушкінскай больш за 670 тысяч адзінак), то прыблізна такі ж фонд у сістэме публічных бібліятэк Маладзечанскага раёна. Але, у асноўным, па колькасці назваў у нас будзе больш дакументаў, таму што фізічна мы маем адну бібліятэку, а па колькасці асобнікаў — наадварот. Калі мы для сябе набываем адно найменне кнігі ў 2 — 3 асобніках, то раёны бяруць 5 — 10 для сваіх філіялаў.

— Як праходзіць сам працэс камплектавання, пачынаючы ад імпульсу “патрэбна пэўная кніга ці дакумент”?

— Як правіла, усе навінкі, у прыватнасці, расійскага рынку, адсочваем самі. Калі нешта выйшла, робім заказ у кнігагандлёвую арганізацыю, нам афармляюць дагавор і рахунак, усё гэта ідзе на аплату ў казначэйства, пасля аплаты тавар прывозяць па накладных. Потым мы ажыццяўляем рэгістрацыю і апрацоўку дакументаў згодна з “Інструкцыяй па ўліку і захаванасці бібліятэчных фондаў у Рэспубліцы Беларусь”. Іншым разам самі з загадчыкамі аддзелаў ходзім на прагляд літаратуры. Што тычыцца беларускіх выдавецтваў, то яны, як правіла, дасылаюць прайс-ліст, а мы апрацоўваем яго кантэнт. Хацелася б, каб кніжныя навінкі выходзілі часцей, а выдавецтвы асаблівую ўвагу звярнулі на стварэнне навукова-папулярнай літаратуры для дзяцей. Скажам, у мінулы раз мы апрацоўвалі прайс выдавецтва “Мастацкая літаратура” ў лістападзе 2015 года, пасля гэтага ў іх выйшла ў свет каля 40 кніжных навінак. З адметнасцяў маем аддзел краязнаўчай літаратуры, які з’яўляецца дэпазітарыем захоўвання менавіта дакументаў пра Мінскую вобласць. Супрацоўнікі дадзенага аддзела рэгулярна звяртаюцца да нас з просьбай набыць літаратуру такога кірунку, якая выйшла малымі тыражамі. У гэтым выпадку мы замаўляем неабходныя выданні ў пэўнай кніжнай краме ці выдавецтве.

— То бок кнігі расійскіх выдавецтваў карыстаюцца большай папулярнасцю?

— Прынамсі мастацкія творы, бо беларускія выдавецтвы прапаноўваюць, у асноўным, айчынную літаратуру, а расійскія — сваю і замежную.

— Падаецца, танней было б самім друкаваць творы замежнікаў?

— Дзесьці на гэтыя працэсы паўплываў крызіс. Фактычна, кошт кніг аднолькавы.

— Для вас прынцыпова, якую кнігу набыць: Бродскага, надрукаванага ў Расіі альбо ў нас?

— Мы будзем глядзець, дзе танней. Калі яна беларуская і каштуе менш, набудзем яе тут.

— А калі ў расійскага выдання лепшая якасць паперы ці яшчэ якая вартасць відавочна выйграе?

— Як у расійскіх, так і ў беларускіх выданнях якасць паперы фактычна аднолькавая. У асноўным мы звяртаем увагу на пераплёт кнігі (цвёрды ці мяккі) і фармат.

— Ці абмяжоўваюць вас па цэнах?

— Не. Мы возьмем нават вельмі дарагую кнігу, калі яна сапраўды патрэбная ў фондзе, нават у некалькіх асобніках.

— А як вызначаецца, што яна сапраўды патрэбная?

— Тут мы глядзім анатацыю, змест. І ўлічваем попыт. Калі карыстальнікі бібліятэкі сапраўды пра кнігу пытаюцца, то факт набыцця нават не будзе абмяркоўвацца.

— Ці былі ў вас выпадкі, калі дакумент было знайсці складана?

— Такія выпадкі здараюцца, калі, напрыклад, прыходзяць запыты на вельмі старыя выданні: галіновую і навукова-папулярную літаратуру, якой, на жаль, няма ў фондзе і яна не перавыдавалася.

— А што зараз асабліва цікава людзям?

— Мы праводзім аналіз чытацкага попыту. Глядзім па кнігавыдачы, сочым, што карыстаецца асаблівай папулярнасцю, і прыблізна такой тэматыкі кнігі і набываем. З апошняга — Харпер Лі. Існуе тэндэнцыя, якую ўмоўна называюць, як толькі — дык адразу (маецца на ўвазе скон аўтара). Альбо Алексіевіч “прагрымела” з Нобелеўскай прэміяй — і на яе попыт пайшоў неверагодны. Але асобнікаў нам хапіла. Ёсць яшчэ прыкмета: людзі прыходзяць па кнігу пасля якаснай экранізацыі. Так масава перачытваўся і Фіцджэральд, і Булгакаў. Зараз моду вельмі ўпэўнена дыктуюць інтэрнэт-рэйтынгі. А са шматгадовых назіранняў нічога асаблівага вылучыць нельга, бо выбар кнігі залежыць ад густу канкрэтнага чытача. Калі чалавек чытае Данцову ці Марыніну, то і будзе іх выбіраць далей. Дарэчы, зараз жаночыя раманы і дэтэктывы фармату покет-бук сталі значна больш прыстойнымі.

— Ці можна ўсё ж такі вам як супрацоўнікам аддзела камплектавання паўплываць на развіццё і выхаванне літаратурнага густу ў чытача?

— Наўрад ці. Гэтым трэба пачынаць займацца значна раней. Мы ўжо ніякага ўплыву не маем, бо з’яўляемся надта позняй інстанцыяй у жыцці дарослага чалавека. Такімі пытаннямі трэба займацца з дзяцінства.

— А прынцыпова не закупаць нізкапробную літаратуру вы можаце?

— Тэарэтычна можам і не закупаць, а з іншага боку — менавіта так страцім вялікі працэнт сваіх наведвальнікаў. Унутрана часам мы не згодныя з чытачом, але ён заўсёды мае рацыю, бо бібліятэка — гэта сфера паслуг, і супрацоўнікі абавязаны задаволіць попыт кожнага. Згодна з законам Республікі Беларусь “Аб бібліятэчнай справе”, адной з асноўных задач бібліятэкі з’яўляецца забеспячэнне бiблiятэчнага, iнфармацыйнага i даведачна-бiблiяграфiчнага абслугоўвання карыстальнiкаў бiблiятэк з улiкам iх патрэб.

— Раскажыце, якую літаратуру вы спісваеце і што з ёй адбываецца?

— Мы спісваем на макулатуру дакументы, што састарэлі фізічна або па змесце. Гэта тычыцца, напрыклад, галіновай літаратуры, бо прагрэс не стаіць на месцы, асабліва ў галіне праграмавання. Перыёдыку таксама спісваем па заканчэнні тэрміну захоўвання. Пераўлік фонду мы робім рэгулярна, але выключаем не так шмат. Наш бібліятэчны фонд налічвае 678 тысяч асобнікаў разнастайных відаў дакументаў — кніг, перыёдыкі, электронных і аўдыявізуальных узораў, карт, нот. У мінулым годзе паступіла 11 тысяч адзінак, спісалі мы 16 тысяч менавіта за кошт перыёдыкі.

— Ці адчуваеце выпрабаванні ў сваёй нялёгкай і важнай рабоце?

— Бывае. Часам узнікаюць пытанні юрыдычнага і бухгалтарскага характару. Фінансуюць камплектаванне фонду бібліятэк у адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта краіны не менш як на 15% ад сумы, прызначанай для ўсёй установы. Згодна вылучаным сродкам мы стараемся якасна і паўнавартасна камплектаваць фонд.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст